Грандыёзнымі мерапрыемствамі адзначыў старажытны Полацк трайное свята: Дзень беларускага пісьменства, 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і 1155-годдзе горада Полацка. У мінулыя выхадныя ўсе шляхі вялі ў Полацк, дзе героямі свята былі найперш людзі творчыя – пісьменнікі, паэты, журналісты, кнігавыдаўцы, мастакі, майстры народнай творчасці, артысты. Усе яны дэманстравалі свае таленты на шматлікіх творчых пляцоўках, выставах, майстар-класах.
Удзел у святочных мерапрыемствах прынялі і прадстаўнікі творчага цэху нашага раёна. На фестывалі кнігі і прэсы ўвагу наведвальнікаў прыцягвала экспазіцыя Верхнядзвінскай раённай газеты “Дзвінская праўда”, якая насіла назву “Творчы саюз беларускага памежжа”.
Выставу Верхнядзвінскай газеты наведаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў, які з інтарэсам агледзеў прадстаўленыя экспанаты. У іх ліку былі рэдкія экземпляры розных гадоў выпуску з архіву рэдакцыі.
Кіраўнік вобласці зацікавіўся прыгранічным супрацоўніцтвам і параўнаў раённыя газеты Беларусі, Расіі і Латвіі, а таксама паглядзеў новую выставу фотакарэспандэнта “Дзвінскай праўды” Валерыя Салаўёва, у аснове якой былі здымкі, прысвечаныя прыгранічнаму супрацоўніцтву, а таксама аб гісторыі і сучаснасці Верхнядзвінска і яго жыхароў.
На працягу свята экспазіцыю газеты наведала мноства гасцей, якія маглі пагартаць старонкі выдання, паглядзець фота і распытаць аб славутасцях нашай зямлі, паўдзельнічаць у віктарыне і атрымаць падарункі.
Нямала наведвальнікаў было і ў майстроў народнай творчасці Верхнядзвіншчыны. Адметна, што народныя майстры Мікалай Баршчоў, Галіна Тушкіна, Таццяна Гузева прадставілі вырабы і правялі майстар-класы, якіх немагчыма было сустрэць дзесьці яшчэ на творчых пляцоўках. Нездарма менавіта карціну Галіны Віктараўны з імянным надпісам майстра паднеслі ў падарунак ад удзельнікаў Дня пісьменства міністру культуры Беларусі Барысу Святлову.
Набыць сувеніры з верхнядзвінскай зямлі госці свята маглі ў майстра “Вугл” А пачаставацца фірменнымі стравамі і адчуць шчодрую верхнядзвінскую гасціннасць – у гандлёвых палатках масласырзавода і райпо, якія таксама творча падыйшлі да стварэння і продажу сваёй брэндавай прадукцыі.
(Падрабязней чытайце у “ДП”).
С. Дзвінская.
Фота Валерыя Салаўёва.
А. Макеенак.