Варонін Васіль Аляксеевіч нарадзіўся 6 снежня 1971 года ў вёсцы Дзёрнавічы ў сям’і педагогаў. У 1989 годзе скончыў з залатым медалём СШ № 2 горада Верхнядзвінска. Далейшы шлях у жыцці ён выбраў па прыкладу рана памерлага бацькі-гісторыка і свайго настаўніка гісторыі Р. П. Масяйчонка – паступіў на гістарычны факультэт Беларускага Дзяржаўнага Ўніверсітэта. Дыплом атрымаў у 1994 годзе. Затым Васіль Варонін скончыў аспірантуру БДУ, а ў 2000 годзе стаў кандыдатам гістарычных навук. Яго дысертацыя раскрывала сацыяльна-эканамічнае і палітычнае развіццё Полацкага ваяводства ў першай палове XVI стагоддзя. Малады навуковец адразу заявіў пра сябе як карпатлівы пошукавец і ўдумлівы даследчык захаваных праз вякі гістарычных крыніц. У 2005 годзе Васіль Аляксеевіч стаў дацэнтам. Ён няспынна паглыбляў свае веды ва ўлюбёнай сферы, шматразова стажыраваўся ў навучальных і навуковых установах Польшчы – у Цэнтры даследаванняў антычнай традыцыі пры Варшаўскім універсітэце, у Люблінскім універсітэце, а таксама ў багатай на першакрыніцы беларускай гісторыі Вільні, у Інстытуце гісторыі Літвы.
Галоўным кірункам навуковай дзейнасці нашага земляка стала гісторыя Беларусі эпохі Вялікага Княства Літоўскага ХІІІ – ХVI стагоддзяў, дзеля чаго ён пільна займаецца археаграфічнай дзейнасцю.
У 1994 – 1995 і 1998 – 2000 гадах В. А. Варонін працаваў у Полацкім дзяржаўным уні-версітэце, а з 2000 па 2015 гг. яго працоўны лёс звязаны з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, дзе спачатку быў старшым выкладчыкам, а потым дацэнтам кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта, кіраваў двума супольнымі беларуска-расійскімі навуковымі праек-тамі. Са студзеня 2016 года Васіль Варонін – загадчык аддзела гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі.
У пераліку навуковых публікацый В. Вароніна больш за 100 назваў. Ён сістэмна даследуе гісторыю Полацкай і Віцебскай зямель у складзе ВКЛ, дзяржаўна-палітычную і канфесійную гісторыю нашай тагачаснай дзяржавы, нястомна вывучае выдавецкую археаграфію.
Варта адзначыць, што сярэдневечча ў Падзвінні, як і наогул у ВКЛ, было багата на шматлікія, падчас імклівыя і супярэчлівыя падзеі, калі наша дзяржава на роўных змагалася за лідэрства ў Еўропе з магутнымі суседзямі на захадзе і ўсходзе, адстойвала сваю самастойнасць і незалежнасць у бесперапынных войнах. Таму заявіць публічна пра сваё бачанне тагачасных падзей мае права толькі той навуковец, які знайшоў і глыбока вывучыў летапісы, метрыкі, пісьмёны і іншыя гістарычныя крыніцы, захаваныя часам у розных архіўных, бібліятэчных, музейных і прыватных зборах. В. А. Варонін вывучае Магдэбургскае права ў Полацку, асноўныя тэндэнцыі ўнутранага і замежнага гандлю славутага горада, храмавае і манастырскае будаўніцтва ў нашым Падзвінні, рамяство і грашовае абарачэнне, культуру і асвету, жыццяпісы князёў і іх замкаў, падзеі шматлікіх войнаў – усе бакі разнастайнага жыцця нашай сярэдневечнай дзяржавы, дзе раслі і ўмацоўваліся карані нашага радавода.
В. А. Варонін актыўна ўдзельнічае ў працы міжнародных канферэнцый, яго выступленні, знаходкі і матэрыялы даследванняў перакладаюцца на англійскую, рускую, літоўскую, польскую, украінскую мовы, друкуюцца ў Мінску і Маскве, Санкт-Пецярбургу і Вільні, Кіеве і Беластоку – на абшарах краін, цесна звязаных агульным гістарычным лёсам.
Не пакідае наш зямляк без увагі і свой родны кут. Нашых чытачоў цікавяць старонкі біяграфіі князя Андрэя Полацкага, матэрыялы пра летапісны “дзень нараджэння” горада Дрысы, апублікаваныя ў кнізе “Памяць”; на старонках “Дзвінскай праўды” пабачыў свет навуковы артыкул В.Вароніна “Дрыса ў ХVІ стагоддзі”.
У маіх успамінах 30-гадовай даўніны паўстае звычайны, сціплы хлопец, які сярод гаманлівай грамады турыстаў падчас няблізкіх вандровак вылучаўся прыкметнай сур’ёзнасцю, не дазваляў сабе бяздумнай гарэзнасці, а да гутаркі далучаўся толькі тады, калі яна патрабавала грунтоўных разважанняў і не абмяжоўвалася павярхоўнымі ўражаннямі ад убачанага. Ужо тады ў характары Васіля можна было ўбачыць тыя важныя рысы, якія вывелі яго на шлях служэння навуцы.
А. БУБАЛА,
навуковы супрацоўнік раённага музея.