Тэма тыдня

Тема недели

тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт нумар 1, якім прадугледжаны меры па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Дакумент накіраваны ў першую чаргу на актывізацыю работы органаў улады па максімальным садзейнічанні грамадзянам у працаўладкаванні, стымуляванні працоўнай занятасці і самазанятасці насельніцтва.
У гэтых мэтах дэкрэтам на ўрад ускладаюцца задачы па ўстанаўленні прагнозных паказчыкаў у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва і пераліку тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы, ажыццяўленні маніторынгу, ацэнкі якасці і даступнасці паслуг у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва.
У сваю чаргу мясцовыя органы ўлады будуць забяспечваць індывідуальную работу з грамадзянамі на месцах пры правядзенні работы па іх працаўладкаванні і рэсацыялізацыі асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Акрамя таго, абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў змогуць дадаткова накіроўваць сродкі мясцовых бюджэтаў на рэалізацыю мерапрыемстваў у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва на тэрыторыях з напружанай сітуацыяй на рынку працы.
У новы дэкрэт не ўвайшлі нормы аб спагнанні з працаздольных непрацуючых грамадзян збору на фінансаванне дзяржрасходаў. Пры гэтым асобы, якія раней прызнаваліся плацельшчыкамі гэтага збору, вызвалены ад яго выплаты.
Дэкрэтам прадугледжаны канцэптуальна іншы падыход, накіраваны на стымуляванне працаздольных непрацуючых грамадзян да легальнай занятасці. Прадугледжана, што з 1 студзеня 2019 года такія асобы будуць ажыццяўляць аплату субсідзіруемых дзяржавай паслуг па іх поўным кошце. Канкрэтны пералік такіх паслуг даручана вызначыць ураду.

Дапамагчы тым, хто хоча і можа зарабляць

У Беларусі падпісаны дакумент аб садзейнічанні занятасці насельніцтва. Ва ўсім свеце магчымасць працаваць з’яўляецца адным з галоўных крытэрыяў ацэнкі паспяховасці чалавека ў грамадстве, стабільнасці. БЕЛТА звярнулася да міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч з просьбай расказаць, якія новыя магчымасці адкрываюцца з прыняццем дэкрэта.
— Ірына Анатольеўна, якая асноўная мэта прынятага дэкрэта?
— Асноўная мэта дэкрэта — садзейнічанне занятасці насельніцтва. Зыходзячы з гэтага, вызначаюцца і дзве асноўныя задачы. Першая — максімальнае стварэнне на месцах найбольш спрыяльных умоў для занятасці насельніцтва: гэта і падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы, стымуляванне самазанятасці, і, безумоўна, індывідуальная работа з тымі грамадзянамі, якія сёння не працуюць, але хочуць і могуць зарабляць сабе на жыццё легальным спосабам. Па сутнасці, занятасць насельніцтва становіцца адным з важнейшых крытэрыяў ацэнкі работы мясцовай улады. Другая — стымуляваць да занятасці праз «рубель».
— Калі мы гаворым пра першую задачу, то якім чынам яна будзе выконвацца?
— Асноўныя рашэнні па паляпшэнні і лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу прыняты ўжо. У краіне сістэмна разгорнута работа па стварэнні новых рабочых месцаў. Паводле папярэдняй ацэнкі, у 2017 годзе на новыя рабочыя месцы былі працаўладкаваны 70 тыс. грамадзян. Задача 2018 года — тэмпы не зніжаць. Акрамя агульнаэканамічных мер неабходна сканцэнтраваць намаганні і на аказанні садзейнічання ў працаўладкаванні кожнаму чалавеку. У мінулым годзе работа па аказанні грамадзянам садзейнічання ў працаўладкаванні была выбудавана ў новым фармаце. Да работы мясцовых органаў улады па вырашэнні праблем занятасці насельніцтва актыўна падключыліся дэпутаты ўсіх узроўняў.
Дэкрэтам прадугледжана стварэнне камісій пры мясцовых органах улады, у склад якіх увойдуць дэпутаты ўсіх узроўняў, спецыялісты, прадстаўнікі ЖКГ, МУС, а таксама могуць уваходзіць прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. За гэтымі камісіямі замацоўваецца асноўная адказнасць за работу на месцах. Яны абавязаны будуць забяспечыць індывідуальны падыход да кожнага, хто звярнуўся за дапамогай або трапіў у няпростую сітуацыю.
Практыка паказала, што нам трэба працаваць актыўней, больш настойліва прапаноўваць свае паслугі па працаўладкаванні, праяўляць ініцыятыву.
— Галоўная роля ў вырашэнні пытанняў занятасці насельніцтва адводзіцца мясцовым органам улады. Якія менавіта функцыі на іх ускладзены?
— Занятасць насельніцтва — гэта ў першую чаргу сфера адказнасці канкрэтнага рэгіёна, і хто, як не мясцовыя органы ўлады, бачаць сітуацыю, валодаюць усёй інфармацыяй, для таго каб вырашаць існуючыя пытанні. Таму дэкрэтам на мясцовыя органы ўлады ўскладзена рэалізацыя канкрэтных мер па забеспячэнні занятасці насельніцтва, у тым ліку стварэнне рабочых месцаў, садзейнічанне ў працаўладкаванні, перанавучанне, прадастаўленне часовай работы. Ацэнка іх дзейнасці на ўсіх узроўнях будзе ажыццяўляцца штоквартальна.
— У дэкрэце з’яўляецца новае паняцце «тэрыторыі з напружанай сітуацыяй на рынку працы». Што яно азначае і чаму было прынята рашэнне выдзеліць асобныя рэгіёны?
— Сапраўды, ураду даручаецца штогод зацвярджаць пералік тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы. Нягледзячы на паляпшэнне сітуацыі ў цэлым па краіне, рэгіянальныя рынкі працы характарызуюцца значнай дыферэнцыяцыяй па паказчыках беспрацоўя і яго працягласці, тэрытарыяльнымі дыспрапорцыямі попыту і прапанавання рабочай сілы.
І калі раней пры вызначэнні раёнаў з высокім узроўнем напружанасці мы ўлічвалі толькі суадносіны зарэгістраваных беспрацоўных і колькасць вакансій, то цяпер прапануем улічваць і шэраг эканамічных паказчыкаў: напрыклад, суадносіны прынятых і звольненых работнікаў, маштабы вымушанай няпоўнай занятасці. Вызначэнне пераліку такіх тэрыторый дасць магчымасць абласным і Мінскаму гарадскому Саветам дэпутатаў дадаткова накіроўваць сродкі адпаведных мясцовых бюджэтаў на вырашэнне пытанняў занятасці насельніцтва менавіта ў гэтыя раёны.
— Хто будзе вызначаць, што канкрэтны грамадзянін павінен аплаціць паслугу па поўным кошце?
— Дэкрэтам прадугледжана стварэнне і вядзенне ў рэспубліцы базы даных працаздольных грамадзян у працаздольным узросце, не занятых у эканоміцы. У бліжэйшы час урад вызначыць парадак яе фарміравання і вядзення. Прадугледжваецца, што механізм фарміравання будзе двухузроўневым. На першым этапе на рэспубліканскім узроўні будзе фарміравацца асноўная база даных на аснове рэспубліканскіх інфармацыйных рэсурсаў. Другі этап, мясцовы ўзровень — карэкціроўка асноўнай базы мясцовымі органамі з улікам існуючых у іх інфармацыйных рэсурсаў і іншай інфармацыі.
Звесткі з базы даных будуць выкарыстоўвацца на месцах у першую чаргу для аказання садзейнічання непрацуючым грамадзянам у працаўладкаванні. Па выніках гэтай работы мясцовыя органы і будуць вырашаць пытанне аб прадастаўленні канкрэтнаму чалавеку паслуг з пакрыццём затрат.
— Якія катэгорыі грамадзян будуць адносіцца да не занятых у эканоміцы?
— Урад у месячны тэрмін вызначыць пералік катэгорый грамадзян, якія адносяцца да не занятых у эканоміцы.
Хачу падкрэсліць, дэкрэт перш за ўсё накіраваны на абарону правоў нашых грама-дзян, якія добрасумленна хочуць працаваць, і дапаможа забяспечыць справядлівасць як базавы прынцып сацыяльнай палітыкі.

