Непагадзь за акном адразу забылася жыхарамі Бігосава, якія акунуліся ў цёплую і светлую атмасферу свята “Тепло семейного очага”. У Бігосаўскім СДК перад жыхарамі паўсталі 17 пар з розным стажам сумеснага жыцця.
Сям’я Марыі і Юрыя Ганчаровых нарадзілася толькі месяц таму. І менавіта з яе пачалася юбілейная прэзентацыя.Малады муж пасля заканчэння Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь быў накіраваны на службу на Бігосаўскую пагранзаставу імя Хахлова. Ён служыць намеснікам начальніка па ідэалагічнай рабоце. Марыя родам з Маладзечанскага раёна, закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, працуе ў Бігосаўскім СДК мастацкім кіраўніком. Маладыя на сцэне запалілі свечку, як сімвал сямейнага ачага, цяпла і дабрабыту. Любоў і пяшчота, якія адчуваліся ў кожным руху маладажонаў, сведчылі аб упэўненым і паспяховым старце.
“Паркалёвае” вяселле святкуецца пасля першага года сумеснага жыцця. Але Вячаслаў і Аксана Казура сцвярджаюць, што нават не заўважылі, як хутка праляцеў час.Вячаслаў — галоўны аграном ААТ “Баліны”, Аксана — настаўнік замежнай мовы. Маладую сям’ю гаспадарка забяспечыла жыллём.
Пяцігадовы юбілей называецца “драўляным” вяселлем. Шафёр ААТ “Інвет” і настаўніца Бігосаўскай СШ Сяргей і Валянціна Дашкевічы адзначылі такую дату. Цікава, што яны нарадзіліся ў адзін дзень – 26 лістапада.
Дзмітрый Уладзіміравіч і Вольга Міраславаўна Слабада адсвяткавалі “ружавае вяселле”. Землякі сцвярджаюць, што ўсе дзесяць гадоў іх сумеснага жыцця прайшлі пад знакам гэтай цудоўнай кветкі. На сяле вартасць кожнага вызначаецца беспамылкова. Многія бігосаўцы ўдзячны Вользе Міраславаўне за чулыя адносіны да людзей. Зараз яна знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцяці. Дзмітрый Уладзіміравіч працуе шафёрам. У сям’і падрастае дачушка-шчабятушка Вікторыя.
“Шкляны”, 15-гадовы юбілей, называюць часам выпрабаванняў. Статыстыка сведчыць, што на гэты перыяд прыпадае самая большая колькасць скасавання шлюбаў. А вось сямейны саюз Мікалая Аляксандравіча і Валянціны Мікалаеўны Шкуновых абвяргае такое сцвярджэнне. Жывуць людзі ў любові і згодзе, а “небяспечную” дату нядаўна адсвяткавалі як яшчэ адзін шчаслівы юбілей. Дарэчы, у сям’і Шкуновых гэты год асаблівы. У лютым Валянціна Мікалаеўна адзначыла 50-гадовы юбілей, у чэрвені — Мікалай Аляксандравіч сваё 50-годдзе, а 28 лістапада (у дзень правядзення свята) у маці Валянціны, якая жыве разам з дачкой, Веры Лявонцьеўны, быў 85-гадовы юбілей.
15 год — гэта перыяд будаўніцтва трывалага сямейнага дома. Гэты час шафёр і вахцёр ААТ “Інвет” Валянціна і Мікалай Шкуновы выкарысталі спаўна: набылі машыну, завялі падсобную гаспадарку, гадуюць дачушку Ірынку. У свабодную часіну Мікалай упрыгожвае двор рознымі вырабамі з дрэва, а гаспадыня займаецца дабраўпарадкаваннем. Увесь двор патанае ў кветках з вясны да восені.
“Фарфоравае” вяселле — гэта 20 год сумеснага жыцця ў згодзе і любові — з песняй і музыкай святкуе сям’я Новікавых. Песня і музыка — галоўнае іх захапленне. Ігар Аляксеевіч працуе дырэктарам Бігосаўскай дзіцячай школы мастацтваў, кіраўнік народнага вакальнага гурта “Дзвінскія напевы”. Не адстае і жонка, галоўная муза яго творчасці. Сама добра спявае, цудоўная гаспадыня.
“Сярэбраны шлюб”, як гэты метал, і каштоўным, і трывалым з’яўляецца. Такі саюз у наладчыка ААТ “Інвет” Станевіча Сяргея Іванавіча і яго жонкі Таццяны Юр’еўны. У гэтым годзе яны купілі доўгачаканы дом, старэйшаму сыну Паўлу споўнілася 18 год. Жывуць у згодзе і любові.
Сяргей Антонавіч і Ніна Іванаўна Ашмяга засталіся ўдваіх у вялікай і прасторнай хаце. Дзеці жывуць у Наваполацку, у старэйшага Андрэя падрастае дачушка Наташа, а ў малодшай Ірынкі – сынок Мацвей. Дзеці і ўнукі павіншавалі дзядулю і бабулю з “жамчужным” юбілеем.
35 дзіўных вёснаў,
35 цудоўных зім….
Гэта “каралавае” вяселле сям’і Казловых Уладзіміра Фёдаравіча і Людмілы Анатольеўны. Уладзімір Фёдаравіч пачынаў галоўным канструктарам, намеснікам дырэктара па забяспячэнні, быў галоўным інжынерам ААТ “Інвет”, потым старшынёй Бігосаўскага сельскага Савета. Людміла Анатольеўна працавала выхавацелем у дзіцячым садзе, бухгалтарам на ААТ “Інвет”, а потым стала загадчыцай аддзялення ТЦСАН у в. Бігосава. Выгадавалі дваіх дачок. Старэйшая Алеся закончыла Віцебскі медыцынскі інстытут з “чырвоным” дыпломам, а малодшая Наталля мае дзве вышэйшыя адукацыі — тэхнолага і юрыста. Радуюцца траім унукам.
“Рубінавае” вяселле адзначылі дзве сям’і — Худовічы і Станевічы.
Маладая дзяўчынка Валянціна з Шумілінскага раёна пасля заканчэння Полацкага медыцынскага вучылішча была накіравана ў Верхнядзвінскую бальніцу медыцынскай сястрой. Калі ў 1989 годзе ў Бігосава адкрылася новая бальніца, сям’я Худовічаў пераехала сюды. Вось ўжо 42 гады, як Валянціна Антонаўна занята ў сферы медыцыны. Муж, Генадзь Мікалаевіч, працаваў на ААТ “Інвет”, а потым амаль 20 год — на чыгунцы. Маюць дзвюх дачок: старэйшая Таццяна закончыла Віцебскі педагагічны ўніверсітэт, працуе выкладчыкам матэматыкі і інфарматыкі ў Верхнядзвінскай гімназіі, а малодшая Наталля — загадчык камп’ютарнага аддзела ААТ “Інвет”. Жывуць у шматпавярховым доме, але маюць вялікую гаспадарку: карову, свіней, авечак, трусоў, курэй.
Яўген Аляксандравіч Станевіч 40 год адпрацаваў кіраўніком транспартнага ўчастка завода. Жонка, Надзея Аляксандраўна, пасля заканчэння Гомельскага кааператыўнага інстытута 42 гады аддала любімай справе вядучага таваразнаўцы райпо. Больш дзесяці год з’яўляецца старэйшынай в.Бігосава, неаднаразова выбіралася дэпутатам Бігосаўскага сельскага Савета.
Пражылі разам 45 гадоў! Цудоўней пары няма! Гэтыя словы былі адрасаваны сям’і Швед — Фёдару Францавічу і Людміле Фёдараўне, якія ў лістападзе адзначылі “сапфіравае” вяселле. Калі Фёдар служыў на Каўказе, іх вайсковую часць адправілі на ўборку ў Адэскую вобласць. Вось там і пазнаёміўся з прыгожай дзяўчынай. Першы танец, прагулка пад зорным небам. І забілася сэрца ў хлопца. Ад’язджае часць, а Фёдар не хоча. А праз месяц пасля знаёмства распісаліся і паехалі да мужа на радзіму. З 1971 года сям’я жыве ў Бігосава, маюць двух сыноў, чатырох унукаў. Увесь свабодны час праводзяць у в.Паўлюкі, на дачы. Дарэчы, Фёдара Францавіча можна назваць “Лепшым танцорам Бігосава”.
Кульмінацыяй свята стала віншаванне “залатых” юбіляраў і ўручэнне ім пасведчанняў аб рэгістрацыі шлюбу, якія падрыхтавала начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама А. М. Карценка. Сем’і Квітко — Анатоль Мікалаевіч і Еўдакія Ігнатаўна і Волчак — Міхаіл Фёдаравіч і Людміла Сяргееўна — распісаліся ў кнізе ганаровых гасцей Верхнядзвіншчыны. Менавіта для іх гучаў вальс, у якім кружыліся пары … Як тады, 50 год назад.
Ёсць у Бігосава і “брыльянтавыя” юбіляры. Уяўляеце: 60 год сумеснага жыцця! Віншаванні і шчырыя словы захаплення і павагі прымалі сем’і Салаўёвых — Альберт Пятровіч і Надзея Міхайлаўна і Варабей — Віктар Андрэевіч і Людміла Канстанцінаўна.
З прывітаннем да гасцей свята звярнуўся старшыня Бігосаўскага сельскага Савета У.С. Ходас. Ён пажадаў дабрабыту, шчасця, здароўя і любові.
Для ўдзельнікаў свята быў падрыхтаваны канцэрт, уручаны салодкія падарункі і ганаровыя дыпломы. Фундатарамі выдатнага мерапрыемства сталі прафкам ААТ “Інвет”, Бігосаўскі СДК, Бігосаўскі сельскі Савет, пагранзастава імя Хахлова.
Марына КІЧ,
дырэктар Бігосаўскага СДК.
Поздравляю всех юбиляров. А мои родители — Худович Валентина и Геннадий- самые лучшие!!! Я благодарна им за всё и желаю жизни долгой и счастливой, здоровья, много радостных дней в семейном кругу!