Друкаваная прэса, інтэрнет або тэлебачанне… Сёння ў людзей ёсць выбар, адкуль атрымліваць інфармацыю. Аднак газетная аналітыка працягвае карыстацца попытам.
Чытачы друкаваных выданняў ікнуцца пастаянна быць у курсе падзей. Людзі, якія жадаюць атрымліваць газеты або часопісы, не забываюць падпісацца на іх.
Як вядома, ужо вядзецца падпіска на першае паўгодзе 2016 года. Выпісаць любімыя выданні можна ў аддзяленнях сувязі, у паштароў, а таксама праз інфакіёск і інтэрнет. У паштальёнаў заўсёды ёсць свежыя каталогі з інфармацыяй і цэнамі, а ў аддзяленнях сувязі аформлены стэнды прапануемай прадукцыі.
Утрымліваць увагу чытача да друкаванага выдання — няпростая справа. Для поспеху газеты трэба нешта большае, чым звычайны пералік падзей. Тэматыка друкаваных СМІ сёння вельмі глыбокая і разнастайная.
Многія выданні праводзяць розныя конкурсы сярод падпісчыкаў, некаторыя арганізоўваюць тыдні падпіскі па зніжаных цэнах.
Вялікі ўклад ва ўтрыманне тыражоў уносяць грамадскія распаўсюджвальнікі, якія ёсць у многіх буйных арганізацыях. Яны вядуць як ведамасную падпіску, так і індывідуальную. Як, напрыклад, І.К. Князькіна (масласырзавод), І.А. Цімашэнка (ЖКГ), Д.Т. Рагіла (райпо). У райаграсервісе доўгі час выконвала гэты абавязак Г.А. Літвін, цяпер жа яе замяніла І.Я. Шарабурава.
Высветлілася, што жыхары раёна аддаюць перавагу беларускім перыядычным выданням. Магчыма, гэта звязана з тым, што айчынныя газеты і часопісы трапляюць да чытачоў у вызначаны тэрмін, а расійскія могуць затрымлівацца. Улічваецца і кошт перыёдыкі. Найбольш папулярныя “СБ”, беларускія выданні “Комсомольской правды” і “АиФ”, “Советчица” і “Друг пенсионера”.
Абласныя газеты таксама не застаюцца без увагі верхнядзвінцаў. “Витебские вести” – асноўны лідар. Пошта таксама прадастаўляе магчымасць выпісваць прэсу з усіх куткоў рэспублікі. Так, нашы жыхары ў курсе падзей Міёрскага, Полацкага і Расонскага раёнаў і г. Наваполацка. І раённая “Дзвінская праўда” карыстаецца папулярнасцю не толькі ў мясцовых жыхароў. Яе таксама чытаюць у Міёрах, Полацку, Віцебску і нават Мінску.
Што ж, кожны з нас выбірае газеты і часопісы па сваіх інтарэсах. Мы выказваем падзяку ўсім, хто застаецца падпісчыкам “Дзвінскай праўды”, і спадзяемся, што наша сяброўства будзе працягвацца.
Ілона ПЫЖОВА.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.