Сяўба патрабуе гаспадарскага падыходу

Актуально Экономика

У тройцы лідараў пасяўной кампаніі — ААТ “Прудзінкі” , СП “Каханавічы”
і ААТ “Нурава”. У “Нураве”
з запланаваных 1198 гектараў пасеяна амаль трэцяя частка яравых культур.
— Па-ранейшаму працуем не на поўную моц, — расказвае дырэктар гаспадаркі Васіль Шылаў. – Глеба пераўвільготненая, не ўсе палі “паспелі” да сяўбы. Пакуль хапае двух пасяўных агрэгатаў – АПП-6 і АПП-3. Надыдзе час кукурузы – падключым яшчэ дзве сеялкі. У асноўным, сеем гарох, ячмень і авёс, і, канешне, рапс. Механізатары працуюць з шасці гадзін раніцы і да васьмі вечара.
Сёлета прыйдзецца перасяваць каля 100 гектараў азімых зерневых, рапс, а гэта 109 гектараў, “выжыў” увесь. Перавагу аддаем беларускім гатункам, і справа тут не толькі ў кошце. Яны больш прыстасаваныя, асабліва азімыя культуры, да нашых кліматычных умоў. Хаця сёлета эксперыментуем з нямецкім гібрыдам яравога рапсу “Калібр”, які пасеем на 100 гектарах.
Правялі першую падкорму, пры ўсталяванні “плюсавых” тэмператур пачнем хімпраполку і апрацоўку азімага рапсу ад шкоднікаў. Паралельна з сяўбой уносім мінеральныя і арганічныя ўгнаенні.

Віктар Кадушка і Міхаіл Собаль.
Віктар Кадушка і Міхаіл Собаль.

Ва ўрочышчы Адамова з раніцы кіпіць работа. Ва ўзараную глебу ўносіць мінеральныя ўгнаенні Віктар Кадушка, бесперабойную работу па іх падвозцы забяспечвае Міхаіл Собаль. Элітны рапс “Калібр” даверылі сеяць Ігару Красоўскаму.

Ігар Красоўскі памяняе запчастку - і зноў у поле
Ігар Красоўскі памяняе запчастку — і зноў у поле

-Ужо каторы год спраўляемся самі, сеем і убіраем без старонняй дапамогі, — не без гордасці расказвае Віктар Кадушка. – Стараемся, аднак без кантролю ў такой справе не абыйсціся. З намі на полі заўсёды брыгадзір і аграномы, дырэктар.
Сёлетняя вясна падрыхтавала нямала сюрпрызаў. Але не апускаюць рукі аграрыі. Спадзяюцца на Бога, на тое, што надвор’е ў хуткім часе ўсталюецца, а таксама разлічваюць на свае сілы. “Паспявалі раней адсеяцца ў тэрміны, і зараз паспеем”, — завяраюць механізатары.

Пакуль вядзем размову, Ігар Красоўскі спяшаецца да свайго агрэгата. Неабходна тэрмінова ліквідаваць паломку, і ў яго гэта атрымліваецца. Ігар Леанідавіч “намётаным” вокам акідвае тэхніку, надзявае рукавіцы і здымае запчастку. Тэлефонны званок, і неабходную дэталь хутка дастаўляюць прама на поле. У тым, што гэта – прафесіянал, як і большасць з працуючых тут, гаварыць не даводзіцца. За плячыма – вялікі вопыт работы.
— Пасля заканчэння СПТВ вярнуўся працаваць сюды, тады гэта быў калгас Ільіча. Усё жыццё прысвечана гэтай зямлі, акрамя, бадай, службы ў арміі, — успамінае Ігар Леанідавіч. – На колькіх відах тэхнікі працаваў – не пералічыць! Пэўны час займаў пасаду інжынера па працаёмкіх працэсах, аднак “збег” да зямлі.
Кароткі перарыў на абед і — зноў у поле. У сельгаспрадпрыемстве арганізавана гарачае харчаванне, механізатары забяспечаны спецадзеннем, сродкамі аховы.
Ксенія КАВАЛЁНАК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *