У Росіцы адбыліся ўгодкі памяці благаславёных пакутнікаў

Актуально Духовность

Традыцыйныя лютаўскія ўгодкі памяці благаславёных пакутнікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры адбыліся ў Росіцы.

Падчас урачыстасці ў Росіцкім касцёле. У цэнтры  біскуп Алег Буткевіч і пробашч Часлаў Курэчка.
Падчас урачыстасці ў Росіцкім касцёле. У цэнтры біскуп Алег Буткевіч і пробашч Часлаў Курэчка.

Двойчы ў год, узімку і летам, у Росіцкі касцёл Святой Троіцы збіраюцца пілігрымы з розных куткоў Беларусі і свету, каб ушанаваць памяць святароў, якія ў лютаўскія дні 1943 года здзейснілі подзвіг духа – прынялі пакутніцкую смерць, не пакінуўшы сваіх прыхаджан. Сёлета, нягледзячы на холад і завіруху, сюды прыбыло асабліва многа людзей – касцёл ледзь змяшчаў жадаючых пакланіцца святому месцу. Увага да яго ўзрастае дзякуючы вялікай рабоце, якая праводзіцца тут у імя ўмацавання хрысціянскіх каштоўнасцяў. Напачатку бягучага года аб гэтай працы даведалася ўся Беларусь – пробашчу Росіцкага касцёла айцу Чаславу Курэчка ўручана прэстыжная ўзнагарода за важкі ўклад у захаванне міжканфесійнага міру і нацыянальнай згоды, актыўны ўдзел у духоўна-асветніцкай дзейнасці і прапагандзе здаровага ладу жыцця – прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Гэта падзея яшчэ больш натхніла людзей наведаць унікальнае беларускае мястэчка, дзе сыйшліся разам смерць і жыццё, боль і гонар, пакуты і веліч духа.
Вітаючы гасцей, айцец Часлаў Курэчка заўважыў, што ў Росіцу прыехалі пастаянныя пілігрымы з Мінска, Жодзіна, Барысава, Глыбокага, Пастаў, Браслава, Полацка, Наваполацка, Лучая, Верхнядзвінска. Сёлета да іх далучыліся вернікі з Астраўца, Шаркаўшчыны, Будслава, Дзісны і іншых мясцін.
Сюды прыбыла і вялікая колькасць духоўных асоб на чале з біскупам Віцебскай дыяцэзіі Алегам Буткевічам. Год назад менавіта ў Росіцы яны распачыналі Год кансэкраванага жыцця. Па рашэнні біскупа на гэты раз да росіцкіх урачыстасцяў была прымеркавана сустрэча духавенства Віцебшчыны на заканчэнне Года вернасці пастырскаму служэнню. Віцебскі ардынарый адзначыў, што менавіта росіцкія пакутнікі даюць самы высокі прыклад адданасці пакліканню, а тытанічная праца айца Часлава Курэчкі служыць узорам служэння ў справе захавання духоўнасці на нашай зямлі.

  З уручэннем прэміі «За духоўнае адраджэнне»  а. Часлава Курэчку павіншавала Т. В. Севалкіна.
З уручэннем прэміі «За духоўнае адраджэнне»
а. Часлава Курэчку павіншавала Т. В. Севалкіна.

Удзел ва ўрачыстасцях прымалі прадстаўнікі свецкай улады і высокія духоўныя асобы: генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз-прэлат Францішак Кісель, апостальскі адміністратар грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары і сёстры законныя з розных парафій.
Звяртаючыся з прамовай да вернікаў, біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што Росіца – месца, якое з’яўляецца сімвалам перамогі жыцця над смерцю, дабра над злом. Гэта месца, якое прымушае разважаць над моцай нашай веры і дапамагае шукаць дарогу да Бога. Вытрываць у полымі выпрабаванняў можа толькі той, хто з’яўляецца сапраўдным хрысціянінам, а не толькі вонкава ім здаецца. Сэнс сапраўднага хрысціянства ў любові і служэнні іншым — гэтаму вучыць подзвіг росіцкіх святароў.

      Нягледзячы на непагадзь, працэсія  да мемарыялу памяці была шматлюднай.
Нягледзячы на непагадзь, працэсія
да мемарыялу памяці была шматлюднай.

Разважаючы над жорсткасцю сучаснага свету, біскуп адзначыў, што яна выклікана бязбожнасцю, бо дзе Бог – там няма месца злу, хцівасці, подласці, экстрэмізму. Дзе Бог – там любоў. Мы павінны выхоўваць у сабе гэтыя хрысціянскія пастулаты і аб’ядноўвацца на дарозе да Хрыста. Айцец Алег нагадаў гістарычную сустрэчу Патрыярха Кірыла і Папы Францішка на Кубе, якая з’яўляецца сведчаннем гэтага паяднання і дае надзею на ўмацаванне хрысціянскай веры з яе гуманнымі памкненнямі.
Асаблівую ўвагу іерарх надаў пашырэнню культа міласэрнасці. Калі мы хочам адчуваць на сабе праявы міласэрнасці, то павінны і самі быць міласэрнымі ў адносінах да іншых. У сучасным свеце з яго прагнасцю да матэрыяльных каштоўнасцяў не хапае служэння іншаму чалавеку. Прыкладам такога служэння з’яўляецца праца айца Часлава, які ператварыў святыню ў прывабнае месца, праводзіць тут вялікую духоўную работу, згуртоўвае людзей на карысныя справы. Біскуп падзякаваў росіцкаму пробашчу за вернае служэнне і за тое, што сваёй працай ён спрыяе павышэнню прэстыжу касцёла на Беларусі.
Словы падзякі за працу і віншаванняў з нагоды ўручэння высокай узнагароды святару адрасавалі духоўныя асобы, прадстаўнікі ўлады, пілігрымы. Намеснік старшыні райвыканкама Т.В. Севалкіна нагадала трагічную гісторыю Росіцы, дзе падчас карніцкай экспедыцыі загінула 1528 чалавек, і подзвіг ксяндзоў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, якія сталі духоўнай апорай для людзей і не пакінулі іх да канца зямнога жыцця. У раёне свята захоўваецца памяць аб ахвярах вайны і яе героях. А святар Часлаў Курэчка з паплечнікамі ператварылі Росіцу ў прыцягальнае месца паломніцтва тысяч людзей. Т. В. Севалкіна ад імя выканаўчай улады выказала падзяку пробашчу касцёла за вялікі ўклад у справу ўмацавання духоўнасці, адзначыла, што раённая ўлада і працоўныя калектывы заўсёды аказваюць дапамогу прыходу ў арганізацыі і правядзенні неабходных работ і запэўніла, што гэта сумесная праца будзе працягвацца.
Дзякуючы за віншаванні, айцец Часлаў падкрэсліў, што прэмія “За духоўнае адраджэнне” – гэта супольная ўзнагарода ўсім, хто любіць Росіцу і працуе над тым, каб яна квітнела. Святар лічыць, што благаславёныя мучанікі паспрыялі гэтай узнагародзе з тым, каб людзі кіравалі свае позіркі і шляхі ў Росіцу і атрымлівалі ласку веры.
Падчас урачыстасці біскуп асвяціў абраз з выявай благаславёных Юрыя і Антонія, напісаны мастаком Валерыем Шчасным. Абраз зойме пачэснае месца ў Верхнядзвінскім касцёле, дзе пасля расстрэлу фашыстамі дрысенскага ксяндза Мечыслава Багаткевіча нёс службу Антоній Ляшчэвіч.
Пасля Імшы вялікая працэсія са свечкамі рушыла на месца пакутніцкай смерці, дзе вернікі ўшанавалі памяць загінуўшых.
Напрыканцы ўрачыстасці айцец Часлаў запрасіў усіх у Росіцу на свята буслоў, якое адбудзецца 30 красавіка, і на свята магнолій – у маі. А таксама заклікаў прыязджаць у Росіцу ў любы час – працаваць, маліцца, прасіць у благаславёных заступнікаў патрэбных ласкаў. Гэта святая зямля абуджае і ачышчае душу – кожны з нас мае ў тым пастаянную патрэбу.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.



1 комментарий по теме “У Росіцы адбыліся ўгодкі памяці благаславёных пакутнікаў

  1. Уважение священнику из Росицы! Труженик и просто добрый человек.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *