Тэма тыдня

Тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад кантралюючых органаў краіны дзейнічаць у сваёй рабоце акуратна і справядліва. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 16 снежня на нарадзе аб выніках праверкі дзейнасці Камітэта дзяржаўнага кантролю.
«Трэба дзейнічаць па-дзяржаўнаму! Гэта датычыцца ўсіх кантралюючых органаў, а Камітэта дзяржкантролю ў першую чаргу. Паколькі ён надзелены шырокімі паўнамоцтвамі па ажыццяўленні кантрольнай, фіскальнай, праваахоўнай дзейнасці і фінансавай разведкі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Бяздумны падыход у рабоце кантралёраў недапушчальны ў прынцыпе».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што непасрэдная падначаленасць Прэзідэнту і напрацаваны гадамі аўтарытэт прадвызначаюць асаблівы статус Камітэта, з якім сёння лічацца. «Гэта цэнтральны орган ва ўсёй сістэме кантрольна-наглядных органаў. І ваша работа павінна быць прыкладам для ўсіх кантралёраў», — адзначыў Прэзідэнт.
«Утойваць не буду, асобныя факты, выкладзеныя ў матэрыялах праверкі, выклікаюць у мяне сур’ёзную заклапочанасць: прыпіскі, справакаваныя адсутнасцю самакантролю, карупцыйныя праявы ў дзейнасці супрацоўнікаў дзяржкантролю, павярхоўнае стаўленне да справы і гэтак далей, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Хачу сказаць галоўнае — падрываць свой аўтарытэт органам дзяржкантролю нельга ні ў якім выпадку. Інакш мы страцім кантроль над важнейшымі напрамкамі развіцця краіны».

ПАСТАВІЦЬ НАДЗЕЙНУЮ ЗАСЛОНУ ДАГАВОРНЫМ ТЭНДАРАМ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў упарадкаваць сістэму тэндарных закупак. Аб гэтым па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы расказаў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў.
Паводле слоў старшыні КДК, перш за ўсё стаіць задача не дапускаць дагаворных тэндараў, калі заказчык з патэнцыяльнымі падрадчыкамі могуць дамовіцца аб канчатковых выніках тэндара пад канкрэтнага выканаўцу. «Гэты пралаз трэба ўбраць праз удасканаленне заканадаўства», — сказаў ён.
Леанід Анфімаў у цэлым расказаў, што ў параўнанні з пачаткам мінулага дзесяцігоддзя колькасць праводзімых праверак скарацілася практычна ў 10 разоў, але адначасова ўзрасла іх выніковасць. Ведамства ў асноўным канцэнтруе сілы і сродкі на найбольш значных напрамках у эканамічнай дзейнасці краіны.

ВЕТСЛУЖБА НЕ ПАВІННА ВЫКОНВАЦЬ РОЛЮ ЭКАНАМІЧНАГА ПРЫГНЯТАЛЬНІКА

Пры ўзнікненні якіх-небудзь праблем з пастаўкамі прадуктаў харчавання паміж Беларуссю і Расіяй ветслужбы павінны аператыўна разбірацца ў сітуацыі і выкараняць праблемныя пытанні. Аб гэтым у інтэрв’ю праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1» заявіў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы.
Міхаіл Русы падкрэсліў, што ветслужбы не павінны выконваць ролю эканамічнага прыгнятальніка, а ў выпадку ўзнікнення праблемных пытанняў, вырашаць іх. «Абедзве службы павінны сесці, разабрацца, у чым справа, калі ёсць на нейкім параметры пытанні — на нашым, на расійскім баку, а мы выяўляем не менш фактаў — навесці парадак», — лічыць віцэ-прэм’ер.
Пры гэтым Міхаіл Русы звярнуў увагу на тое, што і ў Беларусі да Рассельгаснагляду шмат пытанняў.
Віцэ-прэм’ер, у прыватнасці, спыніўся на пытанні фальсіфікацыі беларускай харчовай прадукцыі на расійскім рынку. Паводле яго слоў, у Расіі падробліваюць беларускія сыры, масла, сухое малако.

