Тэма тыдня

Тема недели

11 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Сочы прыняў удзел у пасяджэннях Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД і Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.
На саміце Садружнасці кіраўнікі дзяржаў СНД падрабязна разгледзелі далейшае развіццё супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, культурна-гуманітарнай і іншых ключавых сферах дзейнасці Садружнасці. Прэзідэнты прынялі заяву аб падтрымцы інстытута сям’і і традыцыйных сямейных каштоўнасцей, канвенцыі аб супрацоўніцтве ў галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах.
У гуманітарнай сферы прыняты рашэнні аб аб’яўленні ў СНД 2019 года Годам кнігі, 2020 года — Годам 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, аб рэалізацыі міждзяржаўнай праграмы «Культурныя сталіцы Садружнасці» ў 2018 годзе ў Арменіі, у 2019 годзе — у Беларусі, у 2020 годзе — у Казахстане.
Традыцыйна ў парадак дня была ўключана тэматыка забеспячэння бяспекі і процідзеяння новым выклікам і пагрозам у рэгіёне і свеце ў цэлым. Лідары краін разгледзелі шляхі ўдасканалення дзейнасці Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў СНД і яе адаптацыю да сучасных рэалій. Рашэнні па разгледжаных пытаннях кіраўнікі дзяржаў замацавалі ў падпісаных па выніках сустрэчы дакументах.
У час пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага саюза разгледжаны пытанні ў сферы інфарматызацыі, мытнага рэгулявання, канкурэнцыі, натуральных манаполій, прамысловага супрацоўніцтва і міжнароднай дзейнасці.

Падмацоўваць канкрэтнымі крокамі 

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Сочы ў вузкім складзе.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што мінуў год з дня прыняцця ў Бішкеку рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў аб адаптацыі СНД да сучасных рэалій. Дакумент змяшчае дакладныя ўстаноўкі па развіцці і ўмацаванні Садружнасці. Лідары ўсіх краін пагадзіліся з неабходнасцю захавання арганізацыі. «Але мы па-ранейшаму топчамся на месцы. Заяву аб запатрабаванасці Садружнасці трэба падмацаваць канкрэтнымі дзеяннямі», — заклікаў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што мэта практычна кожнага рэгіянальнага аб’яднання — узаемная адкрытасць рынкаў і роўныя ўмовы гаспадарання.
«Мы маем для гэтага добрую аснову — дагавор аб зоне свабоднага гандлю. Ён прадугледжвае, што адным з наступных крокаў павінна стаць забеспячэнне роўных умоў доступу да дзяржзакупак. У мінулым годзе пяццю дзяржавамі падпісаны пратакол аб правілах і працэдурах рэгулявання дзяржзакупак. Ідзе работа па яго рэалізацыі. Пад гэтым дакументам няма подпісаў асобных кіраўнікоў дзяржаў: Казахстана, Малдовы і Украіны. А гэта значыць, што мы зноў будзем мець выключэнні, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — З аднаго боку, заяўляем аб адкрытасці ў гандлі, з іншага — не дапускаем адзін аднаго да закупак у дзяржсектары, які фарміруе значную долю рынку».
Асобнае пытанне — стварэнне зоны свабоднага гандлю паслугамі. «Усе добра ведаюць, як ідзе работа над адпаведным пагадненнем. Збіраюцца эксперты, бяруць стары тэкст, мяняюць месцамі абзацы і накіроўваюць дакумент на разгляд. Праз два-тры месяцы сітуацыя паўтараецца. І так гадамі. У праекта каардынатара няма, а выканкам, шчыра кажучы, з гэтай роляй не справіўся», — падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы заклікаў звярнуць асаблівую ўвагу на гэтыя праблемы, паколькі менавіта гандаль і эканоміка з’яўляюцца фундаментам любых адносін.
«Рэальны рух па двух напрамках, якія я абазначыў, удыхне ў арганізацыю жыццё. У адваротным выпадку СНД так і будзе заставацца ў сферы добрых намераў. Трэба даць неабходныя даручэнні нашым кабінетам міністраў, каб узнятыя тэмы былі разгледжаны», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Трэба да прытомнасці прыводзіць
нашы структуры

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што паспеў ужо абмяняцца з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым меркаваннем аб рабоце асобных структур СНД, у прыватнасці, Міжпарламенцкай асамблеі. Яны лічаць, што дзейнасць гэтага органа не дае належнай аддачы, але ж на яе ўтрыманне выдзяляюцца немалыя грошы.
«Калі гэта структура не працуе, можа, і адмовіцца ад яе? Хоць мы прапаноўвалі надзяліць яе пэўнымі, канкрэтнымі паўнамоцтвамі. Мы там нейкія мадэльныя законы прымаем, але ніводны з іх, напрыклад, у Беларусі не быў пакладзены ў аснову прыняцця нацыянальнага заканадаўства. Такога ў прынцыпе ніколі не было», — звярнуў увагу беларускі лідар.
«Атрымліваецца, што дэпутаты збіраюцца ў Піцеры, нібыта нешта абмяркоўваюць, гавораць. Але нават мы аб гэтым нічога не ведаем, таму што гэта не запатрабавана, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Чыноўнікаў плодзім незлічоную колькасць, а толку мала».
Прэзідэнт падкрэсліў, што да гэтых пытанняў неабходна падысці грунтоўна. Паколькі нават на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў разглядаюцца не самыя актуальныя і надзённыя праблемы. «Шчыра кажучы, мы і самі тут на высокім узроўні прымаем рашэнні і не заўсёды рэалізоўваем іх. Ды і рашэнні, паглядзіце, не нашага ўзроўню: нейкія заявы і іншае», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, больш важная тэматыка гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, якую беларускі бок узнімаў не раз, і бяспекі.
«Пытанні бяспекі — яны ўжо не стукаюць у дзверы, яны ўжо ў наш дом уварваліся. Мы іх абыходзім сарамліва: ці то мы баімся паставіць гэтыя пытанні, ці то разумеем, што не можам іх вырашыць», — канстатаваў беларускі лідар.
«Робім выгляд, што ўсё ў нас добра, збіраемся, заявы робім, а па сутнасці эфектыўнасць вельмі нізкая. Можа, нам неяк вызначыць кола спецыялістаў, якія аб’ектыўна нам прапанавалі б сур’ёзную рэформу або структурызацыю ў нашай дзейнасці?» — спытаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнты краін СНД прынялі заяву
аб падтрымцы інстытута сям’і

Кіраўнікі дзяржаў — удзельніц СНД у час пасяджэння ў Сочы прынялі заяву аб падтрымцы інстытута сям’і і традыцыйных сямейных каштоўнасцей.
Лідары краін Садружнасці адзначылі важнасць выпрацоўкі сацыяльна-эканамічных мер, накі-раваных на фарміраванне спрыяльных умоў для стварэння сям’і, аховы здароўя маці і дзіцяці, развіцця інстытута ўсынаўлення, падтрымкі маладых бацькоў, клопату аб старэйшых пакаленнях.
Прэзідэнты падкрэслілі ў заяве неабходнасць узаемадзеяння ў вы-рашэнні праблем, звязаных з парушэннем правоў дзіцяці, а таксама злачынствамі ў адносінах да дзяцей. У дакуменце таксама гаворыцца аб падтрымцы міжнароднай супольнасці ў забеспячэнні гендарнай роўнасці, захаванні балансу паміж работай і сям’ёй.

По матэрыялах БелТА і СМІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *