Аб’яўлены конкурс «Жывая класіка»

Актуально Образование

Штогод у Дзень беларускага пісьменства падводзяцца вынікі конкурсу юных чытальнікаў ”Жывая класіка“. З улікам святкавання ў краіне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання конкурс мяняе свой фармат – з раённага на рэспубліканскі. Гэты праект – значны крок на шляху адраджэння цікавасці да беларускай літаратуры і культуры ў сучаснага пакалення школьнікаў.

эмблема

эмблема

Старт конкурсу дадзены 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы. Удзел ім возьмуць навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўсёй Беларусі.
Заснавальнікі конкурсу – Міністэрства інфармацыі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ГА ”Саюз пісьменнікаў Беларусі“, ЗАТ ”Сталічнае тэлебачанне“.
Дэвіз – ”Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе i краiну!“. Асноўнымі мэтамі і задачамі з’яўляюцца павышэнне цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, развіццё і захаванне высокіх маральных каштоўнасцяў і ідэалаў беларускага грамадства, выхаванне падрастаючага пакалення на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры, прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблематыкі чытання, пашырэнне чытацкага кругагляду, пошук і падтрымка таленавітай моладзі.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца вучні пачатковых класаў, 5-6, 7-8 і 9-10 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Конкурс праводзіцца на працягу года: першы этап – ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з 1 па 31 сакавіка 2017 г.; другі – раённы з 1 па 30 красавіка 2017 г.; трэці – абласны з 1 па 31 мая 2017 г.
Па выніках абласнога этапу конкурсу лепшыя юныя чытальнікі краіны стануць удзельнікамі заключнага рэспубліканскага, які сёлета адбудзецца падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Полацку.
Крытэрыямі ацэнкі пры падвядзенні вынікаў будуць глыбіня пранікнення ў вобраз і сэнс твора, выбар тэкста, артыстызм выканання.
Усе ўдзельнікі конкурсу ўзнагароджваюцца дыпломамі лаўрэатаў, дыпломамі пераможцаў першай, другой і трэцяй ступеней адпаведна. Пераможцы рэспубліканскага этапу ўзнагароджваюцца пуцёўкай у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубронак».
Тэлеверсія заключнага рэспубліканскага этапу конкурсу транслюецца асобнай праграмай у эфіры ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *