Шмат наведвальнікаў збіраюць творчыя выставы майстроў клуба “Умелыя ручкі”, што працуе пры Каханавіцкім СДК.
Вось і сярод сельскіх дворыкаў сельсаветаў, што раскінуліся ў гарадскім парку падчас Дня горада, каханавіцкі вылучаўся адмысловымі вырабамі. Былі тут вышываныя бісерам прыгожыя іконы, тканыя абрусы і сурвэткі, вязаныя рэчы майстрыцы Наталлі Дзятлавай, вырабленыя з паперы і стылізаваныя пад народныя промыслы кошыкі, шкатулкі і нават каларытны млын майстра Марыны Макеенак, іншыя дзівосныя творы.
Як расказала дырэктар Каханавіцкага СДК Валянціна Лапатачкіна, гурток наведваюць аматары рамесніцтва розных узростаў — 5 дарослых і 10 дзяцей. Яны асвойваюць тэхніку вязання, вышыўкі, бісерапляцення, арыгамі і іншых папулярных промыслаў. Атрымліваецца выдатна: выставы карыстаюцца поспехам як на вясковых святах, так і раённых мерапрыемствах. У планах гуртка – творчыя выставы-кірмашы, на якіх жадаючыя змогуць набыць вырабы народных майстроў.
С. АЛЯКСАНДРАВА.
НА ЗДЫМКУ: В. Лапатачкіна і Н. Дзятлава з вырабамі гуртка “Умелыя ручкі”.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.