Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўнікамі і калектывамі буйнейшых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. У тэлестудыі прысутнічалі больш за 130 журналістаў, якія прадстаўляюць Белтэлерадыёкампанію, Другі нацыянальны канал, Сталічнае тэлебачанне, інфармагенцтва БЕЛТА, рэдакцыю газеты «Советская Белоруссия», выдавецкі дом «Звязда» і нацыянальны філіял міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «МІР».
Не факт, што ядзерная зброя
больш магутная
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка высока ацэньвае ролю СМІ ў сучасным свеце, дзе на першы план выходзяць не ўзброеныя сутыкненні, а інфармацыйныя войны. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі буйнейшых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.
«Сродкі масавай інфармацыі адным ударам могуць падмяць так, што становіцца страшна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Менавіта інфармацыйныя войны сталі адметнай рысай XXI стагоддзя. Сродкі масавай інфармацыі ператварылі ў зброю. І, ведаеце, гэта зброя больш магутная, чым ядзерная. Таму што малы зарад у выглядзе нейкай навіны імгненна ахоплівае ўсю планету. І па сіле знішчальнага ўздзеяння, не факт, што ядзерная зброя больш магутная», — адзначыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, у гэтых умовах галоўная задача, якую ставіць час, — гэта барацьба за розумы і душы людзей. «Калі мы не авалодаем розумамі і душамі беларусаў, мы суверэнную і незалежную краіну ў такім класічным выглядзе ніколі не пабудуем», — падкрэсліў ён.
Прэзідэнт адзначыў, наколькі насычана інфармацыйная прастора. «Прэса, тэлебачанне, інтэрнэт паглынаюць наш час і запаўняюць свядомасць. Любая інфармацыя распаўсюджваецца са скорасцю гуку. І пазітыўная, і негатыўная. І ўсё гэта ператварылася сёння ў інфармацыйную вайну. І мы гэта бачым паўсюдна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь — выключна мірная краіна.
На сучасныя формы работы
«Неабходнасць гэтай шчырай размовы наспела даўно. Падставай для сённяшняга мерапрыемства стаў пачатак новага этапу ў вашай дзейнасці — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Далей працаваць па-старому нельга. Я не хачу сказаць, што там усё было дрэнна. Без таго дрэннага і добрага не было б новага этапу», — падкрэсліў беларускі лідар.
Пры гэтым ён звярнуў увагу, што з’яўляецца прыхільнікам эвалюцыйнага працэсу. «Рэвалюцыі вельмі дарагія, затратныя і з цяжкімі наступствамі. Мы ўжо вычарпалі рэсурс рэвалюцый. Нам яны ўжо не патрэбны. Трэба эвалюцыяніраваць. Але тым не менш, як гаварыў класік, мы павінны стаяць на плячах мінулых пакаленняў і ўзяць адтуль усё лепшае», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Задача новага закона аб СМІ — абараніць людзей
ад дэструктыўнай інфармацыі
Гаворачы аб задачах, якія сёння стаяць перад сродкамі масавай інфармацыі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што частка з іх адлюстравана ў новым законе аб СМІ. У прыватнасці, размова ідзе аб развіцці айчыннага кантэнту на тэлебачанні. Пры гэтым сам закон, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, прызначаны «абараніць нашых людзей ад патоку неправеранай, непраўдзівай, дэструктыўнай інфармацыі».
Паводле слоў Прэзідэнта, сёння ўсё больш запатрабаванай становіцца якасная журналістыка з аўтарскай пазіцыяй, дакладнымі фактамі, глыбокай аналітыкай.
На яго думку, дастаць моладзь з тэлефонаў і камп’ютараў і прымусіць чытаць газету ўжо наўрад ці атрымаецца. «Але ў такім выпадку ў інтэрнэце мы павінны прапанаваць ім нешта цікавае, правільнае і аб’ектыўнае», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што адобрыў, каб у парламенце абмяркоўвалася пытанне змяненняў у закон аб сродках масавай інфармацыі з удзелам прадстаўнікоў СМІ. «Вы павінны для сябе зрабіць гэты закон. Калі ён да мяне паступіць, я хачу, каб вы былі задаволены гэтым законам. А калі і яны, якія мне задаюць гэта пытанне, — гэта для мяне шчасце. Няважна, што яны за мяне не галасавалі, але я Прэзідэнт усяго беларускага народа, і я гатовы ўлічваць усе інтарэсы», — сказаў беларускі лідар.
Ён падкрэсліў, што плануемыя змяненні неабходна абмяркоўваць. «Але галоўнае, каб усе працавалі ў роўных умовах, каб канкурыравалі. Нехта з вас выходзіць на экран і гаворыць адкрыта, сумленна. Усе бачаць, камусьці падабаецца, камусьці не… А чаму хтосьці хаваецца за нейкі кручок. Чаму ён у інтэрнэце адкрыта недзе не напіша і не паставіць свой подпіс. Чаго ты баішся?» — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заклікаў усіх адкрыта выказваць сваю пазіцыю і абмяркоўваць праект змяненняў у закон. Але разам з гэтым будзе захоўвацца кантроль за тым, каб не распаўсюджвалася інфармацыя тэрарыстычнага плана і заклікі або папулярызацыя іншых негатыўных працэсаў.
Роля дзяржавы ў медыясферы
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што дзяржава абавязкова павінна ўдзяляць увагу сродкам масавай інфармацыі, падтрымліваць іх.
«СМІ — гэта святое. І калі дзяржава можа трымаць у руках гэтыя СМІ — фінансуючы, падтрымліваючы і іншае, асабліва электронныя, — дзяржава гэта павінна рабіць. Гэта вельмі дзяржаўная справа. А калі прыватныя, то мы павінны так дамовіцца з прыватнікам, каб ён абавязкова выконваў сваю дамоўленасць», — заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што СМІ могуць як стварыць і падняць дзяржаву, так і ў міг яе разбурыць. «А калі мы дзяржаўнікі, мы павінны берагчы нашу дзяржаву. Іншага ў нас не будзе. І каштоўнасць наша будзе, нашага пакалення, калі мы ўмацуем сваю дзяржаву і дзецям перададзім», — адзначыў беларускі лідар.
Звяртаючыся да прадстаўнікоў тэлеканалаў, кіраўнік дзяржавы заклікаў і далей удасканальваць работу ў гэтым напрамку. Пры гэтым Прэзідэнт расказаў, што глядзіць на гэту работу ў тым ліку прафесійным поглядам, грунтуючыся на асабістым вопыце. «Я гляджу шмат каналаў, параўноўваю гэта ўсё. Некалі я гаварыў, што ў студэнцкія гады захапляўся фатаграфіяй і быў нават загадчыкам фоталабараторыі ў студэнцкія часы», — сказаў Прэзідэнт.
«Якасць ужо лепшая. Журналісты ў нас добрыя, шчырыя. Гэта дакладна, — адзначыў беларускі лідар. — Рабіце добрае тэлебачанне. У нас ёсць аснова для гэтага. І рабіце так, каб вас людзі бачылі, цанілі і паважалі. А для гэтага ў вас адна якасць павінна быць — сумленнасць і справядлівасць. Тэлебачанне павінна быць сумленным, каб яно адлюстроўвала жыццё», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Па матэрыялах БелТА.