В дни памяти вспоминаем умерших

Актуально Общество

У гэтыя дні і права-слаўныя, і каталікі згадваюць сваіх памерлых сваякоў. У праваслаўных дзень памяці рухомы — Дзмітраўская субота адзначаецца ў апошнюю суботу перад днём святога Дзмітрыя, які прыпадае на 8 лістапада (сёлета, значыць, гэта субота 7 лістапада). У каталікоў жа дзень памяці — 2 лістапада.

память-1
А 1 лістапада ў вернікаў каталіцкага веравызнання — дзень Усіх Святых. У гэты час дзякуюць Богу за дар святасці і аддаюць пашану ўсім святым — як вядомым, так і невядомым. А ўжо 2 лістапада ўспамінаюць усіх памерлых вернікаў.
Згодна з традыцыяй, у гэтыя дні прынята наведваць могілкі і асаблівым чынам маліцца за памерлых.
Абавязкова трэба пакла-паціцца аб тым, каб перад святамі прыбраць магілы сваіх родных і блізкіх, а таксама занядбаныя магілы паблізу. Годным успамінам пра памерлых будуць запаленая на магіле свечка і кветкі, але перш за ўсё — малітва за супакой душы.
Што датычыцца святкавання ў гэтыя дні “хэлоўіна” — навамоднага для нашай моладзі свята, якое прыйшло з Захаду, тут падзел катэгарычны, без варыянтаў. Паміж “хэлоўінам” і вялікімі каталіцкімі святамі, якія адзначаюцца ў гэты ж час, няма нічога агульнага.
Дзень успаміну памерлых — добры час для разважанняў над уласным жыццём, мінулым, сучаснасцю і будучыняй. Гэта магчымасць успомніць былое, падзяліцца з блізкімі сваімі клопатамі, праблемамі і радасцю.
Кім быў блізкі нам чалавек? Ці дастаткова купіць кветкі, запаліць свечку і памаліцца, каб аддаць яму належную павагу? Можа, настаў час прысвяціць яму крыху больш часу? Дзень успаміну памерлых з’яўляецца запрашэннем да разважання, ён будзіць думкі пра тое, што гісторыя мінае і яе трэба захаваць для нашчадкаў. Культ памяці памерлых членаў сям’і з’яўляецца добрым урокам для дзяцей. Мы робім гэта для таго, каб і над нашай магілай некалі сустрэліся нашы дзеці, унукі, праўнукі, бо чалавек жыве да таго часу, пакуль жыве памяць аб ім.
Наша памяць — тое, што мы можам даць памерлым блізкім як удзячнасць за сваё жыццё, за любоў да нас, за ўсё добрае, што яны зрабілі на зямлі, гэта жывая сувязь пакаленняў на парозе вечнасці. Не абыдзіце ў Дні памяці могілкі, прывядзіце сюды сваіх дзяцей і разам успомніце тых, хто знайшоў вечны спачын.
* * *
Супольная малітва ката-лікоў за памерлых адбудзецца на старых гарадскіх могілках у Верхнядзвінску ў нядзелю, 1 лістапада, у 11.30, на новых могілках – у 15 гадзін.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *