У ААТ “Шайцерава” гадуюцца 776 дойных кароў, 145 бычкоў і шмат цялушак. На выпасе ўтрымліваюцца дойныя каровы, а таксама статак нецеляў.
-Кожны статак абслугоўваюць тры даяркі (дзве асноўныя і адна падменная), — расказвае галоўны заатэхнік Святлана Судакова. — Тры пастухі выпасаюць кароў кругласутачна. За кожным статкам замацаваны трактарысты для падвозу вады і адвозу малака. Замацавана і машына, якая прывозіць даярак на выпас тры разы ў дзень. У кожным лагеры малакаправод. Персанал забяспечаны ўсім неабходным інструментам і прыладамі.
Калі мы прыехалі ў «Матулева», то ўбачылі, што ўсе каровы ўтрымліваюцца ў добрых умовах і сілкуюцца сакавітай, не перарослай травой. Дойка праходзіць па ўсіх правілах. Каб даярка ведала колькасць і якасць малака пасля яе, малако паступае ў асобную ёмістасць.
Усе групы кароў выпасваюць на культурных пашах сямі кампанентаў, бо вядома, чым разнастайней травы, тым лепш малако.
Жывёла, якая застаецца на комплексе, а гэта толькі маладняк, сілкуецца прывазной зялёнай масай і камбікормам.
Надоі ў гаспадарцы за суткі складаюць 24 літры на галаву. Усяго за паўгода здадзена дзяржаве 2493 тоны малака. 56% – сортам “экстра”.
Народная мудрасць сцвярджае, што малако ў каровы на языку. Іншымі словамі, колькасць і якасць прадукцыі залежыць ад кармлення.
З нарыхтоўкай кармоў у гэтым годзе гаспадарка спраўляецца добра. Ужо на сённяшні дзень сенажу закладзена больш, чым у мінулым годзе на той жа час. На умоўную галаву нарыхтавана 15,72 цэнтнера к/адз.
Гаспадарка сваімі сіламі вядзе рэканструкцыю фермы ў Міхайлова. Будзе ўсталяваны сучасны малакаправод, зроблена вентыляцыя. Пасля пашавага перыяду 100 буронак прыйдзе ў новае памяшканне.
Ілона ПЫЖОВА.
НА ЗДЫМКАХ: аператары машыннага даення ААТ «Шайцерава» А. П. Сы-рэвіч, Т. В. Шыманская; А. П. Сырэвіч за работай.
Фота аўтара.