Гэтая кніга напісана з любоўю да роднай зямлі… Яе аўтар шчодра дзеліцца з усімі дапытлівымі, неабыякавымі да гісторыі свайго краю і малой радзімы людзьмі карыснай, рэдкай і каштоўнай інфармацыяй. Выданне падобнай кнігі было сапраўднай марай краязнаўца Антона Бубалы. І дакрануцца да яе змаглі ўсе, хто сабраўся ў гімназіі на прэзентацыю кнігі “Пуцявінамі роднага краю”.
Антон Францавіч запрасіў гледачоў пагартаць старонкі доўгачаканага выдання, паглядзець на цікавыя фотаздымкі і такім чынам здзейсніць падарожжа па Верхнядзвінскай зямлі. Новае выданне ўслаўляе яе, нагадвае гістарычныя падзеі, помнікі даўніны і мастацтва, прыгажосць і багацце прыроды, багатыя справы нашых землякоў.
– Кожны чалавек у сваім жыцці нечым захапляецца і чымсьці – асабліва, гэтым яму хочацца падзяліцца з усім светам, – адзначыў А. Бубала. – Якія духоўныя багацці тояцца ў родным наваколлі! І мне ўсё жыццё хацелася пра іх расказаць. Кніга пабудавана на замову для факультатыва па краязнаўстве. Акрамя тэкстаў у ёй багата заданняў рознай ступені цяжкасці, шмат уражлівых звестак у застаўках “Цікава ведаць”.
Аўтар зрабіў прысутным сапраўднае выпрабаванне. Адказаць на пытанні атрымалася не ва ўсіх. А вы ведаеце, ці ёсць скалы ў нашым раёне? Што такое “чылім”? Якое возера ў раёне самае глыбокае і адкуль пайшла назва Чырвоны Бор?
Безумоўна, вядомы краязнаўца ведае адказы на іх, ды і многа чаго іншага, сабранага падчас шматлікіх вандровак, даследавання кожнага куточка роднай зямлі.
Раздзелы і падраздзелы кнігі гавораць самі за сябе: “Прырода нашага Падзвіння”, “Крокі гісторыі”, “Край, усеяны абеліскамі”, “Людзі творчага фронту” і інш. Цікавыя аповеды аб кожным з іх суправаджаліся відэапаказам. Перад гледачамі паўставалі разваліны старога млына ў Пустэльніках, старажытныя крыжы і камяні на могілках, гара Рагнеды, фотаздымкі вядомых людзей – нашых землякоў, доты, шматлікія помнікі і абеліскі, непаўторнае прыроднае багацце Верхнядзвіншчыны і шмат іншага.
Ведаць гісторыю свайго краю, людзей, якія жылі і жывуць тут, – цікава, важна і неабходна. Да гэтага заклікалі і вядучыя мерапрыемства Ілля Карнавухаў і Ганна Гагалінская.
Па словах аўтара, школьныя падручнікі пабуджаюць завучваць, запамінаць матэрыял. Заданні ў гэтай кнізе заклікаюць да ўдумлівага аналізу. Напрыклад, частка, якая датычыцца Вялікай Айчыннай вайны. Трагічнасць гэтай старонкі гісторыі паказана сцісла, але вельмі ўражліва, падмацавана выразнымі фотаздымкамі. Кніга заклікае, каб вайну асэнсавалі глыбей.
Мастак В. І. Счастны, афар-мляльнік вокладкі кнігі, на якой змешчаны выявы ракі Дрыса з байдаркамі і старажытнымі стругамі, фрагменты з самай старажытнай карты Дрысы, зрабіў аўтару яшчэ адзін мастацкі падарунак – карціну з выявай Росіцкага касцёла.
Цудоўная і па змесце, і па паліграфічным афармленні, гэта кніга стане здабыткам нашай культуры, гонарам бібліятэчных фондаў. Аб тым, як яна стваралася, расказаў кнігавыдавец А. У. Маладзечкін. Супраца з А. Бубалам, адзначыў ён, пачалася не са стварэння гэтай кнігі, а значна раней. Вынікам першай сумеснай працы стаў выпуск фотаальбома “Храмы Верхнядзвіншчыны”. Зносіны з вядомым краязнаўцам падарылі шмат добрых уражанняў і сталі вельмі плённымі. З’яўленне на свет новай кнігі – сапраўдны падарунак для ўсіх, хто любіць родны край.
Кніга пабачыла свет дзякуючы падтрымцы начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму С. У. Якаўлевай, аб чым з удзячнасцю казаў Антон Францавіч. Святлана Уладзіміраўна настаяла на тым, каб выданне было “апранута” ў цвёрдую вокладку, што, безумоўна, дадаткова ўпрыгожыла знешні выгляд кнігі, надало ёй трываласці для доўгага карыстання.
– Ведаю, як марыў Антон Францавіч аб выданні гэтай кнігі, – адзначыла С. У. Якаўлева, – як пільна ён збіраў матэрыял для яе. Змястоўная кніга будзе выкарыстоўвацца ў выхаваўчым працэсе. Нашы дзеці ўбачаць, колькі яшчэ новага, цікавага і неспазнанага побач. Спадзяёмся, што гэта падштурхне іх глыбей цікавіцца гісторыяй роднага краю, ганарыцца ім і заўсёды вяртацца на малую радзіму.
Час праляцеў імкліва. Аповед аўтара падчас прэзентацыі дапаўнялі вершы і песні ў выкананні навучэнцаў гімназіі Ганны Рубель, Кацярыны Гара, Вячаслава Мятлы, Паўла Казачонка і Канстанціна Круклінскага, хора вучняў 3 “Б” класа.
– Усё на свеце мае сэнс, сама зямля гаворыць з намі, – такімі словамі завяршыў прэзентацыю Антон Францавіч.
І пачуць яе, раскрыць шматлікія таямніцы і непаўторную прыгажосць роднага краю дапамогуць “Пуцявіны роднага краю”.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.
Где купить? Нужно несколько экземпляров.
Хотел бы приобрести эту книгу — она для меня имеет большую цену. Лично был знаком с автором в 90-х годах когда он только начинал работу над ней. Тогда мы жили в деревне Мотужи. С тех пор связь оборвалась. Сам я живу в Латвии. Очень хочу найти и самого Антона, и очень очень надеюсь ваша газета мне поможет. Спасибо.
Контактные телефоны для приобретения книги и связи с автором и издателем: МТС (029) 715 67 03, МТС (029) 216 42 49.