Заўтра ў аграгарадку Лявонішана пройдзе раённы конкурс «Уладар сяла-2015»

Актуально Объявления Семья

Заўтра, 22 жніўня, у аграгарадку Лявонішана адбудзецца раённы этап рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла-2015».
У праграме — прадстаўленне маладых сем’яў, эстафеты, спаборніцтвы ў розных відах, кулінарны конкурс, творчыя выставы.
Пачатак у 10 гадзін.
У аўторак, 25 жніўня, у Верхнядзвінскім РДК адбудзецца абласны этап конкурсу.
Пачатак у 11 гадзін.
Запрашаем на цікавыя мерапрыемствы!

Прадстаўляем удзельнікаў раённага конкурсу «Уладар сяла»:

семья Затолокиных

Сям’я Заталокіных з аграгарадка Асвея. Дзмітрый і Вераніка, а таксама іх дзеткі Анастасія і Даніла прымаюць удзел у раённым свяце не першы раз.
Дзмітрый родам з вёскі Відокі, працуе вадзіцелем у сельгаспрадпрыемстве “Асвейскі”. Вераніка з Расіі, з Волгі. Зараз – хатняя гаспадыня.
Каля іх хаты шмат кветак, дагледжаны агарод. У вальеры жыве вялікі сабака па мянушцы Бэт.
Кола абавязкаў Веранікі: дзеці, дом, агарод, кветкі, гатаванне ежы. Яна здала на правы і цяпер лічыць сябе самай шчаслівай жанчынай на свеце.
Дзіма – на ўсе рукі майстар. Усё можа зрабіць, усім дапамагае. Нават у сне думае пра сям’ю і пра тое, што не зрабіў учора. Смачна гатуе пельмені. Кожны год, дзякуючы залатым рукам Дзімы, у двары з’яўляецца то новая прыгожая альтанка, то замест пуні — лазня, а ў гэтым годзе яшчэ і новы гараж. Каля дома ёсць арэлі, басейн, які, пакуль Даня быў маленькім, выконваў ролю манежа. На стале ў альтанцы гасцей чакае пузаты самавар, духмяная гарбата і мёд.
Дачушцы 8 гадоў. Яна пойдзе ў трэці клас Асвейскай сярэдняй школы. Насці вельмі падабаецца чытаць, пісаць, маляваць, лічыць. Любіць і танцаваць, але спяваць — больш. Гуляе разам з малодшым братам, дапамагае матулі па гаспадарцы.
Даніку год і 10 месяцаў. Яму ўсё падабаецца, у яго ўсё добра. Вельмі вясёлы хлопчык.
У вольны час сям’я Заталокіных адпачывае на ўлонні прыроды.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Сям’я Салавых з аграгарадка Валынцы. Яе прадстаўляюць Таццяна і Руслан, іх дзеці Даша (11 год), Мікіта (7 год) і Марат (2 гады). Пазнаёміліся будучыя тата і мама на дыскатэцы ў Галубаўскім клубе. Руслан прапанаваў сябраваць, але Таццяна адмовілася. “Усё роўна калі-небудзь будзеш маёй,” — на развітанне сказаў хлопец. Так і атрымалася. Праз 7 год на свяце ў тым самым Галубаўскім клубе лёс ізноў звязаў іх. І, як яны сцвярджаюць, – назаўсёды.
Руслан працуе на Валынецкім вытворчым участку Верхнядзвінскага ДРУВП ЖКГ. Таццяна зараз у дэкрэтным водпуску, а дагэтуль працавала дыспетчарам у ААТ “Антонава-Агра”. Гаспадарка прадаставіла сям’і чатырохпакаёвую квратэру на другім паверсе. Але гэта не перашкаджае ім разводзіць курэй, вырошчваць садавіну і гародніну, а таксама кветкі. Гаспадыня сцвярджае, што без агарода – анікуды. Ёсць і цяпліца, у садзе спеюць грушы, слівы, яблыкі, ягады.
Захапленні ў членаў сям’і разнастайныя. Гаспадыня любіць вязаць. Бацька разводзіць хатнюю птушку. Дачушка Даша займаецца бісерапляценнем, авалодвае фартэпіяна, у гэтым годзе заняла другое месца на конкурсе “Галасы будучага”. Сын Мікіта робіць цудоўныя рэчы з салёнага цеста. А малодшанькі Марат больш за ўсё любіць глядзець мультфільм пра Машу і Мядзведзя, расце будучым памочнікам мамы і таты.
Разам сям’я Салавых любіць адпачываць у сваім садзе з шашлыком ці на рэчцы.

цветинские

Сям’я Цвяцінскіх з аграгарадка Лявонішана. Разам ужо 3 гады. Маці Святлана, бацька Арцём і дачушка Насценька, якую на здымку тата забірае з раддому, а зараз ёй 1,5 года. Арцём і Святлана працуюць у сельгаспрадпрыемстве “Лявонішана”. Таццяна — заатэхнік, а Арцём — галоўны інжынер.
У дзяцінстве заканчвалі Галубаўскую школу. Далей яна вучылася ў Лужасна, а ён — у Лепелі. Пасля вучобы ажаніліся і сталі працаваць у ААТ “Сакалоўшчына”. Праз год перабраліся ў сельгаспрадпрыемства “Лявонішана”. Тут ім і кватэру прадаставілі. Каля дома ёсць цяпліца, невялічкі агарод, кветкі і… два кацяняці.
На сядзібе шчыруюць разам: яна займаецца агародам, ён – косіць траву, выконвае ўсю “мужчынскую” работу. Насценька вельмі любіць ляпіць і маляваць. Усе разам “хварэюць” за беларускіх біятланістаў.

DSC05899

Сям’я Размысловіч з аграгарадка Нурава. У яе складзе — тата Раман, мама Юлія, дачушка Вольга і сынок Ягор. Юля мясцовая дзяўчына, а Раман з Полацкага раёна. Вучыліся ў адным класе Нураўскай школы, пасля ў Боркавіцкім ліцэі. Дом атрымалі ад гаспадаркі. Пакуль там ідзе капітальны рамонт, Размысловічы жывуць з бацькамі. У гаспадарцы ёсць карова, бык, куры, свінні і два каты. А таксама агарод і кветнікі.
Дачушцы Волюшцы, як яе ласкава называе тата, два з паловай гады. Яна любіць складаць мазаіку, маляваць, танцаваць. А больш за ўсё – гуляць з тэлефонам. Ягорку ж толькі 5 месяцаў. Ён проста вясёлы хлопчык. Бацька займаецца тэхнікай, маці – дзецьмі. А ўсе разам — проста дружная, добрая сям’я.
* * *
Усе названыя сем’і прымуць удзел у раённым конкурсе «Уладар сяла-2015», які пройдзе заўтра ў аграгарадку Лявонішана, і прадэманструюць свае таленты, спрыт і знаходлівасць. Пажадаем ім удачы!



2 комментария по теме “Заўтра ў аграгарадку Лявонішана пройдзе раённы конкурс «Уладар сяла-2015»

  1. Организаторы подобных мероприятий,как я полагаю,не в курсе в какое время года наши предки устраивали подобные праздники.Это в городах полно незанятого народу,но село то дергать зачем?Может хватит делать праздники для самих себя?

  2. Прогматик, нашым продкам было без патрэбы займацца прапагандай вясковага ладу жыцця, таму тут паралелі праводзіць можа і не варта.
    Працы на вёсцы заўсёды хапае, таму ў іншую пару можна зладзіць і зімовы варыянт свята, хай будзе.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *