Унікальны майстар стварае карціны на дрэве

Актуально Общество

Унікальныя карціны на дрэве стварае майстар-самародак з Гаўрыліна Валянцін Фадзеевіч ШЛЯХТО.

IMG_0473 копия 3

Кожны, хто хаця б аднойчы ўбачыў гэтыя незвычайныя творы, замірае перад імі ў захапленні. Праніклівыя сюжэты, заварожваючыя фарбы, таленавітае выкананне. Але самае неверагоднае – гэтыя карціны не намаляваны пэндзлем ці алоўкам, яны выра-заны з дрэва! Усё да найменшых дэталяў выйшла з-пад разца майстра і вылілася ў непаўторныя палотны, ад якіх немагчыма адвесці вачэй.
Мы сустрэліся з мастаком у яго невялікай майстэрні ў Гаўрыліна, дзе ён працаваў над сваёй чарговай работай. На вялікай драўлянай аснове – абрысы прыгожай жанчыны, якая прысела з кошыкам на лаўку ля дома. “Год назад пайшла з жыцця мая жонка, — уздыхае Валянцін Фадзеевіч, — вось зраблю для дачкі партрэт на памяць”.

IMG_0435
Нягледзячы на ўзрост, а ў наступным годзе яму споўніцца восемдзесят, мужчына захоўвае бадзёрасць, зоркі позірк і моц у руках, якія нястомна працуюць з разцом. Такая жыццёвая стойкасць характэрна для людзей ваеннага пакалення, якія вынеслі шмат выпрабаванняў.
Валянціну не было і года, як памёр бацька. Яны з маці жылі ў вёсцы Ляхава Себежскага раёна – непадалёк ад гэтых мясцін. Трапілі пад карніцкую аперацыю – у 7 гадоў хлопчык стаў вязнем фашысцкага лагера Саласпілс. Адтуль яго забралі парабкам на латышскі хутар.
Маці знайшла сына адразу пасля вызвалення. Вярнуліся ў родныя мясціны, тры гады жылі ў зямлянцы, перанеслі і голад, і холад. Валянцін пайшоў у першы клас толькі ў 13 гадоў і скончыў усяго 5 класаў.
Творчыя здольнасці выявіліся яшчэ ў дзяцінстве. Маляваў так, што нават у пасляваеннай сельскай школе гаварылі аб выключным таленце і адпраўлялі яго работы на абласныя выставы. Канешне, калі б мог пайсці вучыцца ў мастацкае вучылішча, напэўна, стаў бы вядомым творцам. Але трэба было зарабляць на жыццё, і ён паехаў да дзядзькі ў Рыгу, дзе ўладкаваўся памочнікам бондара. Навучыўся і будаваць, і сталярнічаць. Адслужыў у арміі таксама ў Латвіі, ажаніўся і прыехаў жыць у Беларусь.
З гэтымі асвейскімі мясцінамі звязана ўсё яго дарослае жыццё. Працаваў вадзіцелем, будаўніком, наймаўся ўзводзіць дачы, зладзіў і ўласны дом з усімі прыбудовамі. На працягу 9 гадоў быў лесніком на тэрыторыі Кургана Дружбы. Наглядчыцай тут працавала жонка. А кожную вольную хвіліну ішоў у майстэрню і браў у рукі разец.
Ідэя вырабляць карціны з дрэва прыйшла падчас армейскай службы, калі ўбачыў у Рызе прыгожы гіпсавы барэльеф. Валянцін у думках нібы паўтараў тонкія скульптурныя лініі — ён быў упэўнены, што можа зрабіць падобнае сам. Але ў вясковага юнака не мелася ні патрэбнага матэрыялу, ні інструмента. І ён звярнуўся да таго, што было даступна, – дрэва. А дакладней – ліпы, бо яна мае самую мяккую і падатлівую тэкстуру. Нарыхтаваў драўніну, абцясаў, склеіў “палатно”. Спачатку “выразаў” на дрэве сюжэт , а затым распісваў яго гуашавамі фарбамі. Так стварыў першую сваю карціну – ікону Мадонны з Дзіцяткам. Яна і сёння знаходзіцца ў доме Валянціна Фадзеевіча, уражваючы сваёй дасканалай прыгажосцю.
З тае пары ім свораны дзесяткі ўнікальных карцін, якія разыйшліся па свеце ад Беларусі да Уладзівастока. На якія толькі выставы ні прасілі яго работы! Прыязджалі мастацтвазнаўцы і карэспандэнты, дзівіліся, бралі творы на розныя паказы. Але большасць карцін так і не вярнулася назад. За некаторыя заплацілі сякія-такія грошы, а іншыя зніклі ў невядомым напрамку. Многія карціны аўтар падарыў знаёмым, драўляны барэльеф мастака ёсць і ў музеі Кургана Дружбы.
У доме творцы мы ўбачылі каля дзесятка работ. Уражанне такое, нібы пабывалі ў мастацкай галерэі. Сюжэты Шляхто выбірае па натхненні – вядомыя, як “Паляўнічыя на прывале” ці “Алёнушка”, і свае – “Пушкін і Ганчарова”, “Напалеон”, “Паляўнічы з дабычай”, “Коні”, “Русалка”, пейзажы. Але якія гэта работы! Не толькі фігуры, дрэвы, кветкі, звяры і птушкі, але любы выраз твару, асаблівасць мімікі, кожныя лісточак і травінка нібы адухоўлены і выразаны з бездакорнай дакладнасцю. Тут спалучаюцца мастацкая вобразнасць і тэхнічная дасканаласць, якія робяць гэтыя карціны сапраўднымі шэдэўрамі народнай творчасці.
Работа над “драўлянымі” карцінамі настолькі карпатлівая, што на адну майстар затрачвае не менш чатырох месяцаў. А калі палатно больш складанае – то і цэлы год. Але ў яго хапае і цярпення, і сіл, бо гэта – прызванне, талент, дадзены Богам.
Летам у Валянціна Фадзеевіча госцяць дачка з мужам і двое ўнукаў. Дзядуля задаволены, што старэйшы ўнук мае здольнасці да мастацкай творчасці і пераймае яго рамяство. Яно ўнікальнае – нідзе больш не сустрэнеш такіх незвычайных твораў, якія ўвасабляюць у сабе ўсю глыбіню беларускай культуры і неабсяжны талент нашага народа.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *