Аграрыі самага паўночнага раёна завяршаюць уборку і вядуць сяўбу азімых

Дожинки Экономика

Нягледзячы на тое, што для многіх сельгаспрадпрыемстваў жніво ўжо закончана, раслабляцца яшчэ рана. У КУВСГП “Каханавічы” на парадку дня – сяўба.

(Злева направа) Ю. Чарвінскі, В. Аднапол, А. Казлоў і І. Сушчэвіч.
(Злева направа) Ю. Чарвінскі,
В. Аднапол, А. Казлоў і І. Сушчэвіч.

Сёлета каханаўцы ўзнялі планку – нацэліліся як мінімум на паўтары тысячы гектараў азімых зерневых. А калі ўдасца, то пасеюць і ўсе дзве тысячы! Аднак забягаць наперад аграрыі не любяць.
Ва ўрочышчы Чырвонцы сеюць 184 гектары азімай пшаніцы. Для вопытных механізатараў Ігара Сушчэвіча, Юрыя Чарвінскага і Валерыя Аднапола работы дні на тры. Насенне падвозіць Аляксандр Чарноў, рыхтуюць глебу Іван Кукса і Яўген Сушчэвіч. Вядуць ворыва Васіль Мароз, Фёдар Кураш, Іван Жук і Васіль Пільнік.

(Злева направа) А. Чарноў і Я. Сушчэвіч.
(Злева направа) А. Чарноў і Я. Сушчэвіч.

Як расказаў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Казлоў, свайго насення хопіць і на дзве тысячы гектараў. Тым больш, што 80% яго збераглі з мінулага года. Упершыню апрабіруюць пшаніцу гатунку “Ода”, якую пакуль ніхто ў раёне не сеяў.
— Як пачаўся прыпар, ні на хвіліну не спынялі работу, — гаворыць Аляксандр Валер’евіч. – Скончылі жніво, намаліцілі 4601 тону зерня. Перавыканалі дзяржзаказ – здалі 790 тон. Чакаем, пакуль даспее яравы рапс – засталося ўбраць 550 гектараў. Хутка справіліся і з сяўбой азімага рапсу. Своечасова пасеялі 480 гектараў крыжакветкавых, што на 80 га больш мінулагодняга. З іх 410 гектараў заняў рапс, а 70 – азімая сурэпіца. Яна паспявае хутчэй рапсу і не такая затратная, хаця і ўраджайнасць дае меншую. Паспрабуем сёлета папрацаваць з гэтай культурай.
Працягваецца нарыхоўка кармоў. Сёлета ў сельгаспрадпрыемстве адышлі ад традыцыйных культур і дадалі ў рацыён буронкам проса, рэдзьку, пайзу. Назапасілі 14,5 тысячы тон сенажу, што на 2 тысячы больш патрэбнага.
У дбайных гаспадароў работа спорыцца. А з такімі вынікамі не сорамна сустракаць і “Дажынкі”.
Ксенія КАВАЛЁНАК.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *