Тэма тыдня

Тема недели

«Белая Русь» вызначылася з прыярытэтамі на пяцігодку.

ІІІ з’езд рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» прайшоў 19 студзеня ў Мінску. У час з’езда падведзены вынікі работы «Белай Русі» за 2012-2017 гады, зацверджана новая рэдакцыя статута і праграмы грамадскага аб’яднання. Удзельнікі з’езда выбралі Рэспубліканскі савет.
Грамадскае аб’яднанне налічвае амаль 171,6 тыс. членаў, 8 тыс. пярвічных арганізацый. Устаноўчыя сходы па стварэнні грамадскага аб’яднання «Белая Русь» ва ўсіх абласцях і Мінску прайшлі ў чэрвені 2007 года.

Прывітанне Прэзідэнта

«З усіх рэгіёнаў краіны ваш прадстаўнічы форум сабраў шчырых патрыётаў, людзей актыўнай жыццёвай пазіцыі, якіх аб’ядноўвае імкненне быць карыснымі грамадству і дзяржаве, — адзначыў Прэзідэнт. — Створаная па народнай ініцыятыве, «Белая Русь» стала па-сапраўднаму масавым рухам, адным са стаўпоў грамадзянскай супольнасці, ядром здаровых і канструктыўных сіл нашай краіны. Ваша цеснае ўзаемадзеянне з органамі ўлады і работа з рознымі слаямі насельніцтва дапамагаюць забяспечваць паспяховае правядзенне сацыяльна-эканамічнай палітыкі дзяржавы».
Кіраўнік дзяржавы пажадаў дэлегатам і ўдзельнікам з’езда плённай працы і далейшых поспехаў на карысць роднай Беларусі.

З агульнадзяржаўных і агульнанародных пазіцый

«Паколькі ідэалагічным стрыжнем «Белай Русі» была і застаецца падтрымка палітыкі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, то дзейнасць арганізацыі не факусіруецца вакол барацьбы за ўладу. Гэта дае магчымасць аб’яднанню ўзважана глядзець на ўсе працэсы з агульнадзяржаўных, агульнанародных пазіцый», — сказаў старшыня РГА «Белая Русь» Аляксандр Радзькоў.
Паводле слоў Аляксандра Радзькова, праведзены аналіз пацвердзіў, што «з улікам сучасных сусветных тэндэнцый у існуючай палітычнай сістэме патэнцыял «Белай Русі» як грамадскага аб’яднання яшчэ не вычарпаны».
Ён звярнуў увагу, што «Белая Русь» за 10 гадоў свайго існавання стала аўтарытэтнай грамадска-палітычнай арганізацыяй і магла б выступаць як самастойны суб’ект палітычных адносін, напрыклад, пераўтварыцца ў партыю. «Аднак, прадметна вывучаючы тэндэнцыі, што адбываюцца ў сучасным хутказменлівым свеце, можна заўважыць відавочнае ўзмацненне раз’яднанасці сусветнай супольнасці. Гэта кідае выклік прыхільнікам традыцыйных палітычных партый, левых і правых ідэалогій», — падкрэсліў Аляксандр Радзькоў.

Непасрэдна ўдзельнічаць у экспертызе законапраектаў

Аляксандр Радзькоў праінфармаваў, што ў бліжэйшы час грамадскаму аб’яднанню давядзецца перабудаваць сваю работу, зрушыўшы асноўныя акцэнты «на ідэалагічнае суправаджэнне дзяржаўных рашэнняў, экспертную і аналітычную работу».
«Белая Русь» павінна даць усім грамадзянам краіны магчымасць выяўляць надзённыя праблемы, уплываць на вырашэнне пытанняў, якія часам тонуць у бюракратычнай валакіце, непасрэдна ўдзельнічаць у экспертызе законапраектаў, выказваць свае прапановы яшчэ на этапе іх распрацоўкі», — падкрэсліў ён.
Аляксандр Радзькоў лічыць, што настаў час накіраваць палітычны прафесійны вопыт «Белай Русі» і на знешні контур, вызначыць сваю пазіцыю па пытаннях сацыяльна-палітычнага і эканамічнага развіцця краіны.

