У школах адбыліся тыдні роднай мовы

Актуально Образование

DSCN5852 копия

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
П. ПАНЧАНКА.
Менавіта такімі радкамі класіка беларускай літаратуры пачаўся чарговы школьны дзень у Бігосаўскай сярэдняй школе. І гэта не проста так. Вось ужо ў 19-ы раз у свеце адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы.

DSCN5792 копия
Праграма мерапрыемстваў была вельмі насычанай: вучні прымалі актыўны ўдзел у акцыях “Гавары са мной па-беларуску”, “Маё любімае слова па-беларуску”, навучэнцы 5-8 класаў пісалі разам дыктоўку. Перапынкі таксама праводзілі якасна, адказваючы на пытанні ў “Віктарынцы на хвілінку”, дзе за правільны адказ можна было атрымаць салодкі падарунак.
Беларуская мова шырока ўжывалася не толькі на ўроках адпаведнага профілю. Вучні 4-га класа свой урок фізічнай культуры разам з настаўні-цай А.М. Каліта прысвяцілі беларускім гульням. Дзеці засталіся ўражаныя!
Яшчэ напачатку дня ўсе класы выказвалі свае думкі выразам “На маю думку, мова – гэта…”. Прыемна, што свае асацыяцыі дзеці звязалі з маці, Радзімай, народам, назвалі мову “найважнейшай з’явай краіны”. Самым арыгінальным подпісам было: “Мова – гэта мы”. Значыць, беларуская мова выходзіць далёка за межы школы. Але на гэтым святкаванне не закончылася. Эстафету працягнулі вучні старэйшых класаў, якія прымалі ўдзел у інтэлектуальным конкурсе “Знаўцы роднай мовы”.
Не абыйшлося і без гасцей. У чацвер вучняў чакала сустрэча са знакамітым земляком, краязнаўцам, паэтам, гісторыкам А.Ф. Бубалам, які правёў запамінальнае мерапрыемства на роднай мове. Час праляцеў хутка, займальна і карысна для ўсіх.
Падвядзенне вынікаў адбылося ў пятніцу. І вучні, і настаўнікі засталіся зада-воленымі. Хочацца спадзявацца, што да беларускай мовы мы, нашчадкі, будзем звяртацца не толькі аднойчы ў год, а кожны дзень, бо родная мова – наша адметнасць сярод іншых народаў, наш гонар, наш скарб. Таму застаецца толькі далучыцца да слоў Я. Янішчыц, якая некалі казала:
Сто разоў шукай другой красы,
А тым больш што свет даўно
не вузкі!
…Ды калі ты не бязродны сын —
Гавары са мной па-беларуску!
В. КАЗАК,
Бігосаўская СШ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *