Беларусь максімальна адказна падыходзіць да правядзення II Еўрапейскіх гульняў, заявіў 21 студзеня на першым пасяджэнні рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Еўрапейскіх гульняў 2019 года ў Беларусі прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.
«Задача аб правядзенні Еўрапейскіх гульняў на найвышэйшым узроўні пастаўлена кіраўніком дзяржавы. Да Еўрагульняў засталося два з палавінай гады, але гэта толькі здаецца, што часу шмат. Усе выканаўцы павінны максімальна адказна падысці да вырашэння ўскладзеных на іх задач», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
У трохмесячны тэрмін павінен быць зацверджаны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні Еўрапейскіх гульняў. «Яго праект падрыхтаваны ўжо і накіраваны зацікаўленым», — паведаміў Андрэй Кабякоў.
ЗАЛАТЫ ЗАПАС БЕЛАРУСІ ВЫРАС ДА 39,1 Т
Залаты запас у Беларусі за 2016 год вырас на 1 т і на 1 студзеня 2017 года склаў 39,1 т. Аб гэтым сведчаць даныя Нацыянальнага банка Беларусі.
На 1 студзеня 2016 года залаты запас Беларусі складаў 38,1 т.
Залаты запас — гэта каштоўныя металы ў выглядзе банкаўскіх зліткаў, якія знаходзяцца ў веданні Нацыянальнага банка Беларусі і з’яўляюцца часткай Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў і каштоўных камянёў Беларусі. Залаты запас выступае ў ролі рэзервовага актыву ў складзе золатавалютных рэзерваў, забяспечваючы дыверсіфікацыю партфеля рэзерваў.
ПРАДОЎЖАНЫ ТЭРМІНЫ ДЗЕЯННЯ ТАРЫФАЎ НА ТРАНЗІТ НАФТЫ
ПА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ
Інфармацыя аб гэтым змешчана ў пастанове Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю нумар 6 ад 18 студзеня 2017 года, апублікаванай 21 студзеня на Нацыянальным прававым партале.
Як паведамлялася, Беларусь павысіла тарыфы на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах, размешчаных на тэрыторыі Беларусі. МАРГ прыняў пастанову ад 30 снежня 2016 года нумар 48 «Аб тарыфах на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», згодна з якой ранейшыя тарыфы на паслугі ААТ «Полацктранснафта Дружба» па транспарціроўцы (транзіце) нафты праіндэксаваны на 11,76 працэнта, на паслугі ААТ «Гомельтранснафта Дружба» — на 7,7 працэнта.
Гэта пастанова ўступае ў сілу з 1 лютага 2017 года.
МАЛАДЫЯ ПЕДРАБОТНІКІ БУДУЦЬ АТРЫМЛІВАЦЬ ДАПЛАТЫ ЯШЧЭ АДЗІН ГОД ПАСЛЯ АДПРАЦОЎКІ
Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 19 студзеня 2017 года нумар 48.
Педагагічным работнікам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія адпрацавалі два гады па размеркаванні (пераразмеркаванні), накіраванні (далейшым накіраванні) на работу ва ўстановы адукацыі і прадаўжаюць працаваць на ўмовах заключаных працоўных дагавораў (кантрактаў), устанаўліваюцца штомесячныя даплаты ў памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду, устаноўленай Саветам Міністраў для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый, на працягу наступнага аднаго года.
Штомесячныя даплаты выплачваюцца па асноўным месцы работы прапарцыянальна адпрацаванаму часу (аб’ёму выкананых работ), але не вышэй за памер адной тарыфнай стаўкі першага разраду, устаноўленай Саветам Міністраў.
Як растлумачылі ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі, такая мера дасць магчымасць замацаваць маладых спецыялістаў ва ўстановах адукацыі і не дапусціць зніжэння іх зарплаты.
Пастанова ўступае ў сілу з 1 студзеня 2017 года.
ПУЦЁЎКУ НА «ЕЎРАБАЧАННЕ-2017» ВЫЙГРАЛА ГРУПА NAVIBAND
Пасля агучвання вынікаў галасавання гледачоў музыканты аказаліся не ў лідарах, але журы паставіла NAVIBAND самы высокі бал (12), што зрабіла групу пераможцамі. Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук выканалі песню «Гісторыя майго жыцця» на беларускай мове. Аўтар песні — Арцём Лук’яненка.
Усяго 13 фіналістаў конкурсу прадставілі ў фінале свае кампазіцыі.
Міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне-2017» пройдзе ў маі ў сталіцы Украіны Кіеве.
ФРАНЦУЗСКАЕ АНТЫДОПІНГАВАЕ АГЕНЦТВА НЕ МАЕ ПРЭТЭНЗІЙ
ДА ЧАТЫРОХ БЕЛАРУСКІХ ВЕСЛЯРОЎ
Французскае антыдопінгавае агенцтва не мае прэтэнзій да чатырох беларускіх весляроў. Аб гэтым паведаміў генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Анатоль Котаў.
«Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі атрымаў афіцыйнае паведамленне ад французскага антыдопінгавага агенцтва, у якім пазначана, што прэтэнзій да чатырох з пяці беларускіх весляроў, якія падазраваліся ў парушэнні антыдопінгавых правіл па выніках збораў у Францыі ў красавіку 2016 года, няма. Гэта Андрэй і Аляксандр Багдановічы, Аляксандр Ляпешка, Дзмітрый Сільчанка. Застаецца адзін Максім Пятроў, у якога было нязначнае перавышэнне. Адпаведна, усе аргументы беларускага боку аб тым, што ў Міжнароднай федэрацыі веславання (ICF) не было падстаў прыцягваць да адказнасці нашу каманду па веславанні на байдарках і каноэ, знайшлі афіцыйнае пацвярджэнне», — адзначыў Анатоль Котаў.
Паводле яго слоў, Нацыянальны алімпійскі камітэт падрыхтуе сёння заяву ў Спартыўны арбітражны суд у Лазане з паведамленнем аб гэтым факце, каб рашэнне французскага агенцтва было далучана да справы і бралася пад увагу пры вынясенні рашэння. «На наш погляд, гэта пацвярджае, што падстаў для негатыўнага рашэння па справе беларускіх весляроў не засталося», — падкрэсліў генеральны сакратар НАК.
Як паведамлялася раней, пры падрыхтоўцы да Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра зборная Беларусі вясной бягучага года праходзіла падрыхтоўку ў Францыі. У камандзе быў зроблены вобыск з боку паліцыі, і яна падазравалася кіраўніцтвам ICF у прымяненні забароненых прэпаратаў, з-за чаго мужчынская зборная не змагла прыняць удзел у летніх Гульнях 2016 года.