Выязны семінарнарада па кормавытворчасці адбыўся з удзелам кіраўніка раёна І. І. МАРКОВІЧА, першага намесніка старшыні, начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу В. М. ШЫЛАВА, куратара раёна, дырэктара КУП “Віцебская абласная праектна- пошукавая станцыя хімізацыі сельскай гаспадаркі”
В. Б. ЛЯВОНЦЬЕВА.
Удзельнікі мерапрыемства падрабязней спыніліся на пытаннях корманарыхтоўчай кампаніі – гатоўнасці траншэй і тэхнікі, выканання тэхналогій.
Як зазначыў Ігар Іванавіч, семінар носіць хутчэй навучальны, а не выкрывальны характар.
— Вы павінны ўзяць на заметку рэкамендацыі спецыялістаў, якія агучаны, — засяродзіў увагу прысутных кіраўнік раёна, — каб прааналізаваць якасць корманарыхтоўчых работ у сваіх гаспадарках і ліквідаваць усе недахопы, калі яны ёсць. Усе добра разумеюць, што ад кармоў напрамую залежаць высокія надоі, і, як следства, фінансавы дабрабыт. На парадку дня – закладка кармавой базы, таму асноўная задача зацікаўленых службаў сельгаспрадпрыемстваў – працаваць у адной звязцы, дакладна і зладжана.
— У раёне 32 тысячы гектараў кармавых угоддзяў. Трэба толькі па-гаспадарску імі распарадзіцца, — зазначыў Васіль Шылаў. – З першага ўкосу плануецца нарыхтаваць 16 ц. к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы. І рэзервы для гэтага ёсць.
Удзельнікі семінара – прадстаўнікі ўпраўлення райсельгасхарчу, кіраўнікі раённых службаў і сельгаспрадпрыемстваў, агранамічная, ветэрынарная, інжынерная службы гаспадарак Верхнядзвіншчыны — былі запрошаны на поле ва ўрочышча Ульянова. Там яны даведаліся не толькі аб тэарэтычных аспектах, але і паглядзелі, як арганізавана кормаўборачная кампанія ў ААТ “Прудзінкі”.
– Да першага ўкосу ўся тэхніка гатова на сто працэнтаў, — расказаў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Васіль Краснік. – Нарыхтоўка кармоў заўсёды была на асобым уліку ў гаспадарцы. Сёння нарыхтоўваем паўнацэнныя кармы пад запланаваную прадуктыўнасць.
Прадстаўнік райсельгасхарчу Люцыя Грэсько расказала прысутным аб тэхналагічных нормах, якія павінны строга выконваць аграрыі. Толькі ў гэтым выпадку можна атрымаць высокаякасныя кармы.
— Культуру важна правільна здрабніць – маса павінна мець даўжыню не больш 40 міліметраў. Трэба пільна сачыць і за вышынёй зрэзу. Закладваць кармы неабходна пры вільготнасці 50-60%. Калі не выконваць тэхналогію, маса пераўтварыцца ў няякасны корм.
Паглядзець, як выглядаюць саспелыя для ўборкі травы, удзельнікі семінара змаглі на імправізаванай выставе прама ў полі. Акрамя таго, начальнік раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і абароне раслін Таццяна Малец падрабязна расказала аб шкодніках раслін, відах пустазелля і сродках барацьбы з імі.
Пра асноўныя рэгуліроўкі кормаўборачнай тэхнікі прысутным напомніў начальнік інспекцыі дзяржтэхнагляду Віктар Болдак.
Падчас семінара былі агавораны магчымыя парушэнні правілаў бяспекі ў перыяд нарыхтоўкі, асабліва падчас кругласутачнай трамбоўкі. З гэтым падрабязна азнаёміў галоўны спецыяліст аддзела інтэнсіфікацыі сельгасвытворчасці Яўген Зуй.
Аб арганізацыі работ па ажыццяўленні кантролю за якасцю нарыхтоўваемых кармоў паведаміў галоўны ветурач раёна А. В. Транчонак.
У МТФ “Нурава” удзельнікі семінара азнаёміліся з арганізацыяй работы па закладцы сенажу. Аб тэхналогіі прысутным расказала спецыяліст райветстанцыі Л. Г. Іванова.
На добрую справу — нарыхтоўку кармоў — аграрыяў па традыцыі благаславіў айцец Уладзімір.
— Спадзяюся, што семінар не прайшоў дарма і кожны ўзяў на заметку штосьці карыснае для сябе, — падвёў вынік Ігар Марковіч. – Хочацца верыць, што гаспадаркі раёна правядуць корманарыхтоўчую кампанію якасна і ў тэрміны, прытрымліваючыся ўстаноўленых тэхналагічных нормаў.
Ксенія КАВАЛЁНАК.
Фота аўтара.