Сёлета гасцей прымала КУВСП “Лявонішана”. Кіраўнікі раёна, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, спецыялісты райсельгасупраўлення і працаўнікі раённых службаў сабраліся на свята першага снапа. Пад абрадавыя песні жнеі Раіса Казачонак, Галіна Цішаловіч і Алена Масальская выйшлі ў поле, каб зжаць першы імянны сноп – “гаспадарок”.
І вось камбайны выйшлі ў поле. Галаве раёна даверылі адвезці на мехток першае зжатае зерне. Старшыня райвыканкама Ігар Іванавіч Марковіч упэўнена сеў за руль вялізнага МАЗа, напоўненага зернем. Пасля адгрузкі збожжа на ток кіраўнікі-мужчыны ўзяліся за рыдлёўкі, а жанчыны – за мяцёлкі, каб дапамагчы гаспадарам у запуску зернесушыльнага комплексу. Самыя маленькія ўдзельнікі зажынак пераносілі зярняткі ў агульную гару. Малышы ўручылі гасцям снапкі новага ўраджаю. А гаспадыня свята Жанна Тарлецкая ра-зам са жнеямі — снапы і духмяныя караваі.
Яшчэ адна прыемная традыцыя – загадаць жаданне аб вялікім ураджаі, як мага вышэй падкінуўшы зжатыя снапы, і, канешне, злавіўшы іх.
Святары Валянцін і Аляксандр благаславілі прысутных на добрае жніво.
Адкрываючы семінар-нараду па правядзенні ўборачнай кампаніі, кіраўнік раёна Ігар Марковіч зазначыў, што надыйшоў самы адказны момант, да якога сельгасвытворцы ішлі на працягу года. Ва ўмовах, калі кадраў і грошай не хапае, адказнасць працаўнікоў узрастае ўдвая.
Што датычыцца аб’ёмаў работ, то яны засталіся на ўзроўні мінулага года. Неабходна сабраць ураджай амаль з 22 тысяч гектараў. Цяжкасць сёлетняга прыпару – недахоп паліва. Таму яго ўлік і эканомія – на асобым кантролі.
У гэтым годзе на палі выйдуць 96 камбайнаў. Кіраўнік раёна патрабаваў, каб усе яны былі загерметызаваны. Сушыльная гаспадарка гатова да прыёму зерня, а меры пажарнай бяспекі трэба выконваць на кожным полі, дзе павінна дзяжурыць пажарная машына альбо знаходзіцца ёмістасць з вадой, тэхніка — абсталявана сродкамі пажаратушэння.
Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Быкаў засяродзіў увагу прысутных на тым, што нарыхтоўка кармоў другім укосам павінна весціся паралельна жніву. Для дапамогі сельгасвытворцам на базе райгарасервісу створаны мехатрад.
Аб задачах на ўборцы ўраджаю і сяўбе азімых культур гаварыла спецыяліст аграпрама Люцыя Грэсько.
— Сёлета неабходна дзейнічаць аператыўна, мабілізаваць усе сілы, каб найперш убраць высокаўраджайныя ўчасткі, канюшыну і палегліцу. Патрабуюць асаблівай увагі выкананне дзяржзаказу, нарыхтоўка насення зерневых і шматгадовых траў, уборка ільну.
Асноўная асаблівасць азімай сяўбы – пашырэнне плошчаў звыш 70% ад запланаваных.
З інфармацыяй аб гатоўнасці сельгаспрадпрыемстваў да ўборкі выступіў начальнік аддзела інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці Андрэй Шук. Ён зазначыў, што ў кожнай гаспадарцы неабходна стварыць аварыйныя брыгады па рамонту тэхнікі. Дарэчы, дзве мабільныя брыгады ўжо дзейнічаюць на базе райаграсервісу – па рамонту камбайнаў і зернесушыльнай гаспадаркі.
Аб выніках тэхагляду паведаміў начальнік інспекцыі дзяржтэхнагляду Віктар Болдак. Камбайны павінны мець допускі да дарожнага руху, а таксама да работы ў полі.
В. а. начальніка ДАІ Уладзімір Сінкевіч гаварыў аб бяспецы дарожнага руху. Падчас перавозкі збожжа машыны павінны быць накрыты. Вадзіцелі камбайнаў абавязаны мець пры сабе ўсе неабходныя дакументы, у тым ліку – страхавыя полісы. Калі патрэбна, супрацоўнікі ДАІ будуць суправаджаць камбайны пры іх руху па дарогах рэспубліканскага значэння. Таксама гаварылася аб узмацненні кантролю за тэхнікай, якая знаходзіцца на палявых станах.
— Распрацаваны новыя рэкамендацыі па аплаце працы, якія даведзены да эканамістаў сельгаспрадпрыемстваў, — расказала начальнік аддзела эканомікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ганна Шандзер. -У кожнай гаспадарцы павінна быць падрыхтавана інфармацыя аб расцэнках, нормах выпрацоўкі, сезонных заданнях і іншая дакументацыя.
Умовы спаборніцтва на ўборцы ўраджаю агучыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Алена Зуй. Падчас уборачнай кампаніі перадавікі будуць узнагароджвацца грашовымі прэміямі, сувенірамі, падарункамі, дыпломамі, Ганаровымі граматамі, Падзячнымі лістамі. У іх гонар будзе ўзнімацца сцяг. Акрамя таго, прафсаюзныя камітэты будуць сачыць за забяспечанасцю гарачым харчаваннем, спецадзеннем усіх удзельнікаў жніва, стварэннем належных бытавых умоў (работа лазняў, душавых), своечасовай запраўкай кандыцыянераў камбайнаў, наяўнасцю пітной вады.
Самае галоўнае – захаванне бяспечных умоў працы. Падчас жніва ў сельгаспрадпрыемствах будзе весціся маніторынг стану аховы працы і тэхнікі бяспекі.
Да адказнасці будуць прыцягнуты асобы, якія дапусцілі выпадкі зрыву ўборачных работ, парушэнні працоўнай і вытворчай дысцыпліны, тэхнікі бяспекі.
Падводзячы вынікі, Ігар Марковіч заўважыў, што каманда ў раёне склалася надзейная, таму застаецца толькі працаваць на высокім тэхналагічным узроўні і без страт правесці жніво.
Ксенія КАВАЛЁНАК.