Узяць пад патранаж малы і сярэдні бізнес

«З’яўленню новых надзейных партнёраў дзяржавы ў прыватным сектары будзе садзейнічаць грамадскі патранаж «Белай Руссю» малога і сярэдняга бізнесу. Гэта работа дасць магчымасць стварыць дадатковыя ўмовы для развіцця народнага прадпрымальніцтва, заняць прадпрыемлівую моладзь і захаваць жывы актыў у краіне», — лічыць Аляксандр Радзькоў.
У гэтым напрамку, на яго думку, стаўку неабходна рабіць на спецыялістаў, якія атрымалі вопыт інавацыйнай дзейнасці. Лідар «Белай Русі» прывёў у прыклад удзел членаў грамадскага аб’яднання ў рэалізацыі інавацыйных праграм па мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі. «Там людзі набылі навыкі работы, укаранення, пошукаў рынкаў. Тых, хто сябе праявіў, на наш погляд, трэба прыцягваць да бізнесу: яны разумныя і ўжо вопытныя», — адзначыў старшыня РГА.

Больш актыўна працаваць з людзьмі на месцах

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава на пасяджэнні Рэспубліканскага савета РГА «Белая Русь» заклікала грамадскае аб’яднанне больш актыўна працаваць з людзьмі на месцах.
«Мы павінны быць больш актыўнымі, — адзначыла Наталля Качанава. — Мы павінны шанаваць тое, што ёсць, актыўна супрацоўнічаць з іншымі фарміраваннямі, грамадскімі і дзяржаўнымі структурамі, актыўна даносіць пазіцыю да нашых жыхароў, да кожнага грамадзяніна».
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліла, што, калі людзей зацікавіць дзейнасць «Белай Русі», калі яны ўбачаць там перспектывы для сваёй самарэалізацыі, яны абавязкова далучацца да грамадскага аб’яднання. «Але гэта павінна быць не проста правядзенне мерапрыемстваў, гэта работа з насельніцтвам, з людзьмі», — звярнула ўвагу яна.
Наталля Качанава нагадала, што ў навагоднім звароце Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь трэба зрабіць узорнай краінай ва ўсіх сферах. «Мы павінны краіну зрабіць ідэальнай. Зроблена шмат, але калі паглядзіш на месцы: то там праблема, то там. Калі мы, кожны, будзем гэта бачыць і ўсякі раз гаварыць таму, хто павінен быў гэта зрабіць, то сітуацыя зменіцца ў лепшы бок», — упэўнена яна.

Пасыл для пераўтварэння «Белай Русі» ў партыю пакуль не выспеў

Як адзначыла Наталля Качанава, «Белая Русь» або нейкая іншая грамадская арганізацыя стане партыяй тады, калі гэта будзе трэба людзям, членам гэтай арганізацыі. «Калі будзе пасыл, неабходнасць у гэтым, і яна наспее, тады і магчыма будзе стварэнне партыі», — дадала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. «Пакуль такога мы не ўбачылі і не пачулі. Значыць, пакуль не час», — сказала яна.
Ацэньваючы вынікі работы «Белай Русі» за папярэднюю пяцігодку, Наталля Качанава падкрэсліла, што арганізацыя прырасла колькасна, паспяхова вырашала пастаўленыя перад ёй задачы. У якасці прыкладу яна прывяла грамадскія прыёмныя, назваўшы іх знакавым і значным праектам.
Закранаючы перспектывы грамадскага аб’яднання, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыла, што многія з іх былі акрэслены на з’ездзе членамі «Белай Русі». У іх ліку задачы па рабоце з моладдзю. У гэтым напрамку «Белая Русь» мае намер больш цесна супрацоўнічаць з маладзёжнымі арганізацыямі. Наталля Качанава звярнула ўвагу, што «Белая Русь» — гэта таксама і добры кадравы рэзерв для вертыкалі ўлады.

Генадзь Давыдзька выбраны старшынёй РГА «Белая Русь»

Такое рашэнне аднагалосна прыняў Рэспубліканскі савет грамадскага аб’яднання.
Генадзь Давыдзька адзначыў, што расцэньвае сваё выбранне як вялікі аванс. «Я зведваю вялікае пачуццё ўдзячнасці да ўсіх, хто цяпер ускладае на мяне надзеі», — падкрэсліў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі.
Экс-старшыня «Белай Русі» Аляксандр Радзькоў застаўся ў складзе Рэспубліканскага савета і запэўніў, што прадоўжыць прыкладаць усе неабходныя намаганні для развіцця грамадскага аб’яднання.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *