Мы працягваем знаёмства з таленавітымі людзьмі Верхнядзвіншчыны. На гэты раз у выставачнай зале РДК праходзіла выстава самадзейных мастакоў “Краявіды”.
Свае пачуцці, адносіны да родных мясцін перанеслі на жывапісныя палотны мастакі, якія ўпершыню прадстаўляюць свае творы на суд гледачоў.
Сціплы каларыт работ Сяргея Леанідавіча Маркевіча з в. Чыстаполле вельмі рэалістычна перадае наяўны стан прыроды. У вольны час Сяргей не толькі займаецца жывапісам, але выразае драўляныя скульптуры.
Найтанчэйшыя нюансы змены пор года на Асвейскім возеры адчула і адлюстравала ў сваіх творах Раіса Рыгораўна Вашчанка з Асвеі.
Любоў да родных мясцін аб’ядноўвае творы Яўгена Касьянавіча Яблонскага і Лады Юр’еўны Марозавай.
Пейзажы ўсім вядомай майстрыцы аўтарскай лялькі Наталлі Аляксандраўны Палікарпавай зача-роўваюць лёгкасцю і празрыстасцю, нібы сонца асвечвае саму работу.
Знаёмыя мясціны нашага краю пазнаюцца ў творах Васіля Дзмітрыевіча Кірпічэнкі з Оршы, які вельмі любіў працаваць на пленэрах, гасціўшы ў нашым горадзе ў дачкі Ірыны. Сваю любоў да жывапісу гэты чалавек пранёс праз усе жыццёвыя выпрабаванні – цяжкі пасляваенны лёс сіраты не дазволіў працягваць вучобу ў мастацкім вучылішчы ў Маскве, і каб пракарміць сям’ю, ён скончыў фізкультурны факультэт у Смаленску. І толькі пасля выхаду на пенсію Васіль Дзмітрыевіч цалкам прысвяціў вольны час любімай справе – жывапісу. На жаль, гэты таленавіты мастак пайшоў з жыцця ў 2006 годзе, але яго творы беражліва захоўваюцца ў Оршы, Пецярбургу, Верхнядзвінску. Дарэчы, і яго старэйшая дачка Ірына Сініцына з’яўляецца майстрыцай на ўсе рукі.
Ад твораў мастакоў зыходзіць неверагодная любоў і пяшчота да роднага краю. Наведаўшы выставу работ гэтых простых, таленавітых, адкрытых людзей, разумееш, што прыгажосць і багацце прыроды Верхнядзвінскай зямлі назаўжды застанецца на палотнах і ў нашай душы.
Закончыць знаёмства с мастакамі хочацца рыфмаванымі радкамі ўласнага сачынення:
На аблоках новы дзень
Сонца нам прыносіць.
Калыхае лес прамень
І ад нас бяду адносіць.
Дыямантамі раса ў павуціне –
Нібы пацеркі – так ззяе!
Птушка з ранку, як званок,
Весела спявае.
Зазывае нас струмень
Водару ляснога:
“Ты зайдзі ў лес хутчэй,
Адпачні душою!”
Ціха, лёгка, быццам сон,
Тут накрые ціш лясная,
Зніме боль і зніме стон,
Што ў душы трымаю.
Алена ДЗЯМЕШКА,
кіраўнік народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў.