Гаспадары з Каханавіч вырошчваюць экзатычныя расліны

"Наша гасцёўня" Актуально

Летні час – цудоўная пара, калі падворкі руплівых гаспадароў радуюць вока ўпарадкаванасцю, чысцінёй і буйным разнаквеццем.

IMG_0810 копия

Сядзіба Віктара Васільевіча і Фаіны Канстанцінаўны Манько знаходзіццца ў цэнтры аграгарадка Каханавічы і, здаецца, ужо толькі гэты факт абавязвае падтрымліваць яе ў належным стане. Але ж гэта было б немагчыма, калі б і самі гаспадары не імкнуліся кожную вольную хвіліну завіхацца каля хаты.
Віктар Васільевіч працуе ў Белдзяржстраху, а Фаіна Канстанцінаўна — бухгалтарам СП “Каханавічы”. Пазнаёміліся, калі Фаіна прыехала на практыку з Глыбоцкага раёна ў мясцовую гаспадарку. Так і жывуць ужо разам вось ужо трыццаць сем год. Вырасцілі двух дачок.
Калісьці ў гэтым доме жылі бацькі Віктара Васільевіча, так што гэта, можна сказаць, радавое гнядзо. Зараз, канешне, дзякуючы намаганням гаспадароў, дом мае сучасны выгляд – абшыты сайдынгам, шыкоўная разная брамка каля варот, сёлета аднавілі веранду. Побач з домам – альтанка, аздобленая выразанымі з дрэва лебедзямі. У мінулым годзе ў Каханавічы правялі газаправод, і гаспадары не прамінулі скарыстаць такую магчымасць. Ні ў якое параўнанне, кажуць, не ідзе тое, як жылі без газу!
— Цяпер ужо не так, а раней трымалі немалую гаспадарку, — кажа Віктар Васільевіч. – Былі і дзве каровы, зараз засталіся толькі свінні ды куры.
Атрымалася, што трапілі мы ў такі час, калі першыя кветкі – цюльпаны, нарцысы, крокусы – ужо адцвілі. І толькі вялізны куст язміну радаваў вока белымі зоркамі пахучых кветак. Ды чырванеў мак побач з жоўтым ірысам і званочкамі вадазбору.
Пры ўваходзе зроблена металічная арка спецыяльна для духмянага гарошку, які ў свой час апляце яе сваімі сцяблінамі.
Кусты півоняў у гэтым годзе спазняюцца з квіценнем, але абавязкова ўпрыгожацца буйнымі пахучымі кветкамі. Чакаюць свайго часу рознакаляровыя ліліі і ружы. У вялізнай трактарнай шыне, якую прыстасавалі пад клумбу, размясціліся дэкаратыўны сланечнік “мядзве-дзяня” разам з махровай пятуняй. Насеннем і саджанцамі кветак Фаіна Канстанцінаўна ахвотна дзеліцца з такімі ж аматарамі — суседзямі і ўзамен атрымлівае што-небудзь прыгожае ў свой палісаднік.
Уздоўж усяго плоту гаспадыня пасадзіла трыццаць кустоў сваіх любімых вяргіняў. Каля альтанкі раскінулі шырокае лісце хосты, зелянеюць грацыёзныя туі, папараць, а між імі тут і там выглядаюць дэкаратыўныя фігуркі казачных гнома, савы, аляняці.
— Кветкавым пытаннем займаецца жонка, — кажа гаспадар. – Я больш увагі надаю агароду, але рэгулярна абкошваю тэрыторыю каля хаты. Для гэтай мэты і трымер набылі.
Акрамя вялізнага дуба, які каля плоту ў свой час пасадзіла яшчэ маці Уладзіміра Васільевіча, з наказам захаваць яго, прыцягнула ўвагу яшчэ адно дрэва. Як патлумачыў гаспадар, гэта кубанская чарэшня, якая штогод прыносіць шмат салодкіх ягад, адно што дастаць іх з такога вялізнага дрэва цяжкавата.
Любая праца патрабуе адпачынку. Віктар Васільевіч – прыхільнік здаровага ладу жыцця. У свой час гуляў за раён у футбол, ды і цяпер як выпадае, едзе, толькі ўжо ў якасці гледача, на футбольныя ці хакейныя матчы ў сталіцу. Фаіна Канстанцінаўна майстрыца вязаць. Як кажа сама, ужо ўсю радню забяспечыла вязанымі панчохамі.
І ўсё ж ні з чым не параўнаеш сумесны адпачынак у прыгожай альтанцы, каля роднай хаты, каля прыгажосці, што стварылі сваімі рукамі.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *