У гэтым годзе фальклорны калектыў “Сенькавіца”, які быў створаны на базе Сенькаўскага сельскага клуба, адзначае сваё 20-годдзе.
Лёс гэтага гурта даволі няпросты. З 1978 года ў в. Канчаны існаваў ансамбль “Крыніца”, кіраўніком якога з’яўлялася Тамара Марынская. У склад калектыву ўваходзіла 9 чалавек: Марыя Саўлук, Франя Русак, Валянціна Лазарава, Валянціна Яроменак, Ганна Русак, Наталля Сівоха, Ганна Жуклевіч і Анастасія Лукашонак. Нягледзячы на тое, што гурт быў дастаткова аддаленым ад райцэнтра, ён змог прыняць удзел у міжнародным фестывалі фальклору ў Маскве (1982 г.) і Ленінградзе (1984 г.). Удзельнікі калектыву сталі героямі фільма Таццяны Мажэйка “Галасы вякоў”, у якім былі сабраны выступленні фальклорных гуртоў з усёй Беларусі. Гэта кінастужка атрымала вялікую папулярнасць у тыя часы.
Так склалася, што ў 1995 годзе клуб у Канчанах закрылі. Усе ўдзельнікі калектыву былі вымушаны перайсці ва ўжо існуючы з 1984 года Сенькаўскі сельскі клуб, які знаходзіўся непадалёку. Склад гурта дапоўніўся сенькаўскімі спявачкамі Тамарай Маркевіч, Вандай Булгак, Любоўю Марынскай, Лідзіяй Палячонак і і ншымі.
У 1997 годзе калектыў перай-менавалі ў ансамбль “Сенькавіца” – яму было прысвоена званне народнага. З цягам часу ўдзельнікі калектыву змяняліся. “Сенькавіца” стала частым удзельнікам “Славянскага базару” у Віцебску (з 1992 г). Таксама спевакі прымалі ўдзел у этнаграфічным канцэрце “Майстры голаснага спеву” (2007г.), дзе Ганаровымі граматамі былі адзначаны Любоў Марынская і Людміла Крыванос, у абласным свяце “Масленічны разгуляй”. Гурт вылучаецца не толькі тым, што ўдзельнічае ў раённых святах, але і міжнародных — фальклорным фестывалі “Словенские ключи”, які праходзіў у г. Ізборск Пскоўскай вобласці (2013г.). У тым жа годзе калектыў быў адзначаны дыпломам за ўдзел у тэлевізійным творчым праекце “Звёздный путь”.
Гурт супрацоўнічае з КУПСХП “Асвейскі”: дапамае праводзіць кірмашы, засеўкі, дажынкі. Ёсць добрая традыцыя віншаваць працаўнікоў спевамі на навагоднія святы, падчас уборачных і пасяўных. Сёння ў склад калектыву ўваходзяць 7 чалавек: Людміла Крыванос, Любоў Марынская, Алена Аржанік, Вікторыя Курыловіч, Лілія Бучыла, Галіна Свірчанкова і Тэрэза Новік. Гэта таленавітыя людзі, якія сваёй творчасцю даказваюць: фальклор будзе існаваць заўсёды.
Лізавета ЯСЮКЕВІЧ,
студэнтка Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.