Як мясцовыя ініцыятывы ўплываюць на развіццё горада

Актуально Наш край

У Верхнядзвінску адбылося ток-шоу, якое правялі актывісты грамадзянска-культурнай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. У ім удзельнічалі супрацоўнікі райвыканкама,  спецыялісты культуры, адукацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сацыяльнай сферы,  аховы здароўя і навакольнага асяроддзя. Яны выказалі свае думкі аб тым, як арганізаваць работу па добраўпарадкаванні роднага горада. 

DSC00553
Работа над ажыццяўленнем праекта «Утульны дворык».

Тэма для нас асабліва актуальная: Верхнядзвінск рыхтуецца да вялікай падзеі — абласнога фестывалю працаўнікоў вёскі “Дажынкі – 2018”. Ёсць магчымасць значна палепшыць камфартабельнасць жыцця за кошт істотных укладанняў з бюджэту. Але яны будуць тым больш эфектыўнымі, калі ўдзел у работах прымуць усе жыхары горада.
Каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Віцебскай вобласці Улад Булаўскі паказаў прэзентацыю яе сайта і пазнаёміў з дзейнасцю суполкі. Рассказаў аб праводзімых мерапрыемствах, спосабах аб’яднання аднадумцаў, ініцыятывах па ўпрыгожванні і наведзенні парадку.
— Верхнядзвінск – горад, у якім знаходзіцца самы высокі мост у Беларусі, адзін з найлепшых пляжаў і вядомы за межамі краіны сырны брэнд, — адзначыў мадэратар мерапрыемства. – Менавіта гэтыя асаблівасці трэба развіваць і выводзіць на новы ўзровень. Сённяшнія парады змогуць дапамагчы ў напісанні праектаў і, магчыма, атрыманні грандаў на іх рэалізацыю.
Улад Булаўскі прадставіў сваіх памочнікаў — рэгіянальнага каардынатара Настассю Дашкевіч, браслаўскага актывіста Галяша Сяляву, фотакарэспандэнта Алеся Пілецкага.
Кіраўнік грамадскага аб’яд-нання “Самакіраванне і грамадства” ў Верхнядзвінску Валянціна Болбат адзначыла, што мясцовыя актывісты таксама не застаюцца ўбаку ад работы па добраўпарадкаванні роднай мясціны. У мінулым годзе аднадумцы аб’яднання з ліку мясцовых жыхароў пры падтрымцы ЖКГ працавалі над праектам “Утульны дворык”. Зрабілі пляцоўку для адпачынку ў новым мікрараёне горада, пабудавалі пясочніцу, пасадзілі дрэвы, а ў хуткім часе плануюць устанавіць дарожныя знакі, каб дзеці маглі вывучаць правілы дарожнага руху. Валянціна Васільеўна адзначыла, што патэнцыял мясцовых актывістаў яшчэ не раскрыты, і варта прыдумваць новыя справы, каб “разварушыць” жыхароў горада.
Сёлета ў планах добраўпа-радкаваць месца каля штучнага возера ў мікрараёне Гейжанава. Тут з’явяцца пляцоўка, прыступкі, устаноўлены ўжо домікі для птушак, альтанкі і высаджана алея. Для дзяцей аб’яўлены конкурс малюнкаў беларускіх казачных герояў.
Ініцыятар праекта падзякавала мясцовым уладам за падтрымку ідэй і дапамогу ў іх рэалізацыі.
Рэгіянальны каардынатар Настасся Дашкевіч расказала прысутным аб тым, як кампанія можа дапамагчы на мясцовым узроўні.
На мерапрыемстве пры-сутнічала старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ф. Козел, якая адзначыла, што вельмі важна, калі ініцыятыва зыходзіць ад людзей, і яны самі жадаюць зрабіць сваю мясцовасць прыгожай і ўтульнай. У такім выпадку справа ладзіцца, а ўлада заўсёды гатова падтрымаць карыснае пачынанне.
Галяш Сялява падзяліўся сваім вопытам арганізацыі мерапрыемстваў і наладжвання камунікацый з жыхарамі: “Браслаў і Верхнядзвінск вельмі падобныя гарады, — адзначыў ён. — Можна браць гатовыя праекты, ужо рэалізаваныя ў Браславе, і прымяняць іх у вашай мясцовасці”.
Падчас дыскусіі былі закрануты пытанні лакальных брэндаў: узгадалі Глыбокае з “Вішнёвым фэстам”, Шаркаўшчыну з “Яблычным”, Лепель з “Цмокамі”, фестываль “Viva Braslav” і міжнародны праект Верхнядзвіншчыны “Двина-Дзвіна-Даўгава”.
Атрымалася зацікаўленая размова аб стварэнні праектаў, брэндаў і прыцягненні турыстаў да маляўнічых краявідаў Верхнядзвіншчыны. Удзельнікі сустрэчы адзначалі, што падобныя гутаркі дапамагаюць абменьвацца вопытам, інфармацыяй і кантактамі. А як вынік – знаходзіць рашэнні для сваіх ідэй.
На заканчэнне Улад Булаўскі расказаў аб “Кірмашы праектаў для гарадоў Віцебскай вобласці”. Гэта, свайго роду, урок аб тым, як правільна рыхтаваць прэзентацыі праектаў, на якія аспекты трэба звяртаць увагу. Свае ідэі аб паляпшэнні інфраструктуры горада можа даслаць любы зацікаўлены чалавек на электронную пошту razam@budzma.by
Наступную прэзентацыю ідэй арганізатары плануюць правесці ў Полацку.
Падводзячы вынікі сустрэчы, намеснік старшыні райвыканкама Т.В. Севалкіна адзначыла, што ў Верхнядзвінску падтрымліваюць ідэі актывістаў, гатовыя да супрацоўніцтва і будуць дапамагаць у рэалізацыі праектаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *