Традыцыйныя лютаўскія ўгодкі памяці благаслаўлёных пакутнікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры адбыліся ў Росіцы.
Сёлета дзень памяці росіцкіх святароў быў адметны тым, што праходзіў у аб’яўлены каталіцкім касцёлам Год кансэкраванага жыцця, што азначае — жыцця, прысвечанага Богу. Таму ра-зам са шматлікімі вернікамі з розных куткоў Беларусі сюды прыбыла вялікая колькасць духоўных асоб. Па рашэнні біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча менавіта ў Росіцы яны закліканы былі аднавіць абеты вернасці пакліканню. “Гэта месца, акропленае крывёю манахаў-мучанікаў, найлепшым чынам адпавядае духу кансэкраванага жыцця, па сваёй сутнасці прызначанага ахвярнаму служэнню Богу і людзям”,- гаварылася ў пасланні іерарха. Аб сутнасці святарскага і манаскага пакліканняў расказаў вернікам падчас канферэнцыі ксёндз Міхаіл Цвячкоўскі. Весці высокадухоўнае жыццё павінны імкнуцца не толькі святары і законнікі, але ўсе, хто хоча дасягнуць Божага валадарства.
Вітаючы гасцей, гаспадар святыні айцец Чэслаў Курэчка заклікаў маліцца за навяртанне да веры сваёй і ўсіх людей, а таксама за мір і супакой для свету, у якіх ён мае асаблівую патрэбу. Святую Імшу ў памяць аб росіцкіх пакутніках узначаліў Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз-прэлат Францішак Кісель. У прамове да вернікаў айцец Марэк Пасют адзначыў, што духоўныя асобы шчаслівыя знаходзіцца ў месцы жывога сведчання любові да Бога. Задача святарства – абудзіць свет сваім служэннем, не шкадуючы жыцця, гарэць у імя любові да Хрыста і людзей. Росіцкія пакутнікі – прыклад такога служэння, з гэтага месца чэрпаецца моц веры і любові, каб разыйсціся па ўсёй дыяцэзіі.
Падчас Імшы вернікі заўважылі ў гушчыні народа ля ўваходу ў святыню чалавека ў пастырскім аддзенні. Калі ўгледзеліся ў госця, расступіліся, уражаныя неспадзяванай сустрэчай. Разам з вернікамі ў касцёле маліўся Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Айцец Чэслаў з радасным здзіўленнем выйшаў насустрач высокаму госцю.
— Я прыехаў сюды інкогніта дзеля таго, што хацеў быць звычайным пілігрымам — адным з вас,- сказаў прадстаўнік Ватыкана ў Беларусі.- Бо пілігрымка — добрая форма роўнасці. Мы аднолькавыя перад Богам на гэтым шляху, усе патрабуем Божай міласэрнасці. І прыехалі сюды дзеля росіцкіх пакутнікаў, якія загінулі са сваёй паствай. Я не магу пра гэта спакойна думаць: як гэта магчыма, каб настолькі з’яднацца з людзьмі, што адмовіцца ад уласнага жыцця? Няўжо гэта не тое, да чаго заклікае нас Бог?! Ці ёсць большае сведчанне з’яднання з народам, чым мучаніцтва за гэты народ і разам з ім?! Безумоўна, гэтыя святыя маюць вялікі ўдзел у будаванні гісторыі свайго народа. Праз іх заступніцтва і мы хочам быць часткай гэтага народа – не ўладарамі, а простай часткай аж да апошняга ўздыху.
Клаўдыё Гуджэроцці паведаміў, што чатыры дні таму быў у Папы Рымскага, які даручыў іерарху завезці народу Беларусі сваё благаслаўленне. Пасланнік Святога Прастола выканаў даручэнне, надзяліўшы прысутных і цераз іх усіх людзей гэтага краю пастырскім благаслаўленнем.
Апостальскі Нунцый прыняў удзел у працэсіі да месца гібелі росіцкіх пакутнікаў, дзе памаліўся і ўшанаваў усталяваны там крыж.
Айцец Чэслаў прадставіў арцыбіскупу Валянціну Марцінкевіч – сведку Росіцкай трагедыі, якая расказала аб падзеях, што адбыліся ў лютым 1943 года, святарскім служэнні і подзвігу Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры. Клаўдыё Гуджэроцці папрасіў у яе вершы і ўспаміны, каб расказаць аб іх Святому Айцу.
Разважаючы над росіцкімі падзеямі, іерарх заўважыў: “ Якім вялікім можа быць варварства людзей, але наколькі магутней любоў Бога і вернасць чалавека, які прымае гэту любоў”.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.
Фота Ларысы ЗАЙЦАВАЙ.