Тэма тыдня

Тема недели

Асаблівым клопатам і ўвагай трэба акружыць старых людзей. На гэтым акцэнтаваў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 снежня, выступаючы на навагоднім дабрачынным свяце для дзяцей у час акцыі «Нашы дзеці».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што акцыя «Нашы дзеці» атрымала ў краіне вялікі размах, аднак у перыяд навагодніх і калядных свят трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу пажылым і старым людзям.
«Мы не павінны забываць, што ёсць старыя, іх трэба акружыць клопатам і ўвагай. Тым больш што не ў кожнага ёсць тыя, хто ў гэта свята можа прыйсці і падарыць часцінку душы і ўвагі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

УЗМАЦНІЦЬ МЕРЫ ПА БАРАЦЬБЕ З П’ЯНСТВАМ НА ВЫТВОРЧАСЦІ

Супрацоўнікаў, якія з’яўляюцца на вытворчасці ў стане алкагольнага ап’янення, трэба без шкадавання звальняць. Такое меркаванне выказаў 23 снежня журналістам у ходзе наведвання ААТ «Белшына» старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.
Спікер верхняй палаты парламента адзначыў, што ў ААТ «Белшына» вядуць непрымірымую барацьбу з п’янствам. Тут рэгулярна праводзяцца рэйды, і той, каго заўважылі ў стане алкагольнага ап’янення, неадкладна звальняецца. «Трэба, каб такая норма прымянялася ўсюды. Калі злоўлены, то павінен быць прыцягнуты да адказнасці. Сёння на рынку працы дастаткова кваліфікаванага персаналу, здольнага замяніць п’яніц, — сказаў Міхаіл Мясніковіч. — З гэтым сацыяльным злом трэба весці сур’ёзную барацьбу. Бо за п’янствам стаяць і суіцыды, і рост злачыннасці». Ён падкрэсліў, што дзяржава траціць вялізныя сродкі на аднаўленне здароўя, якое людзі губяць самі.

НАЦЫЯНАЛЬНЫ ПЛАН ДЗЕЯННЯЎ
ПА РАЗВІЦЦІ ЗЯЛЁНАЙ ЭКАНОМІКІ

Пастановай Савета Міністраў ад 21 снежня 2016 года нумар 1061 зацверджаны Нацыянальны план дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі ў Беларусі да 2020 года. Дакумент размешчаны на афіцыйным сайце ўрада.
Стратэгічнай мэтай рэалізацыі плана з’яўляецца павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця. «З улікам нацыянальных асаблівасцей і глабальных выклікаў дзяржава вызначае зялёную эканоміку як стратэгічны прыярытэт. Вынікам рэалізацыі плана будзе паэтапнае пераўтварэнне нацыянальнай эканомікі, заснаванае на ўкараненні прынцыпаў зялёнай эканомікі і дасягненні мэт устойлівага развіцця, гарманізацыі эканамічных, экалагічных і сацыяльных інтарэсаў», — гаворыцца ў пастанове.
Прыхільнасць Беларусі да прынцыпаў зялёнай эканомікі замацавана ў агульнадзяржаўных праграмных дакументах, уключаючы Нацыянальную стратэгію ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця на перыяд да 2030 года. У якасці асноўнай мэты першага этапу выканання стратэгіі (2016-2020 гады) разглядаецца пераход да якаснага збалансаванага росту эканомікі шляхам яе структурна-інстытуцыянальнай трансфармацыі з улікам рэалізацыі прынцыпаў зялёнай эканомікі, прыярытэтнага развіцця высокатэхналагічных вытворчасцей, якія стануць асновай для павышэння канкурэнтаздольнасці краіны і якасці жыцця насельніцтва. Асноўная мэта другога этапу (2021-2030 гады) — пераход да стабільнай устойлівасці развіцця і дасягненне высокай якасці чалавечага патэнцыялу на аснове далейшага станаўлення зялёнай эканомікі, паскоранага ўдасканалення высокатэхналагічных вытворчасцей.
Зялёная эканоміка — мадэль арганізацыі эканомікі, накіраваная на дасягненне мэт сацыяльна-эканамічнага развіцця пры істотным скарачэнні экалагічных рызык і тэмпаў дэградацыі навакольнага асяроддзя.

ПЕРАХОДЗІМ  ДА ВЫКАРЫСТАННЯ БЯСПЕЧНЫХ ДЛЯ АЗОНАВАГА СЛОЮ І НАВАКОЛЬНАГА АСЯРОДДЗЯ РЭЧЫВАЎ У ПРАМЫСЛОВАСЦІ

Беларусь пераходзіць да выкарыстання бяспечных для азонавага слоя і навакольнага асяроддзя рэчываў у прамысловасці. Аб гэтым паведамілі ў прэс-офісе Праграмы развіцця ААН.
У паскарэнні вываду рэчываў, якія разбураюць азонавы слой, а таксама ў пераходзе на новае бяспечнае халадзільнае абсталяванне Беларусі дапамагае Глабальны экалагічны фонд і Праграма развіцця ААН: на працягу трох гадоў у краіне рэалізуецца праект «Садзейнічанне ў рэалізацыі паскоранага вываду з абарачэння гідрахлорфторвугляродаў (ГХФВ) у краінах з пераходнай эканомікай».
У ліку прыкладаў практычнай рэалізацыі мэт і задач праекта — вопыт ААТ «Давыд-Гарадоцкі электрамеханічны завод», якое з мэтай паэтапнай адмовы ад ГХФВ-141b у якасці растваральніка было паспяхова пераведзена на азонабяспечную тэхналогію ачысткі дэталей, што выкарыстоўваюцца пры зборцы рэле для Мінскага завода халадзільнікаў «Атлант». Толькі за 2016 год праект дапамог заводу сэканоміць каля Br200 млн (недэнамінаваных).
На завод аўтамабільных прычэпаў і кузаваў ТАА «МАЗ-Купава» таксама было пастаўлена новае абсталяванне (поўная камплектацыя тэхналагічнай лініі), яго мантаж плануецца завяршыць у першым квартале 2017 года.
Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі Праграмы развіцця ААН і Глабальнага экалагічнага фонду «Садзейнічанне ў рэалізацыі паскоранага вываду з абарачэння гідрахлорфторвугляродаў (ГХФВ) у краінах з пераходнай эканомікай» з’яўляецца часткай буйной рэгіянальнай ініцыятывы, у якой акрамя Беларусі ўдзельнічаюць Таджыкістан, Украіна і Узбекістан. Рэалізоўваўся ён сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі ў перыяд з 2013 па 2016 год. Бюджэт ініцыятывы склаў $2,2 млн. Асноўнай крыніцай фінансавання выступіў Глабальны экалагічны фонд.

ЛЕПШЫЯ СПАРТСМЕНЫ БЕЛАРУСІ Ў 2016 ГОДЗЕ

Алімпійскі чэмпіён Рыа-дэ-Жанэйра ў скачках на батуце Уладзіслаў Ганчароў і прадстаўніца зборнай Беларусі па барацьбе Марыя Мамашук названы лепшымі спартсменамі Беларусі 2016 года па выніках традыцыйнага апытання, праведзенага газетай «Спортивная панорама».
У алімпійскім 2016 годзе батутыст Уладзіслаў Ганчароў заваяваў залаты медаль у Бразіліі на галоўных стартах чатырохгоддзя. У ходзе апытання беларускіх журналістаў ён атрымаў 981 ачко. Другое месца заняў кідальнік молата сярэбраны прызёр Гульняў Іван Ціхан — 763 балы. Лепшай сярод беларускіх спартсменак прадстаўнікі мас-медыя прызналі Марыю Мамашук (591 ачко), якая ў жніўні 2016-га ў Рыа заняла другое месца ў вагавай катэгорыі да 63 кг.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *