-Як зімаваць будзем?
Менавіта такое пытанне мы задалі пры сустрэчы дырэктару дзяржаўнага раённага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі У. Г. КУЗНЯЦОВУ.
-Спадзяюся на лепшае, — гаворыць Уладзімір Генадзьевіч, — аднак не трэба спакушаць лёс — зіма можа паднесці любы нечаканы сюрпрыз. Па крайняй меры, наша служба падрыхтавалася да ацяпляльнага сезону грунтоўна.
-А канкрэтна?
-Праведзены прафілактычны рамонт абсталявання ўсіх 19 кацельняў, якія знаходзяцца на балансе, чатырох цэнтральных цеплавых пунктаў, праведзена ачыстка ўнутранай паверхні чатырох катлоў, шасці бойлерных, выкананы гідраўлічныя выпрабаванні больш шасцідзесяці кіламетраў цеплавых сетак. На працягу амаль трох кіламетраў старыя трубы заменены на папярэднеізаляваныя.
На цэнтральнай кацельні будуць зманціраваны новыя энергазберагаючыя помпы, што дазволіць значна знізіць расход электраэнергіі.
Акрамя таго, упарадкавана 69 цеплапунктаў, капітальна адрамантаваны кацёл на цэнтральнай кацельні, даведзена да ладу абмуроўка перадтопкі і газаходу катла ДКВР на гейжанаўскай кацельні. У кацельні аграгарадка Бігосава заменены газавыя гарэлкі і шнэкі.
-Жыллёвы фонд увагай не абмінулі?
-Ні ў якім разе. Прафілактычны рамонт і прамыўка ўнутрыдавамых ацяпляльных сетак праведзены ў 120 збудаваннях. Выканана герметызацыя 1500 метраў швоў-стыкаў сценавых панэляў, адрамантавана 7,5 кубічных метраў цеплавой ізаляцыі ў жылых памяшканнях і тры ацяпляльныя печы.
-Восенню з «гарачых» кранаў цякла ледзь цёпленькая вадзіца. Тым не менш, аднойчы на пад’ездах шматкватэрных дамоў з’явілася аб’ява: «Просім прабачэння за адсутнасць сёння гарачага водазабеспячэння». І жыхары адрэагавалі: дапоўнілі тэкст пытаннем — а яно было? Ці не здарыцца падобнае зноў?
-Справа ў тым, што плюсавая тэмпература вонкавага паветра не дазваляла запусціць кацельню на поўную магутнасць. Цяпер справа іншая. Падстаў для скаргаў няма і, думаю, не будзе. Бо палівам кацельня забяспечана.
-Дарэчы, як выкарыстоўваюцца ў раёне яго мясцовыя віды?
-За студзень-кастрычнік бягучага года нарыхтавана 21421,6 кубаметра трэсак, 16317,7 кубаметра дроў. Доля выкарыстання мясцовых энерганосьбітаў складае 76-80%.
-Апошнім часам усё часцей гучаць скаргі на засмечанасць пад’ездаў…
-Проста не хапае работнікаў для падтрымання парадку ў пад’ездах і на прыдамавых тэрыторыях. Хацелася б, каб жыхары паводзілі сябе больш акуратна і не кідалі смецце дзе папала.
-І яшчэ аб смецці. Далёка не ўсім падабаецца ўсталяваны парадак яго збірання.
-Зараз праводзім апытанне жыхароў: які графік работы спецмашын іх больш задавальняе. Улічым усе заўвагі. Акрамя таго, дадаткова закупім 37 кантэйнераў для раздзельнага збору бытавых адходаў.
-Зіма паступова ўступае ў свае правы. Абавязкова прыйдуць маразы, насыпле снегу…
-Напагатове 4 адзінкі снегаўборачнай тэхнікі (трактары са шчоткамі, бульдозер, грэйдзер), пагрузчык, трактары і самазвал для вывазкі ападкаў.
Назапашана 80 тон процівагалалёдных матэрыялаў (пясчана-солевай сумесі) пры плане 40 тон.
-Няўжо няма нявырашаных пытанняў?
-Дзе там! Праблемнай з’яўляецца рэканструкцыя кацельні лазне-пральнага камбіната. Яе катлы забаронены Дзяржпрамнаглядам да эксплуатацыі.
Недахоп сродкаў стрымлівае праектаванне аб’екта «Аптымізацыя сістэмы цеплазабеспячэння ў г. Верхнядзвінску з ліквідацыяй перакачваючай помпавай станцыі». Між тым рэалізацыя праекта дазволіла б істотна палепшыць падачу цеплавой энергіі ў так званы «стары горад», на аб’екты сацыяльнай сферы, у жылы фонд, адміністрацыйныя будынкі. У сувязі з недахопам фінансавання жылкамунгас не можа працаваць на папярэджанне аварыйных сітуацый, стварыць мінімальны запас матэрыялаў і камплектуючых вырабаў, упарадкаваць павеці для захоўвання дроў. Па гэтай жа прычыне адкладваецца рамонт будынкаў кацельняў у Сар’і, Бігосаве, ПМС г.п. Асвея. Сваіх жа ўласных сродкаў толькі за мінулы ацяпляльны перыяд затрачана на розныя патрэбы 1 млрд 232 млн рублёў.
Тым не менш, будзем рабіць усё магчымае, каб насельніцтва адчувала сябе ўтульна ў дамах і кватэрах, а прадпрыемствы і арганізацыі працавалі ў звычайным рэжыме, нягледзячы на любое надвор’е.
-Жадаем поспехаў.
М. КАТКОЎ.