Суседскія сувязі з латышамі ў верхнядзвінцаў не абмяжоўваюцца толькі блізкім памежжам. Вось і нядаўна з экскурсіяй у наш музей завітала грамада ў 40 рыжан. Паездку арганізавала Латвійская Нацыянальная акадэмія культуры пад кіраўніцтвам акадэміка-фалькларысткі, прафесара сталічнага ўніверсітэта, дэпутата Сейма Яніны Курсітэ.
Гэта ўжо не першая наша сустрэча з прадстаўнікамі акадэмічных колаў суседняй краіны. Яшчэ на першых кроках стварэння раённага музея на Верхнядзвіншчыну прыязджала невялікая група з той жа акадэміі. У ліку новых знаёмых ужо тады былі спадарыня Яніна, а таксама прафесар-археолаг, акадэмік Юрыс Уртанс. Нас прыемна здзівіла апантаная зацікаўленасць латышскіх навукоўцаў самымі рознымі аспектамі гісторыі і сучаснага жыцця беларуска-латышскага памежжа. З піянерскім імпэтам акадэмікі адольвалі нялёгкія кіламетры шляху, у лясах і хмызняках разам з намі адшуквалі курганы, узбіраліся на гарадзішчы, да дробязяў распытвалі пра жыццё вясковых бабуль, фатаграфавалі кветкі ў іхніх прысадах, акяніцы і застрэшкі старых хат, камяні і крыжы на могілках і іншае.
Вынікам сумеснай вандроўкі стала перапіска, абмен звесткамі, фатаграфіямі. Ю. Уртанс неў-забаве прыслаў свае цудоўна аформленыя кнігі “Нарысы пра гарадзішчы Латвіі” і “Культурна-гістарычныя камяні Даўгавы”, ад Яніны Курсітэ мы атрымалі грунтоўны зборнік артыкулаў “Балта-славянскія культурныя сувязі”, які яна выдала на латышскай і рускай мовах.
Пасля першай азнаямляльнай паездкі Я. Курсітэ на наступны год прывезла ўжо вялікую групу экскурсантаў. На маршруце, які пралягаў праз Расіцу, Сар’ю, Асвею, акадэмічная група паказала грунтоўнае веданне гісторыі нашага памежжа, што не пакідала нашым экскурсаводам прасторы для адвольнага тлумачэння асобных яе падзей. Мы зладзілі сустрэчу ў РДК, дзе гасцей вітаў народны клуб “Ветэран”, была арганізавана кніжная выстаўка, эксклюзіўны паказ цікавых латышам рарытэтаў будучага музея. Узаемная зацікаўленасць падагравалася песнямі на латышскай мове, якія гучалі ў выкананні беларусаў. А песня “Лісце жоўтае” прагучала і справакавала імправізаваныя скокі гасцей і гаспадароў перад сцэнай.
Спадарыня Яніна выканала сваё абяцанне зноў прывезці экскурсантаў з Рыгі. Гэтым разам сучасны аўтобус-лайнер адразу прычаліў да веснічак раённага музея. Турысты былі падзелены на дзве групы, экскурсаводамі сталі аўтар гэтых радкоў і захавальнік музейных фондаў Ігар Русін. Раскрываючы галоўныя тэмы музейных “прычалаў”, мы пастараліся на кожным з іх падкрэсліць факты і падзеі з агульнай гісторыі народаў-суседзяў. Гадзіна, адведзеная для знаёмства з экспазіцыямі, праляцела вельмі хутка. Госці выказалі сваё шчырае задавальненне ад экскурсіі, на расстанне гучалі падзякі, апладысменты. Не абышлося без сувеніраў і нават абдымкаў. На памяць пра сустрэчу акадэмік Я. Курсітэ пакінула дзве новыя свае кнігі: “Вяселле ў Латгаліі” і “Ідэнтычнасць ускраіны”. Гэтыя кнігі, выдадзеныя на “рэабілітаванай” латгальскай мове, сведчаць пра глыбокае веданне аўтаркай фальклору нашых найбліжэйшых суседзяў і ўяўляюць сабой дадатковую крыніцу знаходак для беларускіх этнографаў і фалькларыстаў, і, найперш, для верхнядзвінцаў. Хочацца адзначыць, што ўвага да выдання навуковай літаратуры этнагістарычнага і наогул культурніцкага зместу ў Латвіі стаіць на высокім узроўні, гэта праяўляецца нават у вонкавым выглядзе багата ілюстраваных выданняў, аформленых надзвычай якасна і без якіх-небудзь рэкламных заставак.
Гэтым разам нам не было сорамна за пэўныя бакі турыстычнага сэрвісу ў раёне. Ва ўсякім разе, госці мелі магчымасць падмацавацца ў верхнядзвінскіх кавярнях. А што да прыдарожных пунктаў адпачынку, прыбіральняў – тут мы яшчэ адстаем ад суседзяў. Прынамсі жартоўна выглядала карціна чаргі, якая ўтварылася каля “малаёмістага” музейнага туалета. Мы запэўнілі гасцей, што ў наступнай вандроўцы латышскіх навукоўцаў па нашым раёне яны ўбачаць і нашы новыя крокі на сцяжыне да цывілізаванага гасцявога сэрвісу, змогуць набыць мясцовыя сувеніры на ўспамін аб сустрэчах на Верхнядзвіншчыне.
А.БУБАЛА.