Удасканаліць падыходы да садзейнічання ў працаўладкаванні

«Цяпер дзейнічае заяўны прынцып — калі чалавек прыйшоў у адпаведную службу, яму аказваецца паслуга па садзейнічанні ў працаўладкаванні. У гэтым дэкрэце мы пераходзім на іншы ўзровень у аказанні садзейнічання занятасці. Мы будзем выяўляць гэтых грамадзян, самі ісці да іх і прапаноўваць свае паслугі», — адзначыў Андрэй Лабовіч, першы намеснік міністра працы і сацдапамогі.
Ключавая роля ў рэалізацыі адводзіцца мясцовым органам улады, яны будуць ствараць умовы, каб у чалавека была магчымасць для працаўладкавання.
Паводле слоў першага намесніка міністра, у другім паўгоддзі 2018 года ў тэставым рэжыме будзе праведзена апрабацыя ўзаемадзеяння ўсіх органаў улады як на рэспубліканскім, так і на мясцовым узроўні па фарміраванні базы даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы.

Пытанне аб павелічэнні памеру дапамогі
па беспрацоўі пакуль не разглядаецца

«У мінулым годзе ўрадам прапрацоўваліся і былі ўнесены прапановы па ўкараненні сістэмы страхавання ад беспрацоўя, па павелічэнні памеру дапамогі, але на гэтым этапе пакуль такія меры дачасныя. Цяпер пытанне аб павелічэнні памеру дапамогі па беспрацоўі ўрадам не разглядаецца», — растлумачыў Андрэй Лабовіч.
Таму дэкрэтам нумар 1 і прапанавана двухузроўневая сістэма разгляду пры фарміраванні баз незанятых у эканоміцы, дадаў першы намеснік міністра. Мясцовыя органы ўлады прааналізуюць сітуацыю кожнага чалавека, высветляць яго сацыяльны статус, і толькі пасля адпрацоўкі на месцах будуць фарміравацца спісы на аснове рашэнняў мясцовых органаў улады.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *