Часам здаецца, што кожны дзень для гэтых людзей – святочны. Дзякуючы работнікам культуры кожнае мерапрыемства атрымліваецца захапляльным і запамінаючым. Па-за межамі сцэны застаюцца рэпетыцыі, хваляванні, напружаная падрыхтоўка — і артысты дораць гледачам добры настрой і магчымасць дакрануцца да свету творчасці.
— Гледача не падманеш, — лічыць дырэктар Бігосаўскай школы мастацтваў, кіраўнік народнага вакальнага гурта “Дзвінскія напевы” Ігар Новікаў. – На сцэне трэба выкладацца поўнасцю, нягледзячы ні на асабісты настрой, ні на колькасць людзей у зале.
Гэта Ігар Аляксеевіч ведае добра і як кіраўнік песеннага гурта, і як актыўны ўдзельнік народнага калектыву “Верхнядзвінскія музыкі”.
Сам ён ніколі не думаў, што жыццё давядзецца звязаць з культурай. Хаця ўсе родныя, і дзяды, і бацькі, і браты – людзі не раўнадушныя да музыкі. Кожны валодаў тым ці іншым музычным інструментам, аднак спецыяльную адукацыю атрымаў толькі Ігар Аляксеевіч. Пасля арміі паўстаў выбар, які шлях надалей выбраць. І тут, напэўна, вырашыў лёс. Юнак выпадкова трапіў падчас паездкі да родных на Магілёўшчыну ў вучылішча культуры, дзе ішоў набор на народнае харавое аддзяленне. Паспрабаваў і… паступіў. І тут канчаткова ўпэўніўся, што народная песня – гэта роднае. Яна з маленства была побач з ім, яе спявалі бабулі…
18 год Ігар Аляксеевіч адпрацаваў мастацкім кіраўніком у Балінскім клубе, адначасова завочна вучыўся.
-Так атрымалася, што я ўсё жыццё вучуся, — дадае субяседнік. – Пасля вучылішча скончыў Інстытут культуры па спецыяльнасці кіраўнік народнага хору. І мяне запрасілі ў Бігосаўскую ДШМ, спачатку педагогам, а з 2010 года ўзначаліў гэты творчы калектыў.
Працяглы час на базе клуба дзейнічаў хор, якому кіраўнік вырашыў надаць больш высокі статус – званне народнага. З’явіліся спачатку “Прыдзвінскія напевы”, якія ў канчатковым варыянце сталі “Дзвінскімі напевамі”. Гэтак жа паступова вызначыўся і рэпертуар – народная песня ва ўсёй сваёй непаўторнай прыгажосці і мілагучнасці. З часам у калектыва вызначыўся стыль, з’явіліся асабістыя аранжыроўкі знаёмых песень. Здаецца, усё ўжо спета-перапета, аднак, дзякуючы вопыту і адукацыі, Ігару Аляксеевічу ўдаецца ствараць нібыта новыя творы — вядомыя песні атрымліваюць новае, непадобнае на ранейшае, гучанне. І каб аранжыроўкі былі прафесіянальнымі, яму давялося атрымаць другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці гукарэжысёр.
Званне народнага “Дзвінскія напевы” атрымаў у 2004 го-дзе. З часу заснавання назапасіў вялікі рэпертуар. Як і шматлікія ўзнагароды, атрыманыя на разнастайных конкурсах і фестывалях. Канешне, адзначае субяседнік, хацелася б набыць і новыя касцюмы для калектыву, каб дастойна і прыгожа прадстаўляць раён па-за межамі краіны.
З цягам часу колькасць і склад удзельнікаў “Дзвінскіх напеваў” мяняўся. Сёння калектыў складаецца з 6 чалавек. Пачынала ў ім спяваць яшчэ і маці кіраўніка – Любоў Іванаўна. Сюды ж дырэктар музычнай школы запрасіў сваіх калег-педагогаў. “Дзвінскія напевы” сталі роднымі і для яго жонкі Алены. Музычную адукацыю маюць не ўсе выканаўцы, таму, каб на сцэне выглядаць дастойна, працаваць кіраўніку гурта даводзіцца шмат.
-Калектыў “Верхнядзвінскіх музыкаў” – іншая справа, — кажа Ігар Аляксеевіч, — тут жывы гук, аднадумцы, музыканты, якія ра-зумеюць адзін аднаго з паўслова. І бачанне яго кіраўніка Майі Рубель таксама цікавае і карыснае для мяне, і яе задумкі, і тое, што ў выніку атрымліваецца.
Такім чынам даводзіцца Ігару Аляксеевічу сумяшчаць і пасаду дырэктара, і кіраўніка “Дзвінскіх напеваў”, і ўдзельніка “Верхнядзвінскіх музыкаў”, аднак творчага запалу хапае на ўсё. Тым больш, ёсць да чаго імкнуццца – планы, якія абавязкава хацелася б ажыццявіць.
Падчас святкавання 150-годдзя аграгарадка Бігосава І. А. Новікаў атрымаў узнагароду ад кіраўніка раёна – ганаровую грамату райвыканкама за шматгадовую плённую працу, эстэтычнае выхаванне і арганізацыю вольнага часу моладзі аграгарадка.
Сваім калегам з нагоды Дня работніка культуры Ігар Аляксеевіч жадае ўдзячных гледачоў, невычэрпнага натхнення, творчай энергіі, новых дасягненняў, а таксама здароўя і дабрабыту.
Анна ЗІМАЦКАЯ.