І.П. ШАКОЛА,
былы старшыня райвыканкама.
— Верхнядзвінску я аддаў восем гадоў працы: палову з іх — начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі, затым — на пасадзе старшыні райвыканкама. Так сталася, што менавіта на час маёй работы прыпала святкаванне 600-годдзя горада. Ладзілі юбілей з былымі паплечнікамі У.Я. Якаўлевым і І.С. Марачкоўскай. Гэта таксама было запамінальнае свята – праходзіла на гарадскім стадыёне і сабрала велізарную колькасць людзей.
Але калі ацаніць дасягеннні Верхнядзвіншчыны за 30-гадовы перыяд, то бачна, як змяніўся раён – прыгажэй сталі і сам горад, і вёскі. Ёсць істотныя заваёвы і ў прамысловасці, і ў сельскай гаспадарцы, што вельмі радуе. Магу параўноўваць з іншымі рэгіёнамі Беларусі, дзе бываю, і бачу — ваш раён выйграе ў многіх напрамках. Адчуваецца, што тут ёсць гаспадар і добрая каманда. У час маёй працы Ігар Іванавіч Марковіч быў маладым спецыялістам, цяпер кіруе раёнам – відавочна, што выбар зроблены правільны.
Прыехаў на свята з братам Паўлам, які таксама працаваў на Верхнядзвіншчыне ў сельскай гаспадарцы. Мы ўражаны ўбачаным і жадаем раёну далейшага росквіту.
В.М. ШАРОЎ,
галава г.п. Валакаламск
-У мінулым годзе на свяце Дня горада Валакаламска мы з Ігарам Іванавічам Марковічам падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве, і вось упершыню наша афіцыйная дэлегацыя прыехала ў Верхнядзвінск.
Перш за ўсё хачу павіншаваць ветэранаў, усіх жыхароў горада-пабраціма са святам і пажадаць здароўя і развіцця.
Вельмі рады за беларусаў і па-добраму зайздрошчу ім. Наведаў прадпрыемствы раёна, глыбока ўнікнуў у стан эканомікі і магу зазначыць, што вы многага дасягнулі ў мадэрнізацыі вытворчасці, умела працуеце з інвестыцыямі. Асабліва спадабаўся масласырзавод – прадпрыемства сучаснага ўзроўню, якое мае шырока вядомы брэнд “Ян-Сырароб” і вызначаецца адмысловай прадукцыяй, якую мы рады бачыць на сваім рынку.
Спадзяёмся, што супрацоўнітва будзе ўмацоўвацца. Мы ўмеем сябраваць – партнёрскія сувязі з гарадамі-пабрацімамі Дзяржынскам і Капшагаем доўжацца па паўстагоддзя. Упэўнены, што з Верхнядзвінскам наперадзе – доўгія гады плённай дружбы.
І.С. СУГУРАЎ,
першы намеснік акіма г. Капшагай
— Дэлегацыя Капшагая прыязджае ў Верхнядзвінск у другі раз. За час дзеяння Пагаднення аб супрацоўніцтве паспелі зрабіць многае: наладзіць дзелавыя і культурныя кантакты, пазнаёміцца з традыцыямі і побытам народаў, абмяняцца вопытам.
І на гэты раз пабывалі ў многіх гаспадарках і на прадпрыемствах, пачэрпнулі для сябе нямала карыснага. Мы вельмі сур’ёзна адносімся да перспектыў супрацоўнітва — у склад дэлегацыі ўваходзяць прадстаўнікі розных галін дзейнасці, якія ўважліва вывучаюць магчымасці пашырэння далейшых сувязей, сферы перасячэння ўзаемных інтарэсаў. Гэта дазволіць прадметна дзейнічаць на агульную карысць.
Вельмі ўзрушвае нас гісторыя Верхнядзвінска, у якую ўпісаны імёны нашых землякоў. Казахі мужна змагаліся на гэтай зямлі, тут пахаваны воіны, якія загінулі пры вызваленні раёна. Капсула з зямлёй гэтых дарагіх для нас мясцін дастаўлена ў Казахстан.
Мы прывезлі віншаванне ад акіма горада, у якім гаворыцца, што мы вельмі цэнім наша сяброўства і спадзяёмся на яго прадаўжэнне. А яшчэ – карціну з выявай кавалачка нашай казахскай зямлі, дзе заўсёды рады сябрам.
Аляксандр ЕЎТУШОК,
першы намеснік старшыні Краслаўскай краявой думы
— З кожным прыездам мы бачым, як развіваецца і прыгажэе Верхнядзвінск, прырастае новымі аб’ектамі, тэхналогіямі, сацыяльнымі здабыткамі. Сённяшні юбілей – таму пацвярджэнне. Мы надзвычай уражаны гасціннасцю беларусаў: такога багацця выставак прадукцыі, шчодрых падвор’яў, культурных мерапрыемстваў не сустракалі нідзе.
Гэта прыгожае шырокае свята – сведчанне дабрабыту і адкрытасці гаспадароў, з якімі прыемна сябраваць. Вялікі дзякуй за гасціннасць, цеплыню, гатоўнасць супрацоўнічаць. Жадаем Верхнядзвінску і яго жыхарам доўгіх мірных і стваральных гадоў жыцця.