ЗАМЕСТ ДАСТОЙНЫХ УЗАЕМААДНОСІН

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі зацікаўлена ў выбудоўванні дастойных узаемаадносін з Рассельгаснаглядам. Аб гэтым заявіў у інтэрв’ю праграме «Контуры» на тэлеканале АНТ намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло.
«Нам хацелася б выбудаваць дастойныя ўзаемаадносіны з Рассельгаснаглядам, але калі нам выстаўляюцца патрабаванні і прэтэнзіі, якія не абгрунтаваныя, вось тут, вядома, пачынаецца іншая гульня», — сказаў намеснік міністра. Стварэнне бар’ераў для паставак беларускай прадукцыі на расійскі рынак супярэчыць прынцыпам ЕАЭС.
Ігар Брыло падкрэсліў, што па кожным факце неадпаведнсці беларускі бок прадастаўляе Рассельгаснагляду поўны пакет дакументаў. «Рэгулярна з імі абмяркоўваем гэту тэму», — сказаў ён.
Амаль 95 працэнтаў беларускага харчовага экспарту прыпадае на Расію і толькі 5 працэнтаў — на іншыя краіны. У сувязі з гэтым намеснік міністра адзначыў важнасць дыверсіфікацыі рынкаў збыту і падкрэсліў, што Беларусь вядзе пошук новых партнёраў для пашырэння паставак прадуктаў харчавання. «У 2015 годзе мы правялі атэстацыю ўсіх малочных прадпрыемстваў на прадмет пастаўкі нашай прадукцыі ў Кітай, у наступным годзе ў нас запланавана атэстацыя кітайскімі экспертамі нашых птушкагадоўчых прадпрыемстваў», — расказаў Ігар Брыло.
Вядуцца перагаворы аб парт-нёрстве з ААЭ. «Дасягнута поўнае ўзаемаразуменне з арабскім бокам. У бліжэйшы час эксперты ААЭ прыбудуць у Беларусь для сертыфікацыі нашай прадукцыі», — дадаў ён.

ВАРЫЯНТЫ ЗНІЖЭННЯ САБЕКОШТУ КВАДРАТНАГА МЕТРА ЖЫЛЛЯ

Намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін у ходзе рабочай паездкі ў Мінскую вобласць даручыў прапрацаваць варыянты зніжэння сабекошту квадратнага метра жылля.
Віцэ-прэм’ер наведаў шэраг прадпрыемстваў, азнаёміўся з праблемнымі пытаннямі іх дзейнасці і перспектывамі развіцця. Па выніках паездкі дадзены даручэнні прапрацаваць магчымыя варыянты па зніжэнні сабекошту квадратнага метра жылля за кошт аптымізацыі вытворчасці, вызначыць неабходны аб’ём выконваемых будаўніча-мантажных работ, што забяспечвае бясстратны ўзровень работы прадпрыемства пры ўмове выканання інвестыцыйных абавязацельстваў.

ДАЗВОЛ НЕ СПАТРЭБІЦЦА

У пастанову Савета Міністраў нумар 1426 ад 25 кастрычніка 2011 года «Аб некаторых пытаннях абыходжання з аб’ектамі расліннага свету» ўнесены змяненні. Адпаведнае рашэнне ўрада замацавана пастановай нумар 1020 ад 14 снежня, апублікаванай 16 снежня на сайце ўрада.
Як растлумачыў намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Кузьміч, адным з асноўных новаўвядзенняў з’яўляецца тое, што цяпер для высечкі дрэў, якія прызнаны небяспечнымі, не будзе патрабавацца атрыманне дазволаў выканкамаў. Дазвол выдаецца на працягу месяца, а такія дрэвы трэба ўбіраць хутка. З 31 снежня гэты парадак спрашчаецца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *