Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабаваў нарасціць тэмпы ўборачнай. Адпаведнае даручэнне кіраўнік дзяржавы даў 29 ліпеня ў час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць.
«Пара выходзіць на намалот пад 500 тыс. т у дзень»
У час рабочай паездкі таксама абмяркоўваліся закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю, вытворчасць асобных відаў сельскагаспадарчых культур, нарыхтоўка кармоў, выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы па развіцці вытворчасці цукру і шэраг іншых пытанняў у сферы эфектыўнага гаспадарання на зямлі.
Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, нагадаў аб патрабаванні больш актыўна выкарыстоўваць арганічныя ўгнаенні. «Не разлічвайце, што мы будзем купляць за валюту ўгнаенні. Трэба ўносіць больш арганікі», — адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў безумоўнай рэалізацыі даручэнняў па набыцці гаспадаркамі прэс-падборшчыкаў. Прэзідэнту прадэманстравалі ў палявых умовах адпаведную тэхніку айчыннай вытворчасці, якая мае вельмі шырокі дыяпазон прымянення.
«БЕЛАВІЯ» ПЛАНУЕ ЗНІЖАЦЬ ТАРЫФЫ ДЛЯ ПАСАЖЫРАЎ
Паводле слоў гендырэктара, «Белавія» працуе над зніжэннем тарыфаў. «Думаю, што мы будзем восенню з паступленнем новых самалётаў прапаноўваць практычна па ўсіх нашых напрамках больш нізкія тарыфы для пасажыраў», — сказаў Анатоль Гусараў.
Ён дадаў, што ў «Белавія» задаволены вынікамі работы за першае паўгоддзе, якое кампанія завяршыла з прыбыткам. «Нягледзячы на пэўныя цяжкасці ў эканоміцы мы змаглі нарасціць і аб’ёмныя паказчыкі, і фінансавыя», — адзначыў гендырэктар.
Спецыялісты «Белавія» цяпер знаходзяцца ў ЗША. «15 жніўня мы чакаем прыбыцця першага самалёта ў новай ліўрэі», — удакладніў ён. Плануецца, што другі Boeing 737-800 прызямліцца ў Мінску ў верасні, трэці — у лістападзе. Самалёты будуць у кампаноўцы эканомкласа, яны разлічаны на 189 пасажыраў. Авіякампанія плануе іх выкарыстоўваць на ўжо існуючых чартарных маршрутах. Высокая эканамічная эфектыўнасць самалётаў дасць магчымасць знізіць выдаткі, а павялічаная далёкасць палёту зробіць магчымым больш доўгія бесперасадачныя маршруты, у тым ліку на Тэнерыфе і ў Дубай.
«Белавія» — буйнейшы авіяперавозчык Беларусі. Цяпер флот кампаніі налічвае 27 паветраных суднаў. «Белавія» ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы ў 47 аэрапортаў 28 краін Еўропы і Азіі.
ІМПАРТ СПАЖЫВЕЦКІХ ТАВАРАЎ У СТУДЗЕНІ-МАІ СКАРАЦІЎСЯ НА 15 ПРАЦЭНТАЎ
Імпарт спажывецкіх тавараў у студзені-маі скараціўся на 15 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведаміў 29 ліпеня першы намеснік міністра гандлю Беларусі Артур Карповіч на пасяджэнні калегіі ведамства.
«За студзень-май імпарт спажывецкіх тавараў склаў 85 працэнтаў да аналагічнага перыяду 2015 года і скараціўся на $431 млн. Знізіўся імпарт і ў колькасным выражэнні па 36 з 68 асноўных таварных пазіцый, якія ўлічваюцца Белстатам», — адзначыў Артур Карповіч.
Ён падкрэсліў, што істотнае скарачэнне імпарту ў вартасным выражэнні адбылося ў тым ліку па таварных пазіцыях, вытворчасць якіх у краіне наладжана: легкавых аўтамабілях (на $125 млн), яблыках ($100 млн), лекавых сродках, расфасаваных для рознічнага продажу ($18 млн), капусце ($16 млн), абутку ($13 млн), агурках ($7 млн), цыбулі рэпчатай, часнаку ($6 млн), хлебе і мучных кандытарскіх вырабах ($6 млн), керамічнай плітцы ($5 млн). «Пры гэтым попыт па-ранейшаму задавольваецца пераважна за кошт тавараў айчыннай вытворчасці», — падагульніў Артур Карповіч.
БЮДЖЭТ ПРАЖЫТАЧНАГА МІНІМУМУ ПАВЯЛІЧАНЫ ДА BR175,5
У Беларусі бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ) з 1 жніўня па 31 кастрычніка бягучага года ў разліку на месяц складзе з улікам дэнамінацыі Br175,50. Такая інфармацыя размешчана на сайце Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала.
БПМ працаздольнага насельніцтва з 1 жніўня па 31 кастрычніка складае Br193,58; пенсіянераў — Br134,40; студэнтаў — Br170,46; дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў — Br112,30; дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў — Br155,82; дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў — Br191,50.
У сувязі з павышэннем БПМ са жніўня павялічацца мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі; надбаўкі, павышэнні да пенсій і даплаты людзям ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым; дапамогі па доглядзе інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту; дапамогі на дзяцей: пры нараджэнні першага дзіцяці — 10 БПМ, другога і наступных дзяцей — 14 БПМ; па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў (1 БПМ); на дзяцей ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (0,5 БПМ), на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў (0,5 БПМ, 0,7 БПМ); на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека (0,7 БПМ), і іншыя сацыяльныя выплаты, якія вылічаюцца з памеру БПМ.
Таксама з 1 жніўня бягучага года павысіцца крытэрый патрэбнасці пры вызначэнні права на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу грамадзян (сем’яў), якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Акрамя таго, будзе праведзены пераразлік штомесячнай сацыяльнай дапамогі, якая прадастаўляецца ў рамках дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі (ДАСД).
УЗРАСТАЮЦЬ ДЗІЦЯЧЫЯ ДАПАМОГІ, ШТО ВЫЛІЧВАЮЦЦА З ПАМЕРУ БПМ
У Беларусі са жніўня бягучага года ўзрастаюць дзяржаўныя дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, што вылічваюцца з памеру бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ). Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Так, аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці (10 БПМ) з 1 жніўня па 31 кастрычніка складзе Br1755,00, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей (14 БПМ) — Br2457,00. Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, (100 працэнтаў БПМ) — Br175,50.
Штомесячная дапамога на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў, якiя вызначаюцца заканадаўствам, на дзіця-інваліда (70 працэнтаў БПМ) складае Br122,85, на іншых дзяцей у сям’і (50 працэнтаў БПМ) — Br87,75. Штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў (100 працэнтаў БПМ) з мая складае Br175,50, штомесячная дапамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванае ВІЧ, (70 працэнтаў БПМ) — Br122,85.
Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (50 працэнтаў БПМ) складае Br87,75.
Як паведамлялася, са жніўня ўзрастуць дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Выплаты на першае дзіця вырастуць з 1 жніўня на Br7,34 і складуць Br252,39, на другое і наступных дзяцей павялічацца на Br8,39 і складуць Br288,44, на дзіця-інваліда — на Br9,44 (складуць Br324,50).
БПМ з 1 жніўня па 31 кастрычніка бягучага года ў разліку на месяц з улікам дэнамінацыі складзе Br175,50.
ДРУГІ ТРАНШ КРЭДЫТУ ЕФСР У ПАМЕРЫ $300 МЛН ПЕРАЛІЧАНЫ БЕЛАРУСІ
Другі транш крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) у памеры $300 млн пералічаны Беларусі.
«Беларусь выканала ўмовы для атрымання другога траншу фінансавага крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, падпісанага ў Маскве 25 сакавіка 2016 года. Сродкі ў памеры $300 млн паступілі ў рэспубліканскі бюджэт 29 ліпеня», — растлумачылі ў Мінфіне.
Міністэрства фінансаў Беларусі і Еўразійскі банк развіцця 25 сакавіка 2016 года падпісалі пагадненне аб прадастаўленні фінансавага крэдыту са сродкаў Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Пагадненнем прадугледжана выдзяленне фінансавых рэсурсаў на суму $2 млрд у падтрымку мер эканамічнай палітыкі і структурных пераўтварэнняў урада і Нацыянальнага банка Беларусі на 2016-2018 гады, адобраных Саветам Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця.
Сродкі будуць прадастаўлены сямю траншамі на працягу 2016-2018 гадоў: два траншы пералічаны ўжо, у 2016 годзе чакаецца яшчэ адзін транш, тры — у 2017-м і адзін — у 2018-м годзе.
Як паведамлялася, Беларусь у першай палавіне 2015 года падала заяўку на новы крэдыт у памеры $3 млрд у Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС (цяпер мае назву Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (ЕФСР). — Заўвага БЕЛТА). У далейшым першапачаткова агучаная сума крэдыту для Беларусі ў памеры $3 млрд зменшылася ў працэсе перагавораў да $2 млрд.