Сустрэча з таленавітымі і цікавымі людзьмі заўсёды выклікае ў сэрцах радасць і пакідае добры настрой.
Асвейская бібліятэка імя В.Рудога “адчыніла дзверы” літаратурнай гасцёўні на мерапрыемстве “Тут карані, адсюль вытокі”. Клопат аб арганізацыі сустрэчы ўзялі на сябе яе гаспадыні – бібліятэкары Галіна Радзюк і Наталля Статун, а таксама спецыяліст тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аксана Жорава.
Аўдыторыя была рознаўзроставая. Акрамя дарослых чытачоў літаратурнай гасцёўні ва ўтульнай чытальнай зале прысутнічалі дзеці з летняга лагера адпачынку разам са сваімі выхавацелямі. Але ўсе з задавальненнем слухалі ілюстраваны сучаснымі візуальнымі сродкамі аповед-кампазіцыю пра Асвейскі край і яго знакамітых людзей, майстроў літаратурнай творчасці.
Зацікаўлена сустрэлі прысутныя і вядомых у раёне людзей, звязаных лёсам з Асвейшчынай, – Антона Бубалу, Пятра Квяцінскага, Ульяна Родзіка. Госці расказалі аб сваім жыцці і творчым шляху, чыталі вершы, імправізавалі, у адказ на зададзеныя школьнікамі пытанні падзяліліся сваімі творчымі планамі. А яшчэ весялілі аўдыторыю цікавымі гісторыямі, спявалі разам з народным калектывам “Сенькавіца”. Любоў Марынская, Людміла Крыванос і Галіна Свірчанкова падаравалі ўсім лірычны настрой і незабыўныя пачуцці дакранання да скарбаў народнага песеннага мастацтва.
У гасцёўні панавала нязмушаная, таварыская атмасфера. За кубкам духмянай гарбаты з салодкімі ласункамі, прыгатаванымі гаспадынямі, было прыемна пагутарыць, паспяваць і нават патанчыць. На расстанне абодва бакі выказалі шчырае пажаданне сустракацца і надалей.
Наш кар.