Месца супольнай малітвы і памяці

Актуально Духовность

Два разы ў год у Росіцы праходзяць урачыстыя мерапрыемствы памяці благаслаўлёных мучанікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, якія разам са сваімі прыхаджанамі, простымі жыхарамі вёскі пайшлі на смерць. Маючы магчымасць уратавацца, яны засталіся вернымі Богу і людзям, якім служылі і давяралі, любілі больш, чым асабістае жыццё.

IMG_0980Сотні чалавек з розных куткоў накіроўваюцца ў Росіцу: едуць, ідуць пешшу, каб папрасіць у Бога аб асабістых патрэбах і памаліцца разам за дабрабыт і супакой на роднай зямлі. І проста да святара айца Часлава, які стварае на гэтай зямлі непаўторную атмасферу Божай велічы і ласкі, любові і прыгажосці, атуляе кожнага пілігрыма сваёй добразычлівасцю і апекай.
Сёлета таксама на ўрачыстасцях было шматлюдна.

IMG_0999 копия
Падчас традыцыйных сустрэч адбыліся Святая Імша для пілігрымаў, прэзентацыя фотапраекта “Крыж” і духоўных рухаў, ушанаванне юбілею 500-годдзя Бібліі Скарыны.
Паўночную Святую Імшу правёў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі. А потым святары і вернікі з запаленымі свечкамі накіраваліся адзінай працэсіяй на пляц мучаніцтва, дзе прайшла адарацыя крыжа.
Удзел ва ўрачыстасцях прынялі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, Апостальскі візітатар грэка-католікаў на Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары іншых парафій, законныя сёстры, браты-марыяне, прадстаўнікі свецкай улады.

IMG_1005
Вітаючы прысутных, айцец Часлаў Курэчка пажадаў, каб супольная малітва і жыццё кожнага чалавека былі вялікім спевам Богу. А ў Росіцкай святыні ўсе малітвы былі пачуты, прысутныя ўмацоўваліся ў веры, надзеі і любові.
Звяртаючыся да вернікаў, біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што трываласць веры тых людей і ксяндзоў, якія з гэтага касцёла выходзілі ў свой апошні шлях, дае нам моц у жыцці, духоўным станаўленні.
Часам і сёння чалавек затаптаны ў бруд паўсядзённага жыцця, дзе сутыкаецца з няўдзячнасцю, што найбольш балюча сярод найбліжэйшых людзей, дзяцей – тых, каму аддаюцца ўсе намаганні, сілы, праца.
— Бог з’яўляецца тым, хто ведае каштоўнасць жыцця, душы, тым, хто гэта цэніць, — адзначыў іерарх. — Як ювелір, які сярод мноства брудных камянёў можа заўсёды адрозніць дыямант і зрабіць упрыгожванне.
Біскуп нагадаў словы з паслання апостала Паўла да эфесцаў, які гаварыў, што трэба жыць згодна паклікання. І гэтым шляхам паслухмянасці свайму пакліканню пайшлі благаслаўлёныя мучанікі Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч. Яны вытрымалі да канца, засталіся ў еднасці са сваімі прыхаджанамі, якім абвяшчалі Божае слова аж да мучаніцкай смерці. Гэта прыклад усім нам сёння! Пошук еднасці – задача для чалавецтва, свету, грамадства, сям’і. Трэба захоўваць яе паміж сабой, шукаць згоды, паразумення, вучыцца прабачаць адзін аднаго. І імкнуцца да згоды і супрацоўніцтва. Любоў да бліжняга і пакутніцкая смерць святароў і людзей стала праслаўленнем Бога. А для нас яна павінна стаць умацаваннем свету і весці да жыцця.
На заканчэнні пробашч Росіцкага касцёла айцец Часлаў падзякаваў усім, хто змог пабываць на ўрачыстасцях, разам памаліцца і яшчэ раз уславіць мучанікаў і Бога. І запрасіў на Свята вяргіняў, якое адбудзецца ў верасні.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *