5 мая адзначаецца Дзень друку

Актуально Общество

Сваё прафесійнае свята работнікі друкаваных сродкаў масавай інфармацыі справядліва падзяляюць з партнёрамі – паліграфістамі, распаўсюджвальнікамі газет і часопісаў, а таксама чытачамі. Усімі, хто паважае друкаванае слова і  імкнецца, каб яно прыносіла  карысць.

IMG_7993 копия

Прадстаўнікі паштовай сувязі ў гэтай суполцы займаюць асобае месца – яны ажыццяўляюць непасрэдную сувязь з чытачом, праводзяць падпіску, дастаўляюць карэспандэнцыю ў кожны дом.
Напярэдадні Дня друку мы сустрэліся з калектывам Бароўскага аддзялення сувязі і папрасілі расказаць, як ідзе падпіска на раённую газету.

IMG_7996 копия
Начальнік аддзялення Валянціна Фёдараўна Скумбіна паведаміла, што разам з ёй працуюць чатыры паштальёны і аператар. Акрамя Бароўкі і ваколіц, аддзяленне абслугоўвае таксама жыхароў Вусцянскай акругі. Паштавікі праводзяць абслугоўванне на даму і прымаюць наведвальнікаў у аддзяленні. Афармляюць падпіску, прадаюць розны тавар, ажыццяўляюць банкаўскія плацяжы.
У памяшканні пошты светла і ўтульна, усе рабочыя працэсы камп’ютарызаваны, наведвальнікам прапаноўваецца неабходная інфармацыя. А цэнтральнае месца займаюць, канешне ж, друкаваныя выданні.
— Кожны квартал падпісваем каля 1200 экземпляраў, з іх трэць — раённая газета, — заўважае Валянціна Фёдараўна. – Падпіску аднаўляем на сто працэнтаў, а на “раёнку” – і больш. Варта сказаць, што “Дзвінскую праўду” людзі выбіраюць самі — прыходзяць у аддзяленне, каб выпісаць газету, ахвотна падпісваюцца ў паштальёнаў. Папулярныя таксама “Беларусь сегодня”, “Комсомольская правда” і “Друг пенсионера”. Іншыя выданні рэкламуем, агітуем выпісваць, бо людзі іншы раз не ведаюць аб іх перавагах і асаблівасцях.
— Падпісацца на “раёнку” угаворваць не трэба,- далучаецца да размовы паштальён Святлана Аркадзьеўна Беладзед.- А дастаўляем яе амаль што ў кожны дом — штомесяц афармляю да паўтары сотні экземпляраў. Зразумела, іншы раз хто забудзецца, дык напомню, што тэрміны падпіскі зыходзяць. А так людзі самі просяць выпісаць яе, вельмі добразычліва ставяцца да газеты, называюць сваім сябрам.
Гэта меркаванне падтрымлівае жыхар Бароўкі, пенсіянер Іван Мечыслававіч Цярэшка, які якраз звярнуўся да паштальёна, каб выпісаць “Дзвінскую праўду”.
— Раённую газету чытаю ўсё жыццё — ад пачатку да канца. І змест, і выгляд выдання задавальняюць. Знаходжу тут і навіны, і расказы аб знаёмых, і аб’явы. Газета – наш галоўны інфарматар, які трымае ў курсе падзей ва ўсім раёне.
Валянціна Фёдараўна адзначыла, што да падпісной кампаніі ў аддзяленні адносяцца адказна: складзены спісы жыхароў абслугоўваемай тэрыторыі, паштальёны адследжваюць забяспечанасць іх друкаванымі выданнямі. Людзі павінны своечасова і ў поўным аб’ёме атрымліваць неабходную інфармацыю.
Віншуем нашых партнёраў і ўсіх падпісчыкаў з Днём друку і жадаем пабольш добрых навін.
С. ДЗВІНСКАЯ.
На здымках: (злева направа) начальнік аддзялення В.Ф. Скумбіна з паштальёнамі С.А. Беладзед, С.А. Кандрашовай, А.А. Адрушонак, аператарам Л.А. Нарубін адказна адносяцца да кожнай падпісной кампаніі; паштальён С.А. Беладзед (справа) афармляе падпіску для жыхароў Бароўкі В.А. Урбан і І.М. Цярэшка.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *