У рамках рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” у аграгарадку Лявонішана прайшло раённае свята “Наша хата ўсім багата”.
Пазмагацца за ганаровае званне “Уладар сяла” сюды прыехалі сем’і Заталокіных з Асвеі, Салавых з Антонава, Цвяцінскіх з Лявонішана, Размысловіч з Нурава і Часнавіцкіх з Шайцерава.
Ацэньвала канкурсантаў журы, у якое ўвайшлі І.Ф. Козел, старшыня раённага Савета дэпутатаў, Т.В. Севалкіна, намеснік старшыні райвыканкама, Н.А. Масквічова, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Ч.Г. Вайцяхоўскі, старшыня Дзёрнавіцкага Сельскага савета, А.У.Зуй, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК, Ж.Л. Тарлецкая, дырэктар СП “Лявонішана”, а таксама Р.А. Курылёнак — пераможца раённага, абласнога этапаў конкурсу і прызёр рэспубліканскага праекта “Уладар сяла-2014”.
Пачаўся конкурс з “Візітнай карткі” – кожная сям’я расказвала аб сваіх захапленнях, дасягненнях і традыцыях у розных формах: вершах, песнях, аповедах.
А як гасцінна запрашалі ўдзельнікі свята гасцей да сталоў і ад усяго сэрца частавалі разнастайнымі прысмакамі! Ды не проста частавалі, а праводзілі латарэі, прэзентавалі дасягненні сямейнай творчасці. Заставалася толькі парадавацца і хлебасольным гаспадарам, і разнастайнасці іх захапленняў — шмат-лікія стравы былі не толькі смачнымі, але і прывабна ўпрыгожанымі.
Конкурс “Па дровы” патрабаваў ад удзельнікаў спрыту, хуткасці і зладжанасці – гаспадары з гаспадынямі дружна пілавалі дровы, секлі іх і складвалі. Справіліся з заданнем усе на выдатна.
Гэтак жа дружна запрагалі і распрагалі каня падчас конкурсу “Святочны воз”. Справа гэта мужчынская, але, як паказала выпрабаванне, няма нічога такога, што было б не па сілах беларускай жанчыне.
Напэўна, самымі вясёлымі і відовішчнымі атрымаліся эстафеты. Яны вызначылі, што нашы сем’і не толькі спартыўныя, але і дружныя. Узаемадапамога і гумар дапамаглі ўдзельнікам справіцца з усімі этапамі выпрабаванняў. Гаспадары спрытна бегалі з чыгунком і карамыслам з вёдрамі, а гаспадыні лоўка забівалі цвікі ў палена. Разам амаль прафесіянальна заганялі бульбу ў імправізаваную лунку і збівалі ёй жа кеглі з лаўкі. Усе без выключэння мужчыны справіліся са спавіваннем лялькі, а таксама крыху рамантычным выпрабаваннем: падараваўшы жонкам букет кветак – неслі сваіх суджаных да фінішу на руках.
Мужчына на кухні – выдатны памочнік! І гэта пацвердзіў конкурс “Сялянскія прысмакі”, падчас якога моцная палова выдатна церла бульбу, пачышчаную іх жонкамі (відаць было, што справа для іх звычайная), і разам жа завіхаліся ля патэльняў, дапамагалі ўпрыгожваць смачныя дранікі на талерках. Больш таго, паспявалі і займаць дзяцей. Адным словам, былі сапраўднымі мужчынамі!
Час праляцеў непрыкметна, а колькі прыемных эмоцый ён падарыў усім удзельнікам свята! А галоўнае – пачуццё гонару за тое, што ў нашых вёсках жывуць такія цудоўныя, дружныя і творчыя сем’і.
Падводзячы вынікі конкурсу, І. Ф. Козел падзякавала ўсім удзельнікам за добры настрой, які яны падаравалі прысутным.
-Пераможцу нам было вельмі цяжка вызначыць, — адзначыла Ірына Францаўна. — Улічвалі, акрамя іншага, і відэаролікі “Лепшы сялянскі падворак». Розніца ў балах за конкурсы аказалася вельмі невялікай — усе паказалі сябе творчымі і актыўнымі, але пераможца можа быць толькі адзін.
Дыпломам у намінацыі “Уладар добрага настрою” узнагароджана сям’я Аляксандра і Яны Часнавіцкіх. Арцём і Святлана Цвяцінскія сталі перможцамі ў намінацыі “Уладар прысмакаў” . Асобны прыз сям’я атрымала ад райкама прафсаюзаў работнікаў АПК. “Уладаром подвор’я” сталі Раман і Юлія Размысловічы. Сям’я Заталокіных атрымала дыплом у намінацыі “Уладар дабрабыту”.
А пераможцамі сталі Руслан і Таццяна Салавы. Стужку “Уладар сяла-2015” сям’і павязала пераможца мінулага года Раіса Курылёнак.
Усе канкурсанты атрымалі падарункі і шчырыя апладысменты гледачоў.
Прыз пераможцам прадаставіла грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”, асобны падарунак сям’я Салавых атрымала ад СП “Асвейскі” – у двары Дома культуры іх чакала… авечка.
— Гэтая перамога стала для нас сапраўднай нечаканасцю, — прызналася Таццяна. – Мы не разлічвалі на такі вынік і пастараемся дастойна выступіць на абласным этапе конкурсу.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота аўтара.
Абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”адбудзецца сёння ў 10 гадзін у раённым Доме культуры і каля гарадскога стадыёна. Запрашаем усіх жадаючых атрымаць добры настрой і падтрымаць сям’ю Руслана і Таццяны Салавых.