Рэспубліканскі семінар «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны» прайшоў у Мінску 19-20 кастрычніка. На ім прадстаўлены вопыт арганізацыі работы па розных напрамках у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прагрэсіўныя рэсурса- і энергазберагальныя тэхналогіі для паэтапнага іх укаранення на тэрыторыі ўсёй рэспублікі. Галоўная мэта семінара — вызначэнне асноўных напрамкаў удасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі на сярэднетэрміновую перспектыву.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пленарным пасяджэнні семінара. У мерапрыемстве ў Палацы Незалежнасці ўдзельнічалі амаль 250 чалавек, у тым ліку вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі дзяржорганаў і арганізацый, прадстаўнікі мясцовых органаў дзяржкіравання.
Тарыфы на ЖКП павінны быць пад’ёмнымі для народа
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на рэспубліканскім семінары «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны».
«Стаўлю задачу для ўсіх: з 2018 года праводзім разавае павышэнне тарыфаў толькі на $5 і ў далейшым — ніякага росту без майго ведама. Тарыфы павінны быць пад’ёмнымі для народа. У сувязі з гэтым ураду, Камітэту дзяржаўнага кантролю даручаю дэталёва праверыць. І 1 студзеня 2018 года зацвердзім тарыфы рашэннем Прэзідэнта», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі ў пачатку года павышаюцца тарыфы на ЖКП на $5 у эквіваленце і індэксуюцца ва ўвязцы з ростам даходаў насельніцтва. «Наколькі мне вядома, такое павышэнне ўжо адбылося ў студзені 2017 года. Разам з тым урад, вядучае міністэрства, Міністэрства гандлю ў верасні павысілі тарыфы на 8 працэнтаў і пачынаеце далей палохаць людзей тым, што ў снежні яшчэ павялічыце на 10 працэнтаў. І гэта прытым, што з лістапада ўсе аб’ектыўна будуць плаціць больш у сувязі з уключэннем ацяплення. Гэта антынародны падыход да справы. Так быць не павінна, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
— Гэта прывядзе да значнага росту плацяжоў, што безумоўна выкліча негатыўны грамадскі рэзананс. І нездарма будзе гэты рэзананс. Чаму нельга індэксаваць тарыфы, скажам так, калі няма ацяплення, жыроўкі лягчэйшыя? Хоць і гэта мы ўжо зрабілі. Не разумею, вы, губернатары, разам з урадам каму хочаце дагадзіць — сваім людзям або нейкім міжнародным арганізацыям?».
Прэзідэнт асабліва адзначыў, што нельга бударажыць насельніцтва размовамі аб стопрацэнтным пакрыцці кошту паслуг літаральна з заўтрашняга дня. «Гэта пытанне ў тым ліку і палітычнае. Спешка тут недапушчальна. Мы палічым спачатку тарыфы дакладна, каб энергетыкі, тыя, хто ваду падае, не жыравалі і не вырашалі свае праблемы за кошт насельніцтва. І тады прымем рашэнне, калі будзем выходзіць і як будзем выходзіць на стопрацэнтную аплату. Я ўпэўнены: калі мы вельмі дакладна палічым, ужо з трэцяга заходу, гэтыя тарыфы, то працэнт пакрыцця будзе вельмі высокім. Можа, і 90 працэнтаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Пазбаўляцца ад «гігантызму» і шукаць рэзервы для эканоміі ў цеплазабеспячэнні
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цеплазабеспячэнне — гэта не толькі адна з найбольш важных жыллёва-камунальных паслуг, але і самая дарагая. Больш як 30 працэнтаў ад сумы жыроўкі зімой — на ацяпленне і падаграванне вады. «Тут ёсць велізарныя рэзервы для эканоміі. Зніжэнне долі імпартуемых газу і энерганосьбітаў, за якія мы расплачваемся валютай, прымушае нас больш актыўна выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва, а ў перспектыве электрычную энергію Астравецкай АЭС», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што вытворчасць цеплавой энергіі на мясцовых відах паліва сябе апраўдала. Яе сабекошт значна ніжэйшы за аналагічны паказчык на прыродным газе пры іншых роўных умовах. Прэзідэнт прывёў у прыклад Віцебск, дзе гэтаму ўдзяляецца вялікая ўвага. У горадзе працавала кацельня на газе, сабекошт цяпла быў каля Br100. «Зрабілі рэканструкцыю, перавялі на шчэпкі — стала менш як Br65. Хоць і там безгаспадарчасці хапае. Калі яе ліквідаваць, то наогул на Br50 выйдзе, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — А вось у Брэсцкай вобласці працуюць на газе, маюць сабекошт Br100 і лічаць гэта нармальным. Там што, няма драўніны? Або яны газ недзе таннейшы бяруць?».
Аднак, прадоўжыў Прэзідэнт, і з выкарыстаннем мясцовых рэсурсаў не ўсё паспяхова. Праверкамі сістэматычна ўстанаўліваюцца факты выкарыстання пераўвільготненага драўнянага паліва. Гэта прыводзіць да павышэння яго ўдзельных расходаў да 65 працэнтаў і зніжэння каэфіцыента карыснага дзеяння катлоў да 30 працэнтаў. Закупка паліва ў пасрэдніцкіх структур і без правядзення адпаведных канкурэнтных працэдур таксама вядзе да завышэння сабекошту цеплавой энергіі. Такія факты былі выяўлены ў Полацку, Брэсце, Скідзелі. Устаноўлены выпадкі значнай розніцы ў кошце (часам да двух разоў) драўнянага паліва, што набываецца арганізацыямі ЖКГ у межах аднаго раёна.
Аляксандр Лукашэнка згадаў і аб стане самой кацельнай гаспадаркі. «Многія кацельні будаваліся даўно, з савецкім размахам і імкненнем да гігантызму. А мы сёння пажынаем плады, калі часта магутны кацёл працуе на ацяпленне толькі аднаго-двух дамоў», — сказаў ён.
Жыраваць за кошт грошай людзей недапушчальна
«Вы, Леанід Васільевіч Анфімаў (старшыня КДК. — Заўвага БЕЛТА), выявілі ў камунальнікаў рэзервы зніжэння затрат па жыллёва-камунальных паслугах. Але вялікі ўплыў на іх кошт аказваюць энергетыкі. Вы глядзелі, як яны фарміруюць свае тарыфы, колькі прыбытку закладваюць? Разбярыцеся, якія ўстаноўлены ім зарплаты, за што яны ўтрымліваюць свае крутыя санаторыі, базы і іншае, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Жыраваць за кошт грошай людзей недапушчальна ні для каго! І калі такія факты будуць выяўлены да наступнага вашага ўдакладнення тарыфаў, міністру трэба шукаць іншую работу. Ён быў туды назначаны, каб без ведамаснага падыходу вырашыць гэтыя пытанні, раскласці затраты свайго ведамства і зняць усё лішняе. Пакуль гэтага не адбываецца».