У Верхнядзвінску павіншавалі матуль, якія нарадзілі дзяцей у святочныя дні

Актуально Общество

У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Верхнядзвінску павіншавалі жанчын, якія нарадзілі дзяцей напярэдадні вялікага свята.

IMG_3384 копия

Нараджэнне дзіцяці – самая важная падзея не толькі ў кожнай сям’і, але і ва ўсёй дзяржаве. Кожны новы чалавек — гэта ўмацаванне нашай роднай Беларусі, яе аплот і будучыня. Таму дэмаграфічная палітыка ў краіне мае прыярытэтны накірунак, прымаюцца меры па ўмацаванні інстытута сям’і і мацярынства. Прадугледжаны дапамогі пры нараджэнні і па догляду дзіцяці, “мацярынскі капітал”, іншыя льготы.
А яшчэ шчаслівых матуль і нованароджаных немаўлятак віншуюць прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, калегі і сябры. І віншаванні гэтыя заўсёды шчырыя і цёплыя, як і на гэты раз, калі да верхнядзвінскіх матуль завіталі намеснік старшыні райвыканкама Т.В. Севалкіна і старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” І.І. Тойранен. Якраз напярэдадні свята ў радзільным аддзяленні ЦРБ на свет з’явіліся дзве цудоўныя малышкі – Ульянка ў Дыяны Сяргееўны Пазняк і Міраслава – у Марыі Дзям’янаўны Глацёнак.
Таццяна Васільеўна сардэчна павіншавала матуль і дзетак, расказала аб дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне, падзякавала жанчынам за іх мацярынскую заслугу і пажадала, каб і далей яны і іншыя маладыя мамы прымнажалі свае сем’і і багацце нашай Радзімы.
Ірына Іванаўна далучылася да віншаванняў і ўручыла падарункі ад “Белай Русі”, якая выступіла ініцыятарам акцыі.
Галоўны ўрач ЦРБ А.В. Эрдман адзначыла, што ў раённай бальніцы створаны ўсе ўмовы для патранажу цяжарнасці і родаў. Адрамантавана радзільнае аддзяленне, набыта неабходнае абсталяванне, ёсць кваліфікаваны медыцынскі персанал. Нездарма многія жанчыны жадаюць нараджаць менавіта ў сваім раддоме, адчуваючы падтрымку блізкіх людзей і родных сцен.
Усяго з пачатку года ў раёне нарадзілася 109 дзяцей. І хаця ў цэлым паказчык нараджальнасці крыху ніжэй за мінулагодні, у самім Верхнядзвінску колькасць маленькіх жыхароў прыбаўляецца: іх зарэгістравана 60, у той час як за леташні перыяд – 47.
Калі ж дадаць факты змяншэння смяротнасці і разводаў, відавочна, што Верхнядзвінск мае стабільны дэмаграфічны падмурак і шансы расці і развівацца.
С. АЛЯКСАНДРАВА.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Т. В. Севалкіна, Д. С. Пазняк і М. Д. Глацёнак з дачушкамі,
І. І. Тойранен, А. В. Эрдман.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *