У аматарскім аб’яднанні «Сучаснік» пры цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з майстрам народнай творчасці Любоўю Іванаўнай МАРЫНСКАЙ.
-У нашай клубнай гасцёўні ніколі не бывае сумна,- расказвае кіраўнік творчага аб’яднання Ірына Цімашэнка.- Бо збіраюцца ў ёй, сапраўды, цікавыя і адораныя людзі, якім ёсць што расказаць і паказаць. Вось і на гэты раз сустрэча захапіла прысутных так, як гэта бывае пры знаёмстве з таленавітым і неардынарным чалавекам.
Лёс Любові Іванаўны Марынскай непарыўна звязаны з роднай зямлёй, якая дае ёй натхненне ў творчасці. У маладосці яна паспрабавала гарадскога жыцця: скончыла Ленінградскае вучылішча па спецыяльнасці «Роспіс па фарфоры» і нейкі час працавала на Ламаносаўскім фарфоравым заводзе. Але хутка зразумела, што гарадскі тлум – не для яе і вярнулася ў Сенькава.
Здольнасці да мастацкай творчасці патрабавалі паглыблення ў справу, і Любоў Марынская паступіла ў Віцебскае вучылішча культуры і мастацтваў, дзе набыла прафесію рэжысёра самадзейнага тэатральнага калектыву. З тае пары яна з’яўляецца нязменным кіраўніком мясцовай культустановы. 33 гады была дырэктарам сельскага Дома культуры, а сёння – клуба-бібліятэкі. І ўвесь час займалася зборам аўтэнтычнага фальклору – песень, паданняў, традыцыйных абрадаў. Багаты скарб фальклорнай спадчыны ўвасабляецца на сцэне – 20 гадоў Любоў Іванаўна выступае з вядомым у раёне ансамблем «Сенькавіца», а яшчэ – кіруе папулярным маладзёжным гуртом «Галасы вякоў».
Рознабакова адораная, творца шукае новыя і новыя магчымасці рэалізаваць свае таленты. Калі народная майстрыца Ядзвіга Лапошка падарыла ёй ляльку-мотанку, Любоў Іванаўна захапілася гэтым чароўным аўтэнтычным мастацтвам. Яна вырашыла не проста асвоіць яго, але аднавіць рамяство стварэння менавіта сенькаўскай лялькі-мотанкі.
Творчы пошук увянчаўся поспехам – майстрыца стварыла цэлую калекцыю старажытных абярэгаў, у кожнага з якіх – свая гісторыя. У майстар-класе, які Любоў Марынская правяла з наведвальнікамі аб’яднання, яна расказала аб асаблівасцях лялек, якія складалі цэлую культуру побыту нашых продкаў. Лялька-Спавівалка клалася ў калыску перад з’яўленнем там дзіцяці, Лялька-Бяссонніца аберагала сон, Неразлучніца сцерагла сям’ю, Дабрабытніца першай «заходзіла» у новабудоўлю, Траўніца – лячыла, Спадарожніца – аберагала вандроўнікаў…
Падчас майстар-класу ўсе жадаючыя маглі паспрабаваць зрабіць ляльку-мотанку. Зразумела, ніхто сёння не верыць у язычніцкія абрады, але ўзяць сувенір і ўспомніць гісторыю жыцця продкаў – незвычайна і цікава.
Напрыканцы сустрэчы госці наведалі выставу лялек у Цэнтры культуры, дзе паглядзелі работы лепшых майстроў раёна, якія працуюць у гэтым накірунку.
— Мерапрыемства пакінула найлепшыя ўражанні,- падсумавала Ірына Цімашэнка,- мы будзем рады новым сустрэчам у нашым аб’яднанні, якія натхняюць на творчы пошук і абагачэнне спадчыны роднай зямлі.
С.АЛЯКСАНДРАВА.