Хлебапрыёмны пункт прыняў рэкордную колькасць збожжа

Актуально Экономика

Тэхнік-лабарант А.Я. Шэвярновіч з памочніцамі Дыянай Піцюковай і Марынай Куксёнак.
Тэхнік-лабарант А.Я. Шэвярновіч з памочніцамі Дыянай Піцюковай і Марынай Куксёнак.

Раён выканаў дзяржзаказ па здачы збожжа ў рэкордна кароткі тэрмін – за 9 дзён.

Незвычайна высокі ўраджай зерневых, які вырасцілі сёлета хлебаробы, дазволіў хутка разлічыцца з дзяржавай – план у 8800 тон выкананы да 15 жніўня. На Верхнядзвінскім вытворчым участку Полацкага камбіната хлебапрадуктаў пацішэла – да сушылкі выстраілася чарга “усяго” з дзесятка машын.
-А было ж так, што ў дзень прымалі па 1800 тон зерня,- расказвае загадчык вагавай гаспадаркі Марыя Канстанцінаўна Карнавухава. – Ледзь паспявалі разгружаць. На таку высіліся горы збожжа. Участак працаваў амаль што кругласутачна.
Сёлетні “час пік” выдаўся, сапраўды, экстрэмальным – спякота ў 35 градусаў, хуткія тэмпы жніва, велізарны наплыў збожжа – абставіны прымушалі прыёмшчыкаў і сушыльшчыкаў працаваць у надзвычайным рэжыме. Балазе, на ўчастку створаны належныя ўмовы работы, ёсць пакой адпачынку і душавыя кабіны, якія ратавалі ад пылу і гарачыні.

Сушыльшчык  Уладзімір Корбут.
Сушыльшчык Уладзімір Корбут.

Увогуле, галоўны зерняток раёна добра падрыхтаваны да прыёму і захоўвання збожжа. Памяшканні загадзя вычышчаны, вымыты, пабелены, прадызенфіцыраваны. Для дапрацоўкі збожжа прызначаны дзве сушылкі. Мясцовыя майст-ры пастараліся наладзіць і адрэгуляваць іх так, каб забяспечвалі бесперабойную работу.

Начальнік участка У.М. Сакалоўскі.
Начальнік участка У.М. Сакалоўскі.

Начальнік участка У.М. Са-калоўскі расказвае, што тут працуюць правераныя і надзейныя людзі. Штат складае 11 чалавек, але на гарачы сезон прынята яшчэ каля дзесятка работнікаў.
Асабліва важнае звяно ў ланцужку поле-зерняток – дастаўка збожжа з сельскіх гаспадарак. Гэтай справай займаліся як мясцовыя вадзіцелі, так і перавозчыкі, нанятыя камбінатам хлебапрадуктаў. На перыяд уборкі ўраджаю прадпрыемства заключыла дагаворы з прыватнымі аўтаўладальнікамі, якія з году ў год плённа дапамагаюць у перавозках. Сёлета высокія паказчыкі забяспечылі Генадзь Вярыга, Андрэй Каськовіч, Пётр Тамашэвіч, Алег Палынскі, Дзмітрый Шынкевіч, Аляксей Чаленка. Усе людзі, занятыя на ўчастку, працуюць напружана, разумеючы адказнасць за вырашчаны ўраджай.
З пачатку жніва прынята ўжо каля 14 тысяч тон збожжа. Яшчэ 500 тон – і склады будуць запоўнены. Многія гаспадаркі раёна пастараліся звезці сюды як мага больш збожжа – вялікі ўраджай няпроста размясціць у сваіх зернясховішчах. Некаторыя перавыканалі план больш чым удвая. Першымі справіліся з заданнем ААТ “Прудзінкі”, “Нурава”, “Баліны”, СП “Каханавічы”. 1600 тон пры плане 700 здало СП “Верхнядзвінскі”. І жадаючых прывезці хлеб сюды яшчэ даволі.
Відавочна, наспела неабходнасць павялічваць магутнасці ўчастка. Ураджаі растуць, і ўзнікае праблема недахопу ёмістасцей для захоўвання збожжа. Як адзначыў Уладзімір Мамертавіч, праектная дакументацыя для рэканструкцыі ўчастка падрыхтавана. Уся затрымка – з-за адсутнасці фінансавання намечаных работ.
Што датычыць якасці збожжа, то сёлета яна крыху ніжэй мінулагодняй. Як адзначыла тэхнік-лабарант Алена Яўгенаўна Шэвярновіч, летась збожжа ішло, у асноўным, трэцім класам, а сёлета – чацвёртым. Спецыялісты тлумачаць гэта недахопам фосфарных угнаенняў. Але, у цэлым, збожжа прымаецца харчовай групай, яно сухое і чыстае.
Асабліва якаснае зерне ў СП “Верхнядзвінскі” – клейкавіна адпавядае трэцяму класу. Што, зразумела, дасць гаспадарцы значна большы заробак.
-Увогуле, па стане збожжа можна меркаваць аб хлебаробскім майстэрстве, — заўважае У.М. Сакалоўскі. — З сельгаспрадпры-емстваў нашага раёна збожжа прыходзіць практычна гатовае да захоўвання, бачна, што сушыльныя гаспадаркі працуюць добра. А вось суседзі-міёрцы падкідваюць нам работы – зерне адсюль значна ніжэйшай якасці і патрабуе дапрацоўкі.
Яшчэ дзень-другі, і прыём збожжа новага ўраджаю будзе завершаны. Як ніколі шчодры ўраджай абяцае: будзем з хлебам!
С. ДЗВІНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *