Настаяцель касцёла Святой Троіцы ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна Часлаў Курэчка ўзнагароджаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”- за важкі ўклад у захаванне міжканфесійнага міру і нацыянальнай згоды, актыўны ўдзел у духоўна-асветніцкай дзейнасці краіны і прапагандзе здаровага ладу жыцця.
Знаёміць жыхароў раёна з гэтым жыццярадасным і гасцінным чалавекам няма патрэбы – ён шырока вядомы не толькі на Верхнядзвіншчыне, але далёка за яе межамі. Парафію айца Часлава Курэчкі наведваюць высокія дзяржаўныя асобы і валанцёры з розных куткоў Беларусі, у Росіцу прыязджаюць экскурсіі з блізкага і дальняга замежжа, сюды прыбываюць тысячы пілігрымаў з усяго свету, у ліку якіх быў апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроці, тут шукаюць аздараўлення душы сотні вернікаў, прагнучых Божай дапамогі і святарскай падтрымкі. Заслугі ксяндза ва ўмацаванні духоўнасці неаднаразова дастойна ацэньваліся – у 2013 годзе ён стаў лаўрэатам звання “Чалавек года Віцебшчыны”. Аб ініцыятывах і дасягненнях айца Часлава нямала расказана журналістамі, у тым ліку нашай раённай газеты.
І ўсё ж менавіта з прысуджэннем самай прэстыжнай у рэспубліцы ўзнагароды ў галіне духоўнасці можна сказаць, што айцец Часлаў Курэчка “прачнуўся знакамітым”. Бясконцыя віншаванні, увага шматлікіх айчынных і замежных СМІ і, нарэшце, прыгожая цырымонія ўшанавання ў Палацы Рэспублікі і ўзнагарода ад Прэзідэнта краіны – падзеі вельмі хвалюючыя для гэтага сціплага і нязвыклага да публічнасці чалавека.
— Калі парафіяне патэле-фанавалі мне і сказалі, што адзначаны такой высокай узнагародай, адразу нават не паверыў. Я ж не шукаў славы, проста працаваў, бо хацеў, каб людзі былі больш шчаслівымі, а наша зямля – прыгожай. Адчуў і радасць, і хваляванне, і ўдзячнасць за тое, што працу, якую раблю не толькі я, але і іншыя людзі, заўважылі і так высока ацанілі!
А ўсе, хто ведае айца Часлава і яго ўнікальную Росіцу, у водгуках аднадушныя : “Заслужыў!”.
Там, дзе патрэбны
У Росіцы Часлаў Курэчка працуе восем гадоў. А ўсяго яго святарскі шлях налічвае амаль два дзесяцігоддзі. Родам з Браслаўскага раёна, ён выхоўваўся ў набожнай і працавітай сям’і. І сёння захаваны бацькоўскі дом у роднай Загоршчыне з яе ручаямі і пагоркамі, кветкамі і пчальнікамі. Некалі ён дапамагаў тут маці вырошчваць ружы, ад яе і пераняў любоў да працы і прыгажосці ва ўсіх яе праявах. Адчуўшы святарскае пакліканне, пакінуў свецкую прафесію повара і паступіў у Рыжскую духоўную семінарыю.
Пасля нёс святарскую службу ў Польшчы і Беларусі — у Падсвіллі, Лужках, Задарожжы. Але, як заўважае сам, спаўна раскрыў свой патэнцыял толькі ў Росіцы. Адчуў непарыўную еднасць з гэтай ахвярнай зямлёй, прагнучай чалавечай спагады, малітвы і працы. Напэўна, так пакіраваў Божы провід, каб у святыню з гераічным і трагічным лёсам і патрэбай адраджэння прыбыў сапраўдны падзвіжнік з выключным талентам згуртоўваць людзей на стварэнне.
Гiсторыя абавязвае
Менавіта асаблівая гісторыя Росіцы стала падмуркам у будаўніцтве святаром і яго паплечнікамі моцнага духоўнага цэнтра. Адноўленыя па расказах сведкаў і архіўных звестках падзеі мінуўшчыны паказваюць, якім нялёгкім быў тут шлях да веры. Неаднойчы руйнаваная чалавечай агрэсіяй і грахоўнасцю святыня перажыла пякельны агонь другой сусветнай вайны. У лютым 1943 года Росіца трапіла пад карніцкую экспедыцыю, у якой загінула 1528 чалавек. Фашысты сагналі ў касцёл людзей з мясцовых сяленняў, дзе ў холадзе і страху яны чакалі смерці або варожага палону. У гэтых трагічных абставінах спаўна выявілася сіла духа росіцкіх святароў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, якія моцай веры падтрымлівалі людзей і да канца заставаліся з імі, прыняўшы пакутніцкую смерць. Подзвіг росіцкіх ксяндзоў увекавечаны касцёлам — яны кананізаваны ў 1999 годзе. Айцы-марыяне, пісьменнікі і мастакі, грамадскія актывісты многае зрабілі па аднаўленні і захаванні памяці – выдадзены кнігі, напісаны карціны, створаны фільм, арганізоўваюцца выставы і шматлікія культурныя мерапрыемствы.
Айцец Часлаў стаў надзейным арганізатарам і натхняльнікам гэтай работы. Валодаючы талентам духоўна-асветніцкай дзейнасці і мастацкім пачуццём, ён ператварыў святыню ў месца паломніцтва тысяч людзей. Двойчы ў год праводзяцца дні ўспаміну росіцкіх пакутнікаў, на якія збіраюцца пілігрымы з Беларусі і замежжа. Схіляючыся перад гісторыяй Росіцы, людзі імкнуцца сюды са сваімі малітвамі і патрэбамі, верачы ў дапамогу святых заступнікаў.
Месца, дзе ажывае душа
Дзякуючы старанням настаяцеля і яго памочнікаў, і сам касцёл, і тэрыторыя наўкол зачароўваюць гасцей сваім адметным абліччам. Айцец Часлаў імкнецца надаць святому месцу адпавядаючы яго велічы выгляд. У храме праведзены рамонт, адноўлены канструкцыі і фрэскі, зроблены агароджа і дваровы комплекс. Абсталяваны мемарыял памяці на месцы гібелі Благаславёных.
Расчышчаны берагі возера, да якога вядзе алея з туй і барбарысу, якія сімвалізуюць цярністы шлях пакутнікаў. Неўзабаве тут з’явяцца прыступкі. Ёсць ліпавая і дубовая алеі са сваім сімвалічным значэннем, а на берагах вадаёмаў пасаджаны плакучыя івы. Наўкол касцёла гарманічна спалучаны альтанкі, мосцікі, пірс, ліхтары, дарожкі, клумбы.
Асаблівы гонар айца Часлава – кветкі. Летам Росіца патанае ў іх. Адных толькі відаў квітнеючых раслін і кустоў – звыш 300. Кожную вясну ён высаджавае 1528 цюльпанаў – па колькасці ахвяраў росіцкай трагедыі. Кветкі і дэкаратыўныя кусты каскадамі спускаюцца да возера, акружаюць касцёл, разбягаюцца па ўсёй навакольнай тэрыторыі. Прычым радуюць вока не толькі прывычныя крокусы, нарцысы, фіялкі, ружы ці вяргіні, але і экзатычныя магноліі, а на возеры – рознакаляровыя німфеі. На кветкі ў айца Часлава лёгкая рука – яны “любяць” святара і прыжываюцца ўсюды, дзе б ні пасадзіў. А яшчэ ў яго адмысловы густ, бо дэкаратыўныя кампазіцыі ствараюць цудоўны жывы ансамбль, які радуе сэрца. Нездарма Росіцу называюць паўночным Версалем або параўноўваюць з Мосарам. Дарэчы, айцец Часлаў быў знаёмы з гаспадаром Мосарскага касцёла Ёзасам Булькай і вучыўся ў яго працы па афармленні касцёльнай тэрыторыі.
Ператварэнне Росіцы ў райскі куточак, які прыцягвае людзей, даецца цяжкай працай. Абслугоўваючы, акрамя Росіцкага, яшчэ два прыходы — у Асвеі і Бігосаве, ксёндз спалучае духоўную працу з фізічнай. Кожную вольную гадзіну завіхаецца ці то ў святыні, ці на добраўпарадкаванні двара. Ускапвае кветнікі, па пояс у вадзе высаджвае гарлачыкі, сартыруе вяргіні. Гаворыць, што ў жыцці ён найбольш схільны да малітвы і працы. А калі штосьці робіш шчыра, то і справа спорыцца, і душа атрымлівае асалоду.
Адчыняюць таму, хто стукае
— Усё, што ўдалося зрабіць у Росіцы – плён сумесных намаганняў, — сцвярджае айцец Часлаў.- За гэта шчыра ўдзячны раённай уладзе на чале з Ігарам Іванавічам Марковічам і Ірынай Францаўнай Козел, мясцовым прадпрыемствам і сельскаму Савету, добраахвотным памочнікам з нашага раёна і валанцёрам з іншых мясцін.
Сапраўды, святар не толькі ўмее працаваць сам, але і заахвочвае сваімі праектамі іншых. І не проста таму, што актыўна звяртаецца за дапамогай. Бачачы ініцыятыву, уласнае старанне і настойлівасць гаспадара Росіцкай святыні ў працы на карысць людзям, яму шчыра дапамагаюць усе – прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі прадпрыемстваў, аднавяскоўцы, вернікі з розных раёнаў. Напэўна, нідзе больш не ўбачыш такой еднасці ў час праполкі кветак: на клумбах поплеч працуюць і служачыя з высокімі пасадамі, і людзі розных прафесій, і пенсіянеры. Нават праваслаўны святар прыслаў на дапамогу сваіх дачок.
Падтрымліваючы план адраджэння Росіцы, дарожнікамі адрамантаваны пад’езд да вёскі, прадпрыемствамі выдзяляюцца людзі і тэхніка для правядзення работ па добраўпарадкаванні. Культработнікі і краязнаўцы дапамагаюць у арганізацыі экскурсій і культурных мерапрыемстваў. Прыхаджане адгукаюцца на ўдзел у выхаваўчых праектах. У квітнеючым маі ў Росіцы адбываюцца духоўныя сустрэчы для мужчын і жанчын, а мінулай восенню ўпершыню арганізавана свята вяргіняў “І кветкі хваляць Пана”.
А якім цудоўным супольным святкаваннем вылучалася сёлетняе Ражаство — яскравы прыклад міжканфесійнага сяброўства! У прыгожа ўбраным касцёле гучалі музыка і спевы, а пасля службы ўся вёска сабралася ў двары на пачастунак. Каляднае ўбранне дрэў, святочная ілюмінацыя, падарункі для дзяцей, духмяная гарбата з пірагамі, святочны феерверк – дзе яшчэ ўбачыш такое вялікае, дружнае і цёплае свята?! Дарэчы, айцец Часлаў і сам умее рыхтаваць пачастунак для гасцей – поварскія навыкі не забыты, і смак яго фірменнай грыбной поліўкі ацанілі многія.
Камунікабельны, добры, з адмысловым пачуццём гумару, ён застаецца душой любой суполкі і так шчыра радуецца кожнаму госцю Росіцы, што той імкнецца вяртацца сюды зноў і зноў.
Для вёскі, дзе засталося каля сотні жыхароў, святыня з яе энергічным гаспадаром даюць надзею на жыццё. Ужо колькі гадоў Росіца – месца паломніцтва і турызму, а ў апошні час сталі з’яўляцца жадаючыя пабудаваць тут катэджы. Людзі цягнуцца да святла і прыгажосці, якія выпраменьвае гэта жыватворная зямля.
Стымул у працы
Планы ў Часлава Курэчкі выконваюцца, але ніколі не заканчваюцца. Ён расказвае, што напачатку службы ў Росіцы спісаў “пунктамі” два лісты, а па меры ажыццяўлення выкрэсліваў іх. Зроблена многае, але хацеў бы яшчэ аднавіць вежы ў касцёле, добраўпарадкаваць тэрыторыю былой піларамы і сажалку, закласці парк, правесці новыя мерапрыемствы. Зноў жа на ўсё гэта спатрэбяцца дапамога і сродкі, таму выконваць задумы давядзецца паступова. Шмат сіл патрабуюць і распачатыя праекты.
Аднак святар верыць, што Росіца будзе жыць і развівацца. А магутным стымулам у працы стала высокае прызнанне яго заслуг. Дзякуючы за высокую ўзнагароду, ён падкрэсліў, што ёю адзначана праца ўсіх, хто заклапочаны духоўным адраджэннем роднай зямлі. А ўвага, якую дзяржава надае ўмацаванню духоўнасці, дае ўпэўненасць у ажыццяўленні з Божай і людской дапамогай самых смелых задум.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.
Прэмія “За духоўнае адраджэнне”заснавана ў 1997 годзе. Штогод Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь уручае 5 такіх прэмій.
Прэмія “За духоўнае адраджэнне” прысуджаецца за адметныя творы літаратуры і мастацтва і актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, якая спрыяе зберажэнню і прымнажэнню нацыянальнай культурнай спадчыны, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны, сцвярджэнню духоўных каштоўнасцей і мастацка-маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці.
На атрыманне прэміі вылучаюцца дзеячы культуры, літаратуры, мастацтва, архітэктуры, аховы здароўя, адукацыі, навукі, сацыяльнай абароны, сродкаў масавай інфармацыі, прыёмныя бацькі, апекуны, свяшчэннаслужыцелі, іншыя асобы, а таксама аўтарскія, творчыя і іншыя калектывы работнікаў.
Прэмія прысуджаецца ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўручаецца кіраўніком дзяржавы асабіста або ўпаўнаважанай службовай асобай.
Пры ўзнагароджанні ўручаецца Дыплом лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.