Жыхароў Верхнядзвінска заклікаюць прыняць удзел ва ўпрыгожванні горада

Актуально Наш край

IMG_0363 копия

Лета сёлета доўга не магло пацешыць нас цяплом. Але вось ужо расцвіў бэз, неўзабаве запахне язмінам. Наш горад набывае больш утульнай рамантычнасці. І ўсё ж кожны заўважыць, што ў параўнанні з мінулымі гадамі гарадскія вуліцы пабяднелі на ранейшую квяцістасць, якая так радавала вока. Прычынай стала зацяжная халодная вясна, якая не дазволіла камунальшчыкам вырасціць у дастатковай колькасці расаду кветак, а фірмы, якія спецыялізуюцца на вытворчасці далікатнай прадукцыі, паднялі цэны да недасягальных для пакупніка памераў. Зараз ужо зразумела, што без дапамогі гаспадароў прыватных сядзіб гарадскія службы не здолеюць упрыгожыць вуліцы кветкавымі бардзюрамі ў тых маштабах, якія дазволілі б нам, як і раней, прэзентаваць Верхнядзвінск перад гасцямі квяцістым горадам.
Але ж выйсце ёсць. Прыгожыя палісаднікі заўсёды вызначалі воблік нашага горада. Абменьваючыся флянцамі, насеннем розных кветак, гаспадыні тым самым супольна стваралі хараство і тады, калі камунальныя службы наогул не займаліся кветкагадоўляй. Яшчэ адной каштоўнай традыцыяй было выходзіць усім людзям на талаку, калі трэба было вырашаць нейкую працаёмкую тэрміновую задачу.
Зараз якраз такі момант. Рупліўцы камунгаса ўскапаюць клумбы, рабаткі ды градкі, а самі гараджане маглі б высадзіць на іх расаду са сваіх запасаў, засеяць нявыкарыстаным на ўласных дворышчах кветкавым насеннем. Вельмі хацелася б, каб свята горада Верхнядзвінск сустрэў у квецені сваіх вуліц.
Усе, хто згодны прыняць удзел у гэтай добрай справе, могуць звярнуцца за тлумачэннямі аб тэрмінах і ўмовах акцыі на тэлефон 5-32-32 на працягу рабочага дня.
В. КРЫНІЧНЫ
і іншыя аўтары ініцыятывы,
г. Верхнядзвінск.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *