Вяскоўцы рыхтуюць тэхніку да зімовага захоўвання

Актуально Общество

У КУВСП “Каханавічы” поўным ходам ідзе падрыхтоўка тэхнікі да зімовага захоўвання. У мехмайстэрнях вядзецца яе рамонт і кансервацыя.

Мікалай Чарноў, Дзмітрый Разбінскі  і Валерый Аднапол кансервуюць КЗРы.
Мікалай Чарноў, Дзмітрый Разбінскі
і Валерый Аднапол кансервуюць КЗРы.

Галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства Уладзімір Пажыган разам з загадчыкам мехмайстэрань Пятром Балашам ацэньваюць аб’ём работ.
Зараз вядзецца бягучы рамонт чатырох трактараў, пяць збожжаўборачных камбайнаў адагналі ў райаграсервіс, тры – паставілі на захоўванне. Таксама і з кормаўборачнымі – пачалі рыхтаваць да кансервацыі.
Гатовы да зімовага захоўвання і пасяўныя агрэгаты – чатыры АПП-3 і АПП-6, рыхтуецца АПП-6Д. Дарэчы, уся тэхніка, якая маецца ў сельгаспрадпрыемстве, вымыта, пачышчана, пафарбаваны яе працоўныя органы.
За кожным механізатарам замацавана пэўная адзінка тэхнікі, гаспадары ведаюць неабходны аб’ём работ. Зараз закупаюцца патрэбныя запчасткі. Складаны рамонт будзе рабіць райаграсервіс, а з менш працаёмкімі – баронамі або чызелямі – механізатары справяцца самі.

Віктар Казлоў фарбуе жатку на КВК-800.
Віктар Казлоў фарбуе жатку на КВК-800.

У мехмайстэрнях створаны ўсе ўмовы для эфектыўнай работы. Наведзены парадак на тэрыторыі, у бытавых памяшканнях. Адчуваецца цяпло – працуе свая кацельня, дровы для якой нарыхтавалі загадзя. Закансерваваная тэхніка акуратна расстаўлена на пляцоўках па відах.
З механізатарамі два разы на год праводзяцца інструктажы па тэхніцы бяспекі.

Васіль Мароз.
Васіль Мароз.

Асабліва адзначаюць у сельгаспрадпрыемстве “залатыя” рукі механізатараў Васіля Мароза, Ігара Сушчэвіча, Мікалая Забагонскага, Валерыя Аднапола, у якіх тэхніка заўсёды дагледжана і менш ламаецца ў час сельгасработ.
Пакуль механізатары шчыруюць у майстэрнях, на палях спяшаюцца ўзняць зябліва Васіль Мароз, Аляксей Уласаў, Васіль Пільнік і Валерый Горбач. Хутка ім на дапамогу прыйдуць і астатнія механізатары. Сёлета даведзены аб’ём работ, бадай, самы вялікі ў раёне – 2100 гектараў.
-Уздым зябліва на такой вялікай плошчы – задача не з лёгкіх, — расказвае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Казлоў. – Аднак апошнія пяць гадоў нам удаецца з ёй справіцца. Канешне, вясной адчуваецца вынік восеньскай працы. Уздым зябліва дазваляе правесці сяўбу больш якасна і ў паскораным тэмпе. За зіму перагніваюць рэшткі культур, глеба “прамярзае” – гінуць узбуджальнікі хвароб, ды і ўзараная зямля больш “мяккая”, прыдатная для насення.
Галоўны аграном адзначае плённую працу механізатара Васіля Мароза. Васіль Паўлавіч вядзе ворыва якасна – адчуваецца вопыт: на палях распачынае гэту работу яшчэ ў ліпені, а заканчвае напрыканцы лістапада.
Ксенія КАВАЛЁНАК.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *