З нагоды Дня канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падчас патрыятычнай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!”, па традыцыі ў зале райвыканкама сабраліся юнакі і дзяўчаты, для якіх надыйшоў час атрымаць самы галоўны дакумент – пашпарт грамадзяніна нашай краіны.
Намеснік старшыні райвыканкама Т. В. Севалкіна і старшы інспектар групы па грамадзянству і міграцыі РАУС В. А. Ломач уручылі маладым людзям пашпарты, а таксама кнігі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
— Сёння вы зрабілі першы крок у дарослае жыццё, — адзначыла Таццяна Васільеўна, віншуючы юнакоў і дзяўчат. – Быць грамадзянінам Беларусі – гэта вялікая адказнасць і перад грамадскасцю, і перад самім сабой. Вы – будучае нашай краіны, ад вас залежыць яе развіццё, таму жадаю паспяховай вучобы, правільна абранай прафесіі і поспехаў ва ўсіх справах.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны У. У. Дашчонак, вітаючы моладзь, падзяліўся ўспамінамі аб тым часе, калі ён сам атрымаў пашпарт, як людзі, што жылі раней у вёсках, не мелі яго зусім. Пашпарт на той момант замяняла пасведчанне асобы, якое выдавалася і дзейнічала толькі пэўны час, калі патрабавалася куды-небудзь ехаць.
— Цяпер жа вы маеце магчымасць і паехаць вучыцца, і вандраваць, і ўладкоўвацца на працу, і ўсё гэта дзякуючы наяўнасці пашпарта, — адзначыў ветэран. – Ад імя ўсёй ветэранскай арганізацыі і асабіста сябе віншую вас з гэтай нагодай.
Да віншаванняў далучылася галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. А. Усовіч.
Успамінамі аб тым, якой асабістай падзеяй стала атрыманне пашпарта, падзялілася Ю. П. Ушак, інспектар аддзела кадраў ААТ “Антонава-Агра”. У 2005 годзе яна ў ліку першых удзельнікаў акцыі атрымала гэты дакумент з рук былога намесніка старшыні райвыканкама У. Я. Якаўлева.
— Вось ужо колькі год пашпарт разам са мной, — падзялілася выступоўца. – У ім адзначаны самыя важныя падзеі майго жыцця – і шлюб з любімым чалавекам, і нараджэнне дачкі, і вандроўкі ў розныя краіны. Пэўны час жыла ў Гродна, але цягнула душа сюды, на Верхнядзвіншчыну. Вярнуліся сям’ёй, улад-каваліся з мужам на працу па спецыяльнасці. І не шкадуем, бо малая радзіма – заўсёды бліжэй.
Ад імя бацькоў самыя лепшыя пажаданні моладзі выказала Т. С. Маладзечкіна. Віншавалі сваіх старэйшых сяброў і вучні малодшых класаў СШ №2.
Юнакі і дзяўчаты далі клятву маладога грамадзяніна Беларусі.
Ад імя БРСМ в.а. першага сакратара Дар’я Сакалоўская ўручыла членскія білеты тым, хто нядаўна ўступіў у рады Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.