Урачыстыя лінейкі, прысвечаныя апошняму школьнаму званку, прайшлі ва ўсіх установах адукацыі раёна.
Шмат званкоў прагучала на працягу адзінаццаці школьных гадоў. І кожны быў асобным – клікаў на ўрок і абвяшчаў аб яго заканчэнні, запрашаў да любімага настаўніка і дапамагаў, калі зусім не хацелася ісці да дошкі… І вось прыйшоў час, калі ён прагучаў для выпускнікоў, абвясціўшы аб тым, што цудоўны час дзяцінства скончыўся і наперадзе – дарослае жыццё, у якім самастойна прыйдзецца прымаць рашэнні і адказваць за іх. І побач ужо няма настаўніка, які на працягу столькіх гадоў быў заўсёды гатовы дапамагчы, параіць і падтрымаць.
Са святам навучэнцаў, іх бацькоў, настаўнікаў і гасцей павіншаваў дырэктар Прыдзвінска-Бароўскай сярэдняй школы С. П. Драздоў. Наперадзе, адзначыў ён, летнія канікулы, падчас якіх дзеці адпачнуць, у тым ліку і ў школьным лагеры, а для выпускнікоў настае напружаны час экзаменаў.
На працягу навучальнага года выхаванцы школы ўдзельнічалі ў разнастайных алімпіядах і конкурсах, фестывалях, спартыўных спаборніцтвах і падчас лінейкі ім былі ўручаны заслужаныя дыпломы і граматы.
На свята прыехалі госці – С. В. Аблец, старшыня Бялькоўшчынскага сельскага выка-наўчага камітэта, Д. І. Абуховіч, галоўны інжынер райаграсервісу, А. Т. Тамашэвіч, дырэктар СП “Верхнядзвінскі”, П. П. Лаўрынаў, дырэктар масласырзавода, А. І. Шастакоў, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх, настаяцель Свята-Еўфрасіньеўскай царквы айцец Уладзімір.
Яны павіншавалі наву-чэнцаў з заканчэннем вучэбнага года, пажадалі выпускнікам паспяховай здачы экзаменаў і паступлення ў вышэйшыя і сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы.
Ужо стала традыцыйнай акцыя “Падары мяч першакласніку”, і самым маленькім удзельнікам лінейкі “спартыўны” падарунак уру-чыў выпускнік, лепшы спартсмен школы і неаднаразовы прызёр раённых і абласных спаборніцтваў на прыз “Залатая шайба” Дзяніс Корбут.
На свяце апошняга званка хапала цёплых слоў і пажаданняў, хвалявання вы-пускнікоў і іх бацькоў. А якімі кранаючымі момантамі сталі школьны вальс у выкананні адзінаццацікласнікаў, хвалюючыя словы бацькоў і настаўнікаў, пажаданні першакласнікаў і ўзмыўшыя ў блакітнае неба рознакаляровыя шары, як сімвал растання з дзяцінствам і надзеяй на самае добрае ў дарослым жыцці!
І вось у выкананні выпускніка Цімура Грыбоўскага і першакласніцы Аляксандры Грыбоўскай прагучаў апошні званок. У добры шлях, выпускнікі!
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.