Для ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання зарэгістраваны 521 кандыдат. Аб гэтым паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
«Зарэгістраваны 521 кандыдат у дэпутаты, 93 прэтэндэнтам адмоўлена, 16 чалавек самі адмовіліся ад удзелу ў выбарах», — сказала кіраўнік ЦВК. У цэлым яна пазітыўна ацэньвае колькасць канчатковых прэтэндэнтаў на месца ў парламенце, паколькі працэнт адмовы ў рэгістрацыі невысокі. «Працэнтныя адносіны адмоў — 14,8 працэнта, што на 10 працэнтаў менш, чым чатыры гады таму. Для параўнання: на папярэдніх парламенцкіх выбарах было зарэгістравана 363 кандыдаты, адмоў было 122, або 24,7 працэнта», — адзначыла Лідзія Ярмошына.
Усяго ў гэтым годзе кандыдатамі ў дэпутаты было вылучана 630 чалавек, што на 130 больш, чым на выбарах у 2012 годзе. Пры гэтым у выбаркамы паступіла 765 камплектаў дакументаў, што сведчыць аб розных спосабах вылучэння.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 11 верасня, кандыдаты будуць змагацца за 110 месц у парламенце.
З ЛІКУ ЗАРЭГІСТРАВАНЫХ КАНДЫДАТАЎ
28 — ДЗЕЮЧЫЯ ДЭПУТАТЫ
Сярод зарэгістраваных кандыдатаў 28 чалавек з’яўляюцца дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі дзеючага склікання.
Сярод прэтэндэнтаў на парламенцкую пасаду 129 жанчын (24,8 працэнта), грамадзян ва ўзросце да 30 гадоў — 52 (10 працэнтаў), з’яўляюцца дэпутатамі мясцовых Саветаў дэпутатаў — 43 (8,3 працэнта).
Што датычыцца сфер дзейнасці, тут можна вылучыць наступныя катэгорыі: адукацыя, культура, навука, ахова здароўя — 95 чалавек (18,2 працэнта); гандаль, бытавое абслугоўванне насельніцтва — 24 (4,6 працэнта), дзяржаўныя органы — 51 (9,8 працэнта); праваахоўныя органы і ваенная служба — 8 (1,5 працэнта), прадпрымальнікі — 35 (6,7 працэнта); прамысловасць, транспарт, будаўніцтва — 90 (17,3 працэнта); сельская гаспадарка — 9 (1,7 працэнта). Іншыя сферы дзейнасці прадстаўляюць 137 кандыдатаў (26,3 працэнта), непрацуючых — 30 чалавек (5,8 працэнта), пенсіянераў — 42 (8,1 працэнта).
УМОВЫ ВЫЛУЧЭННЯ РОЎНЫЯ ДЛЯ ЎСІХ КАНДЫДАТАЎ У ДЭПУТАТЫ
Умовы вылучэння роўныя для ўсіх кандыдатаў у дэпутаты. Аб гэтым заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына ў час анлайн-канферэнцыі «Парламенцкія выбары-2016» на сайце БЕЛТА, адказваючы на пытанне, ці былі створаны роўныя ўмовы для вылучэння апазіцыйных і праўладных кандыдатаў.
«Я абсалютна ўпэўнена, што ўсе заканадаўчыя, арганізацыйныя і прававыя перадумовы былі роўныя. І гэта з’яўляецца тым самым галоўным, што можа запатрабаваць ад дзяржавы выбаршчык і кандыдат у дэпутаты», — заявіла Лідзія Ярмошына.
Разам з тым старшыня ЦВК падкрэсліла, што абсалютнай роўнасці пры вылучэнні быць не можа, таму што не роўныя самі кандыдаты. «Дырэктара завода вылучыць яго працоўны калектыў, кіраўніка грамадскага аб’яднання або лідара партыі падтрымае яго структура, а беспрацоўнага вылучаць няма каму. Таму абсалютнай роўнасці не існуе. Усё вызначае асоба самога кандыдата», — звярнула ўвагу яна.
РЭАЛЬНАЯ ЗАРПЛАТА Ў БЕЛАРУСІ Ў 2017 ГОДЗЕ ПАВЯЛІЧЫЦЦА НА 1,5 ПРАЦЭНТА
Рост рэальнай заработнай платы ў Беларусі ў 2017 годзе запланаваны на 1,5 працэнта, паведаміў 12 жніўня журналістам намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Крутой у Савеце Рэспублікі перад пачаткам пасяджэння пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, прысвечанага праектам прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2017 год і параметраў асноўных паказчыкаў на 2018-2019 гады.
Рэальная заработная плата будзе расці супастаўна з ростам ВУП, адзначыў намеснік міністра. «Намінальная зарплата вырасце на 11,8 працэнта, рэальная зарплата вырасце супастаўна з ростам ВУП — гэта 1,5 працэнта, — растлумачыў ён. — Для бюджэтнага сектара наша класічная прапорцыя, да якой мы заўсёды імкнёмся — 80 працэнтаў, спадзяёмся, будзе вытрымана».
Паводле слоў Дзмітрыя Крутога, эканоміка Беларусі ў гэтым годзе развіваецца ў няпростых умовах. «Першы квартал — гэта ўплыў цэн на нафту, другі квартал — складаная знешняя кан’юнктура на нашых традыцыйных рынках, у першую чаргу гэта металургія і калійны рынак, — сказаў ён. — Аднак мы спадзяёмся, што тыя меры мабілізацыі, якія ў гэтым годзе вельмі актыўна распрацоўваюцца і прымаюцца, у наступным годзе пачнуць прыносіць адчувальную аддачу, і росту ВУП на 1,5 працэнта мы дасягнём».
Палавіну гэтага прыросту павінна забяспечыць традыцыйная прамысловасць. «І тут прыменены абсалютна класічны балансавы падыход, — растлумачыў Дзмітрый Крутой. — Мы прайшлі па ўсіх нашых буйнейшых прадпрыемствах-вытворцах, паглядзелі іх вытворчыя праграмы. Усё рэальна». Другую палавіну прыросту павінна даць інавацыйная эканоміка. Ключавая роля пры гэтым адводзіцца дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця. У яе ўвайшлі 74 важныя праекты, якія ў наступным годзе павінны забяспечыць 0,15 працэнта прыросту ВУП.
«Таксама мы спадзяёмся, што будуць больш актыўна выкарыстоўвацца інвестыцыйныя магчымасці, якія сёння прадастаўляе нацыянальная эканоміка», — дадаў намеснік міністра. Паводле яго слоў, незадзейнічанымі застаюцца кітайскія крэдытныя лініі, і ў сувязі з гэтым цалкам справядліва крытыка кіраўніка дзяржавы. «Урад актыўна цяпер над гэтым працуе, у тым ліку з нашымі кітайскімі партнёрамі», — сказаў ён.
У цэлым інвестыцыйныя праекты, заяўленыя дзяржорганамі, канцэрнамі, прыватным бізнесам, павінны забяспечыць прырост ВУП на ўзроўні 0,6 працэнта.
«Такім чынам сумарна па трох ключавых групах мы выйдзем на 1,5 працэнта росту ВУП», — рэзюмаваў Дзмітрый Крутой.
«РАСАТАМ» ЗАМЕНІЦЬ КОРПУС РЭАКТАРА БЕЛАРУСКАЙ АЭС
«Расатам» гатовы выканаць патрабаванне Мінска замяніць корпус рэактара будуемай пры ўдзеле РФ Беларускай АЭС. Аб гэтым ТАСС паведамілі ў дзяржкарпарацыі.
«Мы выканаем гэта патрабаванне заказчыка, яно было для нас чаканым. Мы ўжо заяўлялі, што паставімся да такога рашэння з павагай, разумеючы, па якой прычыне яно можа быць прынята, таму што грамадская прымальнасць атамнай энергетыкі — не менш важны прыярытэт, чым яе бяспека, — сказалі ў «Расатаме». — Будзем абмяркоўваць з заказчыкам дэталі, звязаныя з яго рэалізацыяй».
Беларуская АЭС — праект па будаўніцтве атамнай электрастанцыі тыпу ВВЭР-1200, які рэалізуецца за 18 км ад Астраўца (Гродзенская вобласць). БелАЭС будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 (2х1200) МВт.