Як звычайна, сёлета саракадзённы пасхальны перыяд напоўнены шматлікімі духоўнымі сустрэчамі і святочнымі мерапрыемствамі, падчас якіх хрысціяне дзеляцца радасцю Уваскрасення Хрыстова. Традыцыйным стаў у Верхнядзвінску і Велікодны фестываль, які сёлета так і называўся: “Пасхальная радасць”.
Гасцей раённага Цэнтра культуры сустракала асаблівая атмасфера пасхальных дзён: пах кулічоў, каляровая россып фарбаванак, пастаральныя фігуркі ягнят, а галоўнае – цеплыня ўсмешак і ўрачыстае: “Хрыстос уваскрос!”. Людзі прыйшлі на свята з добразычлівым настроем і адкрытымі сэрцамі, чаго нам так не хапае ў мітуслівым жыцці. Рэжысёр Раіса Ясючэня і іншыя работнікі культуры, якія падарылі землякам гэта культурна-духоўнае мерапрыемства, пастараліся напоўніць яго адпаведным пранікнёным зместам.
Выставачная зала зіхацела рукатворнымі работамі народных майстроў Верхнядзвіншчыны, сярод якіх пераважалі вышытыя аб-разы, абвітыя бісерам яйкі, саламяныя сувеніры, гліняныя цацкі, плеценыя кошыкі з падарункамі. Не адвесці вачэй ад прыгожых і складаных работ Галіны Цыра, Музы Булаўскай, Таццяны Цыра, Тамары Кецкінай, Раісы Шыпіла, Раісы Сардыка, Любові Новікавай, Тамары Дзямешка, Вольгі Сазановіч, Алены Дзямешка, Валянціны Шумскай, Тамары Мядзель, Ірыны Ярашэвіч, Людмілы Шалкаўнёвай, іншых прызнаных рукадзельніц. Свае вырабы на выставе прадставілі таксама ўстановы культуры і школы раёна.
Вясёлы і прыемны момант свята – выстаўка-дэгустацыя пасхальных кулічоў і іншых кулінарных вырабаў, якімі шчодра частавалі гасцей гаспадыні з аматарскіх аб’яд-нанняў нацыянальнай кухні, фальклору і гульні “Расіца” Бігосаўскага СДК, “Гаспадынька” Шайцераўскага СДК, Каханавіцкага і Боркавіцкага СДК, Сакалоўшчынскага клуба-бібліятэкі.
У глядзельнай зале ўдзельнікаў ура-чыстасці сустра-калі жыццярадасны пераліў званоў і духоўная музыка, якія славілі Уваскрасенне Збаўцы. Светлая Пасха – свята святаў, і гэта асаблівае яго прызначэнне адчувалася ў настроі ўсіх, хто выходзіў на фестывальную сцэну. Першымі верхнядзвінцаў павіншавалі святары – настаяцель Храма Свяціцеля Мікалая пратаіерэй Валянцін Вабішчэвіч і пробашч касцёла Нараджэння Панны Марыі Аляксандр Грыцкевіч. Служыцелі алтара адзначылі, што Бог дараваў людзям Уваскрасенне, каб радаваліся вызваленню з граху і жыццю вечнаму, любілі адзін аднаго, дзяліліся дабрынёй і справамі міласэрнасці. Святары пажадалі ўсім супакою і шчырай веры, якая суправаджала б у жыцці і напаўняла радасцю.
Работнікі культуры і сама-дзейныя артысты падрыхтавалі да свята насычаную культурную праграму, у якой спалучаліся духоўныя матывы і народныя традыцыі святкавання Вялікадня. Гарачымі апладысментамі сустракалі гледачы артыстаў народнага клуба “Ветэран”, узорнага ансамбля “Лялькі”, вядомых народных калектываў “Верхнядзвінскія музыкі”, “Сенькавіца”, бігосаўскага ансамбля “Дзвінскія напевы”, антонаўскага “Гукі сэрца”, асвейскага квартэта “Ваколіца”, салістаў раённага Цэнтра культуры. Са сцэны гучалі валачобныя і іншыя фальклорныя мелодыі, вершы духоўнай тэматыкі, танцоры кружылі ў старажытных танцах кракавяк і падэспань, вадзілі абрадавыя хараводы і весялілі гасцей адмысловымі жартамі.
Свята пакінула цёплы і радасны настрой, які яго ўдзельнікі панеслі з сабой у сем’і і на месцы працы, каб дзяліцца з акружаючымі гэтымі светлымі пачуццямі.
С.ДЗВІНСКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.