Тэма тыдня

Тема недели

Форум «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх» праходзіў у Мінску 23-25 мая. Яго арганізатарам выступіла экспертная ініцыятыва «Мінскі дыялог». Мерапрыемства павінна пакласці пачатак штогадоваму адкрытаму і маштабнаму дыялогу паміж вядучымі экспертамі з Усходняй Еўропы, Еўрапейскага саюза, Расіі, ЗША і Кітая. Мінск прадастаўляе якасна новую пляцоўку для дыскусій аб сучасным і будучым рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі.
Сярод спікераў — генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, намеснік памочніка генеральнага сакратара НАТА па палітычных пытаннях і палітыцы бяспекі Джэймс Апатурай, экс-генсакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа, генеральны дырэктар сакратарыята Савета дзяржаў Балтыйскага мора Майра Мора, экс-старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ Крысцін Мутанен.
24 мая Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у форуме.

Значнасць Мінска як зручнай перагаворнай пляцоўкі ўзрастае 

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на міжнароднай экспертнай канферэнцыі «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх».
«Не выпадкова гэта мерапрыемства праходзіць у Мінску. Тут ужо традыцыйна прадстаўнікі розных краін і рэгіёнаў планеты могуць у абсалютна спакойнай абстаноўцы і поўнай бяспецы абмяркоўваць абсалютна любыя, нават самыя вострыя пытанні. Дзякуючы шматвектарнай знешняй палітыцы краіны, павазе да замежных партнёраў, устойліваму сацыяльна-эканамічнаму развіццю нашай дзяржавы ўзрастае яго значнасць як зручнай пляцоўкі для любых перагавораў», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў удзел у канферэнцыі экспертаў, вучоных і прадстаўнікоў краін Заходняй і Усходняй Еўропы, Расіі, ЗША і Кітая.
Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь унесла ініцыятыву аб неабходнасці пачатку новага маштабнага міжнароднага дыялогу па пытаннях бяспекі, які павінен быць накіраваны на пераадоленне існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах дзяржаў на агульнай прасторы Еўраатлантыкі і Еўразіі. «Не мае значэння, як ён будзе называцца — Новы Хельсінкскі працэс, «Хельсінкі-2» ці яшчэ як-небудзь. І не важна, дзе ён будзе праходзіць. І зусім не важна, хто тут ініцыіруе гэты працэс. Мы ўсе павінны яго ініцыіраваць, таму што мір даражэйшы за ўсё. Важна, каб такі дыялог пачаўся і яго вынікам стала рэальнае ўмацаванне міжнароднай бяспекі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Сучасныя міжнародныя адносіны нагадваюць сітуацыю перад Першай сусветнай вайной

«Вялікім геапалітычным ігракам пара задумацца пра стан сучасных міжнародных адносін, якія ўжо вельмі нагадваюць сітуацыю перад Першай сусветнай вайной, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — У ліку яе прычын Федэральны прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер назваў «хісткасць фундаменту» адносін паміж вялікімі дзяржавамі, а таксама «адсутнасць волі і інструментаў для фарміравання даверу і мірнага балансу інтарэсаў».
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што некаторыя палітыкі ўжо забылі і жахі Другой сусветнай вайны, якая скончылася не так даўно.
«Вялікія дзяржавы, прызначаныя быць надзейнымі гарантамі стабільнасці, сёння не могуць прыйсці да адзінага меркавання ні па адным з сур’ёзнейшых пытанняў. З аднаго боку, яны гавораць пра важнасць захавання архітэктуры сучаснай бяспекі, а з іншага — не пакідаюць спроб абысці вета ў Савеце Бяспекі ААН», — канстатаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што паміж Захадам і Расіяй набіраюць абароты санкцыйнае і інфармацыйнае проціборства, гандлёвыя войны. Нагнятаецца сітуацыя паміж ЗША, ЕС і Расіяй, у што ўцягваюць і Кітай. Актыўна раскручваецца махавік гонкі ўзбраенняў.
Прэзідэнт адзначыў, што важнейшай адметнасцю сённяшняй сітуацыі з’яўляецца непрадказальнасць, калі нават так званыя чырвоныя лініі ўжо нікога не спыняюць.
Акрамя таго, разам з беспрэцэдэнтным ростам тэрарызму і колькасці рэгіянальных канфліктаў, магутнымі сацыяльна-эканамічнымі дысбалансамі, фундаментальнымі пагрозамі дэмаграфічнага і экалагічнага характару з’яўляюцца новыя выклікі, якія «муціравалі». У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы ўпамянуў электронныя і лічбавыя метады, якія выкарыстоўваюцца ў палітычнай барацьбе і медыяпрасторы, кіберуздзеянне.

Еўропа можа паказаць прыклад у вырашэнні пытанняў паміж Усходам і Захадам

«Калі сёння вялікія дзяржавы не могуць дамовіцца паміж сабой, то гэта не азначае, што ўсе астатнія краіны павінны сядзець моўчкі і чакаць іх указанняў. Упэўнены, што Еўропа можа і павінна паказаць прыклад у вырашэнні пытанняў, існуючых паміж Усходам і Захадам. Стаць месцам урэгулявання злабадзённых праблем. Перш за ўсё такіх, як украінскі крызіс», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, цалкам відавочна, што многія ранейшыя рэцэпты глабальнага і рэгіянальнага кіравання, пераадолення канфліктаў і натуральных супярэчнасцей ужо не прыдатныя.
У сувязі з гэтым ён прывёў шэраг прыкладаў: Блізкі Усход, Сірыя, Украіна. Няпроста складваецца абстаноўка вакол Паўночнай Карэі. «Зноў закручваецца небяспечны вузел вакол пагаднення па іранскай ядзернай праграме. Паказальна, што не толькі Расія, наш саюзнік, але і Еўрасаюз бачаць пагрозы для бяспекі ў гэтым рэгіёне ў сувязі з парушэннем існуючых дамоўленасцей», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Адным з ключавых кампанентаў бяспекі быў і застаецца эканамічны 

«Для Беларусі адным з ключавых кампанентаў бяспекі быў і застаецца эканамічны. Гэты кампанент павінен быць пакладзены ў аснову ўсяго. Будзе развівацца эканоміка ў дзяржавах, будуць мець людзі рабочае месца, а значыць, і хоць нейкія даходы для таго, каб задаволіць свае патрэбнасці і сваёй сям’і, — будзе мір. Гэты падыход мы мэтанакіравана падтрымліваем на ўсіх узроўнях, уключаючы АБСЕ», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт лічыць, што для забеспячэння неканфрантацыйнага і ўстойлівага развіцця рэгіёна на фоне ўзрастаючага геапалітычнага процістаяння многія дзяржавы недаацэньваюць рэалізацыю шматузроўневых інтэграцыйных праектаў.
«Знаходзячыся на стыку Еўразійскага і Еўрапейскага саюзаў, Беларусь асабліва зацікаўлена ў іх узаемным збліжэнні. Трэба пераходзіць ад абстрактных размоў да канкрэтнага ўзаемадзеяння. Агульных інтарэсаў вельмі шмат: у эканоміцы, энергетыцы, экалогіі, гуманітарным супрацоўніцтве, транспарце, лагістыцы, у барацьбе з нелегальнай міграцыяй, трансгранічнай злачыннасцю, наркаманіяй, гандлем людзьмі і гэтак далей», — прывёў прыклады кіраўнік дзяржавы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *